Меню
Курс $  3.28 | €  3.61 | ₽100  3.15 |
Погода 3 °C

Пра Міхаіла Сеўрука, маленькіх мастакоў, “пленэр”, “мануфактуру” і “Кукрыніксы”

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 2

Пост опубликован: 15.03.2020

У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы прайшло адкрыццё выставы работ навучэнцаў Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў з фондаў Міждзяржаўнага дзіцячага конкурсу-пленэру імя Міхаіла Сеўрука “Вандроўка з фарбамі па Нясвіжы і ваколіцах”, які быў прымеркаваны да 115-годдзя з дня нараджэння мастака.

Выстава работ чакала наведвальнікаў у канферэнц-зале бібліятэкі. На адкрыцці прысутнічалі навуковы супрацоўнік Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея Таццяна Бірукова, дырэктар Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў Ядвіга Туркова, загадчык мастацкага аддзялення школы Марына Канавалава і школьнікі Нясвіжа.

Шмат цікавай інфармацыі паведамілі дзецям навуковы супрацоўнік Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея Таццяна Бірукова
і загадчык мастацкага аддзялення Нясвіжскай дзіцячай школы
мастацтваў Марына Канавалава

Гледзячы на карціны, адчуваеш спакой і гармонію, захапляешся спалучэннем дэталей, колераў і разумееш, што аўтар вельмі пазітыўны чалавек, бо фарбы перадаюць адпаведную лёгкасць. Ці чапляешся зрокам і спрабуеш разгадаць схаваныя вобразы. А адна з карцін быццам перадае ўнутранае напружанне, экспрэсію перажыванняў. Усе работы былі вельмі рознымі, але запамінальнымі. Адны паказвалі легенды Нясвіжа, другія, напісаныя з натуры, — дапамагалі дакрануцца да аб’ектаў гісторыі. Узрост аўтараў — таксама розны. Тут ёсць малюнак 6-гадовай дзяўчынкі, дзе жанчына палівае дрэўцы, і работы больш дарослых аўтараў — 11 і 14 год.

Дзеці з цікавасцю знаёміліся з выставай

Цікавыя звесткі пра вядомага беларускага мастака прыводзілі Таццяна Бірукова і Марына Канавалава. Марына Пятроўна, напрыклад, успомніла, што расказвалі пра Міхаіла Канстанцінавіча Сеўрука людзі, якія былі з ім знаёмыя, — як ён, вітаючыся, заўсёды здымаў капялюш, наколькі ветлівым быў. Расказала Марына Канавалава і якую М.К. Сеўрук атрымаў выдатную адукацыю ў Вільні (зараз — Вільнюс), і кім былі яго настаўнікі, якія, у сваю чаргу, вучыліся ў праслаўленых майстроў. Марына Пятроўна не толькі расказвала дзецям пра прадстаўленыя работы і пра самога Сеўрука, але і простымі словамі тлумачыла паняцці, якія ўжывала падчас размовы, і якія маглі быць незнаёмымі юным наведвальнікам. Напрыклад, “пленэр”, “мануфактура”, “Кукрыніксы” (псеўданім трох мастакоў, якія малявалі адначасова).

Некаторыя з работ, якія змешчаны на выставе

Напрыканцы цікавай сустрэчы дзеці натхнёна расказвалі, якія з работ іх найбольш уразілі. Нездарма маляванне яшчэ зусім нядаўна было абавязковым элементам развіцця чалавека, які ўмее разважаць. Бо тое, што мы робім рукамі, развівае разумовую структуру.

Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!