Меню
Курс $  3.27 | €  3.55 | ₽100  3.17 |
Погода -0 °C

Віртуальныя войны перад Днём Перамогі

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Пост опубликован: 18.01.2020

Як педагог вельмі добра ўсведамляю, што сёння  войны  працягваюцца не толькі ў “гарачых” кропках планеты Зямля, але і ў нашай свядомасці. Шмат такіх войнаў вядзецца віртуальна. Спачатку дзецям прапануюцца ў інтэрнэце гульні-“стралялкі”, а затым ужо  актыўна заморскія дзядзькі падключаюць падрастаючае пакаленне да інфармацыйнай прапаганды зла, насілля. А крывая інфармацыя калечыць душы і мазгі.

Сучасныя дзеці, на жаль, вымушаны чэрпаць веды пра вайну з вельмі негатыўных і хлуслівых  крыніц. Камп’ютарныя гульні, дзе юны карыстальнік сам выбірае, камандаваць яму савецкімі войскамі, вайсковымі фарміраваннямі саюзнікаў або  стаць нацысцкім палкаводцам, толькі шкодзяць высакароднай справе патрыятызму.  А ў многіх  перадачах ТВ аўтары ў пагоні за сенсацыямі не грэбуюць хлуснёй і правакацыямі.

У XIX стагоддзі педагогам, ветэранам, усім неабыякавым і разумным людзям становіцца ўсё цяжэй весці бітвы за Памяць. На плячах настаўніцтва, усіх неабыякавых людзей, шматлікіх грамадскіх і мала-дзёжных арганізацый велізарная адказнасць перад франтавікамі, якіх, на жаль, з кожным годам усё менш і менш. Дарэчы, англійскі прэм’ер-міністр Уінстан Чэрчыль у свой час красамоўна заўважыў: “Школьныя настаўнікі валодаюць уладай, пра якую прэм’ер-міністрам даводзіцца толькі марыць”. Бо менавіта настаўнікі, асабліва гісторыі, літаратуры вырашаюць цяжкую задачу фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, пачуцця грамадзян-скасці і патрыятызму ў новых пакаленняў. У гэтай сувязі цяжка пераацаніць значнасць ролі, якую адыгрывае вывучэнне Вялікай Айчыннай вайны ў школе, вну.

Раней ветэранаў актыўна запрашалі ў вучнёўскія, студэнцкія аўдыторыі. Сёння гэта рабіць праблематычна: ветэраны хоць і ў страі, аднак зда-роўе ўжо не тое. З намі заста-ліся  іх успаміны, выступленні, дакументальныя кнігі пра вайну. Можна, канешне,  знаходзіць прычыны, што ўплываюць адмоўна на выкладанне гісторыі вайны. Гэта і скарачэнне гадзін, і  доўгі пераходны перыяд стварэння нармальных школьных падручнікаў, ды і само па сабе аддаленне драматычных  падзей у дзесяцігоддзях гісторыі  таксама нельга не ўлічваць. У гэтым жудасным цэйтноце педагогам даводзіцца дэманстраваць літаральна цуды арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу для таго, каб навучэнцы ўсё ж змаглі  ўсвядоміць месца і ролю Вялікай Айчыннай  не толькі для нашага народа, але  і для  ўсяго чалавецтва. Дзяржаўным структурам, шматлікім грамадскім арганізацыям і бізнес-супольнасці таксама  нельга ўхіляцца ад выканання сваіх абавязкаў па садзейнічанні працэсу выхавання маладога пакалення.

На жаль, у многіх маладых людзей так і не склалася  асабліва чуллівае, трапяткое стаўленне да тых крывавых падзей, да франтавікоў. На змену гэтаму прыйшлі адыходы ад гістарычнай праўды. У іншых краінах руйнуюцца помнікі пераможцам, тым самым байцам і афіцэрам Чырвонай Арміі, што прынеслі свету вызваленне ад карычневай чумы. Дзікунства, але ў выніку —  для многіх  школьнікаў, студэнтаў вайна стала  проста эпізодам учарашняй гісторыі.

Мне хацелася б прывесці словы Уладзіміра Рубіна, франта-віка-танкіста, які прайшоў доўгі  шлях дарогамі вайны: “Такой вайны ніколі не было раней. Гэтая вайна была вайной дабра і зла. Гераізм нашага народа ў тым, што ён быў гатовы на любыя ахвяры для выратавання чалавецтва”.

А сёння сучасныя дзеці нават не могуць растлумачыць, чаму вайна займела назву Айчыннай, не могуць назваць гады вайны, не ведаюць, колькі чалавек загінула, не могуць асэнсаваць ролю партызанскай Беларусі ў Вялікай Перамозе.  Застаюцца ў кнігарнях не запатрабаванымі кнігі пра вайну. А беларуская, руская літаратура надзвычай  багатыя на ваенныя  творы. Нават многа аўтараў, маладосць якіх прыпала на час  жудаснай трагедыі.  Былыя лейтэнанты Канстанцін Сіманаў, Юрый Бондараў, Васіль Быкаў, Рыгор Бакланаў, Віктар Астаф’еў напісалі самыя праўдзівыя кнігі пра апошнюю вайну.  А назва кнігі Р. Бакланава “Навекі дзевятнаццацігадовыя” —  своасаблівы рэквіем па тых хлопцах, дзяўчатах, што не змаглі вярнуцца дахаты…

Нельга забываць, што вайна пакінула крывавы след у гісторыі беларускага народа, літаральна ў кожнай сям’і. Хтосьці памёр на полі бою, нехта ўжо потым — ад франтавых ран, многія  засталіся інвалідамі. Жудасна, што ў многіх нашчадкаў знікае з памяці  слова  “вайна”.  А калі забываеш сваё мінулае, яно абавязкова  паўторыцца. Хутка наогул  не застанецца ні ўдзельнікаў, ні сведкаў Вялікай Айчыннай.

Нельга забываць, што гісторыя — гэта калектыўная памяць народа, аснова яго самасвядомасці, яго  культуры. Сэнс існавання народа, па словах акадэміка Дзмітрыя Ліхачова, складаецца менавіта ў стварэнні яго ўласнай унікальнай і самабытнай культуры, яе захаванні і перадачы найбольш значных каштоўнасцей новым пакаленням. Калі ацэньваць ролю і месца Вялікай Перамогі, то справядліва сказаць, што разгром фашызму — гэта не проста сусветнае ваеннае дасягненне, але і ключавы момант у станаўленні і захаванні сусветнай  культуры.

Да нашага падрастаючага пакалення звернуты рэальныя і віртуальныя злачынныя памкненні многіх псеўдапалітыкаў з блізкага і далёкага замежжа, шырокага фронту ілжывых навукоўцаў, што займаюцца фальсіфікацыямі. Усё робіцца для таго, каб ачарніць не толькі Вялікую Перамогу, яе творцаў, але і наша мірнае пасляваеннае жыццё. 

Вялікая Перамога сёння  патрабуе не толькі далейшага навуковага асэнсавання, але і дбайнай абароны ад апаганьвання і забыцця. Мы  адказваем за гэта  не толькі перад  ветэранамі, але і перад мільёнамі загінуўшых у самай крывавай бойні ў гісторыі чалавецтва. І перад Праўдай, якая адна.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

г. Віцебск.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!