Імклівы час усё хутчэй нясе нас да Новага года, і чым бліжэй гэта свята, тым больш мы пачынаем задумвацца, чым жа нам парадаваць сваіх родных ці сяброў, што ім падарыць так, каб гэта было арыгінальна, прыгожа, а па магчымасці — і карысна?
Адказ на гэта пытанне можна знайсці ў магазіне “Кветкі і падарункі”, што месціцца паблізу Нясвіжскай аўтастанцыі і “глядзіць” сваімі дзвярамі і вокнамі на пляцоўку, куды прыбываюць аўтобусы. Сёлета гэты гандлёвы аб’ект адзначыў свой 11-ы “дзень нараджэння”, заваяваўшы за гэты час трывалую папулярнасць сярод пакупнікоў і іх сапраўдную любоў. Сюды прыходзяць не толькі для таго, каб проста купіць упадабаную рэч ці букет кветак, але і каб хаця б на некалькі хвілін апынуцца ў свеце чароўнай казкі, радасці і прыгажосці.
У пастаянным асартыменце “Кветак і падарункаў” — кера-мічны, фарфоравы і шкляны посуд самых розных вытворцаў — уключаючы і суседнія Украіну і Расію, і больш далёкую Чэхію з яе вытанчаным багемскім шклом, разнастайныя сувеніры на ўсе густы, арыгінальныя гадзіннікі, рамкі для фотаздымкаў і многае іншае. Асаблівае месца займаюць, вядома ж, кветкі — як айчыннага паходжання, так і прывезеныя з Галандыі. Свежыя, жывыя, сакавітыя, яны нібыта вядуць гутарку з людзьмі на сваёй кветкавай мове, у якой замест слоў гавораць колеры і формы.
Аднак гэтымі перадсвяточнымі днямі калектыў магазіна на чале з яго гаспадыняй Ірынай Крук здолеў яшчэ больш, чым звычайна, здзівіць пакупніка, прымусіўшы яго акунуцца ў казку, што называецца “з галавой” — у сапраўдным за-снежаным лесе, напоўненым навагоднімі цацкамі, каляднымі сімваламі і бляскам далікатных агеньчыкаў, пачуццё рэальнасці губляецца амаль цалкам. Калі ж дадаць сюды абаяльныя ўсмешкі прадаўцоў і самой гаспадыні, то становіцца зразумелым, чаму ўвайсці сюды лягчэй, чым выйсці. Выходзіць проста не хочацца. А каб пачуццё казкі засталося з наведвальнікамі назаўсёды, у магазіне ўладкавана фотазона, дзе кожны жадаючы можа бясплатна зрабіць здымак на памяць на фоне ўтульнага куточка з заснежанымі елачкамі, навагоднім гадзіннікам і свечкамі, што гараць, нібы сапраўдныя.
Аформлена і спецыяльная святочная вітрына, дзе сабраны фігуркі з каляднай батлейкі, прысвечаная асабліваму перыяду для вернікаў каталіцкай канфесіі — Адвэнту, які папярэднічае Калядам і сёлета вядзе свой адлік з 1 снежня.
Асобнага слова заслугоўваюць навагоднія цацкі, прадстаўленыя ў магазіне — шкляныя і пластыкавыя, гладкія і рэльефныя, суцэльныя і ажурныя, яны лашчаць вока такімі пяшчотнымі адценнямі колераў, што на іх можна глядзець бясконца.
Як патлумачыла сама Ірына Францаўна, сёлета яе дачка Алёна пабывала на курсах па навагоднім упрыгажэнні памяшканняў, дзе пазнаёмілася з апошнімі тэндэнцыямі ў гэтай справе. Новыя ідэі і былі ўвасоблены ў жыццё пры афармленні магазіна. Гэта, напрыклад, выкарыстанне для ўпрыгожвання ёлачак мяккіх цацак, рознакаляровых птушачак і матылькоў. Нават вершалінкі на галоўных сімвалах Новага года аформлены незвычайна — не традыцыйнай адзіночнай цацкай, а арыгінальным “букетам” з розных галінак.
Аднак нездарма кажуць — лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Прыходзьце і ўпэўніцеся ва ўсім самі. Як і ў тым, што меў рацыю той мудрэц, які сказаў: “Шчаслівы той, хто займаецца кветкамі, бо кветкі — гэта часцінка раю на зямлі”. І ад таго, што ў “Кветках і падарунках” гэты рай цяпер зімовы, ён ніяк не менш прывабны. Наадварот, яшчэ больш казачны і таямнічы, поў-ны спадзяванняў на навагодні цуд.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.