У школах раёна ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Школа актыўнага грамадзяніна» (ШАГ) штомесяц праходзіць адзіны дзень інфармавання. 28 лістапада ў СШ № 3 г. Нясвіжа ён адбыўся ў форме «Адкрытага дыялогу» для вучняў 8, 9, 11 класаў на тэму: «Незалежная і квітнеючая Беларусь. Мы зрабілі гэта разам».

Старшыня Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Ломскі падчас сустрэчы з навучэнцамі СШ № 3 г. Нясвіжа
У якасці гасцей удзел у ім прынялі старшыня Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Ломскі і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алена Клішэвіч. Правяла мерапрыемства намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 3 Ірына Аскірка.
Прысутныя паглядзелі відэаролікі, падрыхтаваныя Агенцтвам тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі ў рамках спецыяльнага праекта «Мы зрабілі гэта разам». На занятку былі абмеркаваны такія паняцці, як суверэнітэт і незалежнасць. Госці і навучэнцы гутарылі аб маштабных сацыяльных і прамысловых аб’ектах, дасягненнях сучаснай Беларусі ў розных сферах, перспектывах развіцця нашага рэгіёна, маладзёжнай палітыцы, міжнародным супрацоўніцтве. Школьнікі з гонарам дзяліліся сваімі поспехамі ў навуцы, культуры, спорце. Дыялог атрымаўся змястоўным і па-сяброўску цёплым.
На развітанне госці выказалі словы ўдзячнасці за мерапрыемства, падзякавалі за дасягненні.
— Дзякуй за сённяшнюю сустрэчу, за адкрытую размову. Хачу пажадаць вам здароўя, дабрабыту, поспехаў, самарэалізацыі. Будзьце актыўнымі і мэтанакіраванымі і, канешне, не спыняйцеся на дасягнутым. Дасягайце новых вяршынь, крочце толькі наперад. За вамі будучыня! — сказаў Аляксандр Ломскі.
— Сёння вы ўразілі ўменнем гаварыць і думаць, даваць ацэнку таму, што адбываецца, — адзначыла, звяртаючыся да вучняў, Алена Клішэвіч. Вы вельмі моцныя рабяты, вялікі дзякуй вам за гэта.
Вольга КАНДРУКЕВІЧ.