Наведвальнікі нашага аддзялення — не па гадах цікаўныя і энергічныя людзі. Хоць і для іх час ад часу патрэбна пэўная тэрапія. Ды найлепш, калі гэта будуць не медыцынскія працэдуры і лекі, а яркае ўлонне прыроды, халаднаватае паветра, даляглядная прастора, цікавая размова ды новыя ўражанні. Маршрут такой ландшафтатэрапіі падказала нам Станіслава Вальчык — актыўная сяброўка нашага цэнтра, якая і бавіць час тут любіць, і літаратурна-гістарычныя заняткі правесці не адмовіцца. Як даведаліся ад яе, яшчэ дзесяць гадоў таму такі маршрут распрацавала краязнаўца Наталля Плакса. Дарэчы, раённая газета ў свой час грунтоўна распавядала пра яго. А нядаўнія святы — нараджэнне Найсвяцейшай Багародзіцы, Дзень маці — сталі добрай нагодай, каб адправіцца ў аздараўленча-пазнавальную вандроўку.

Сядзіба Абуховічаў — узорны прыклад колішняга
размяшчэння жыллёва-гаспадарчага комплексу
Маршрут экскурсіі “Вытокі матчынай любові” ўключаў чатыры цікавыя мясціны нашай нясвіжскай зямлі: парк Альба, помнік прыроды Беларусі дуб Якуб, двор Абуховічаў у Вялікай Ліпе і рэшткі гістарычнай сядзібы ў Завушшы. Экскурсаводы (а імі акурат і выступілі тыя ж Станіслава Вальчык і Наталля Плакса) запоўнілі некалькі сонечных гадзін на ўлонні прыроды гістарычнымі экскурсамі, краязнаўчымі прыгадкамі, літаратурнымі хвілінкамі і ўзорнай роднай мовай.
На думку Наталлі Васільеўны, не апошняе месца належала наведнікам нашага аддзялення. “Дзякуючы самім удзельнікам — людзям з вялікім жыццёвым вопытам і ведамі, — адзначыла яна, — маршрут наш атрымаўся глыбока пазнавальным, з гістарычным і моўным ухілам. Захопленыя зместам вандроўкі, ураджэнцы Лявонавічаў успа-міналі свайго земляка Сяргея Новіка-Пяюна, знаўцы прыроды падказвалі асаблівасці гадавання дубоў, выхадцы з Малева прыгадвалі вясковыя тапонімы. Хто запрашаў на прэзентацыю гістарычнай кнігі, хто цікавіўся календарамі серыі “Маляўнічая бацькаўшчына”. Адным словам, узбагаціліся ўсе — і экскурсанты, і экскурсаводы — дый напоўніцу надыхаліся родным паветрам, налюбаваліся даляглядамі маці-зямлі.

“Зямлі нясвіжскай старажылы нам баяць казкі даўніх дзён пра дуб Якуб…”
Наталля Дзігмунтовіч,
загадчык аддзялення
забеспячэння дзённага
знаходжання для грамадзян сталага ўзросту НРТЦСАН.
Są miejsca na Ziemi Nieświeskiej,w których nie byłam .Dziękuję za reportaż i myślę sobie,że podczas następnego pobytu członków Stowarzyszenia Nieświeżan z Polski, poprosimy panią Natalię Płaksa, by pokazała nam te urokliwe zakątki i była naszym przewodnikiem. Sądzę,ze nie odmówi!! Pozdrawiam.
Дзякуй, шаноўны Стась за добры верш — яшчэ адзін твор у паэтычны летапіс Нясвіжа. Варта праводзіць такія экскурсіі і пісаць пра іх, калі з’яўляюцца такія каметары.
І КОЛАСА ўзгадалі да месца, акурат жа КАЛАСАВІНЫ.
Нясвiж — наш Парыж!
Станислав Шастак
Нясвіж. Дзівосных дрэваў шаты
Каштанаў і кляноў заміж.
Скрозь голле легка ў неба ўзняты
Дом Радзівілаў — наш Парыж!
Скарбонка нашае культуры:
Палацы, храмы, кляштары,
Ангельскі парк — кусок натуры,
Той старадаўняе пары.
Гняздо былое Радзівілаў,
Дзе у манаскім кляштары
Ў друкарні Будны ведаў сілу
Тварыў для лепшае пары!
Твой божы дом Дамініканаў
Быў домам хлопчыку з Альбуці
Ўзняласа яго зорка рана
Каб свет аб нас з ім змог пачуці.
Падараваў ты яму голас
І дум няўрымслівы палет,
Каб расказаў нам Якуб Колас
Усе, што думае народ.
Каб загучала наша мова,
Між прэзідэнтаў, каралёў,
Каб »Новую зямлю» нанова
Чытаў і разумеў народ.
Каб граў ізноў »Сымон-музыка»
І рэй грунтоўны вёў Талаш,
І знала ўся Зямля вяліка,
Што Колас — ён Міцкевіч наш!