Машыніст экскаватара Віктар Гецман — адзін з вопытнейшых работнікаў ДУП ПМК-218 “Мінскаблдарбуд”. Сёлета спаўняецца 41 год, як Віктар Аляксеевіч працуе ў гэтай арганізацыі пасля заканчэння Смілавіцкага вучылішча меліярацыі па спецыяльнасці “экскаватаршчык”. Цяжка пералічыць, колькі сельскагаспадарчых пабудоў і жылых дамоў было ўзведзена з яго ўдзелам.
— З нас, экскаватаршчыкаў, усё пачынаецца, — з усмешкай гаворыць мой суразмоўца. — Аснова будынка — фундамент, а каб яго паставіць, трэба выбраць грунт. Не абысціся без экскаватара і пры пракладцы камунікацый да аб’ектаў. Раней мы больш будавалі на вёсцы, а апошнія гады дабавілася работы і ў горадзе — многія шматкватэрнікі ўзводзілі менавіта мы.
Работу сваю Віктар Аляксеевіч любіць, тэхніку даглядае, як кажуць, не за страх, а за сумленне — яго экскаватар верна служыць свайму гаспадару ўжо 10 гадоў. А ў тую хвіліну, калі быў зроблены здымак, ён якраз збіраўся выязджаць на будоўлю 8-кватэрнага дома па вуліцы Дастаеўскага ў Нясвіжы.
Мой суразмоўца за свой шматгадовы працоўны шлях заваяваў павагу і аўтарытэт у калектыве, у свой час абіраўся дэпутатам гарадскога і раённага Савета дэпутатаў, адзначаўся ўзнагародамі рознага ўзроўню. А сёлета з нагоды прафесійнага свята В.А. Гецман удастоены Ганаровай граматы УП “Мінскаблсельбуд”.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.