Час доўгіх летніх дзён і кароткіх начэй, час збору лекавых зёлак, час неверагодных цудаў і здзяйснення самых патаемных мрыяў. Усё гэта Купалле — свята, якое любяць, традыцыі якога працягваюць і шануюць.
Менавіта Купалле ў суботу, 6 ліпеня, на набярэжнай Бернардзінскай сажалкі горада Нясвіжа аб’яднала людзей розных пакаленняў. Знаёмыя і незнаёмыя працягнулі адзін аднаму рукі ў святочным купальскім карагодзе, удзельнічалі ў конкурсах і віктарынах тэатралізаванай дзеі арганізатараў свята, разам з Купалінкай пускалі на ваду вянкі, сплеценыя з самых розных кветак і траў, назіралі за купальскім вогнішчам з надзеяй, што ўсё задуманае ажыццявіцца. Як заўсёды, дружныя апладысменты ўдзельнікі свята адрасавалі артыстам Нясвіжчыны, якія разам з майстрамі творчасці дарылі цеплыню сваёй душы ўсім гасцям і жыхарам горада.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.