Меню
Курс $  3.29 | €  3.46 | ₽100  3.34 |
Погода 1 °C

Сям’я Івашка з Нясвіжа — пераможца адборачнага тура конкурса “Сям’я года Міншчыны” (будзе дапоўнена)

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 19.04.2019

У пятніцу, 19 красавіка, у Нясвіжскім раённым цэнтры культуры прайшоў адборачны тур конкурсу на лепшую сям’ю “Сям’я года Міншчыны”.

Разам з прадстаўнікамі Нясвіжчыны ў ім удзельнічалі сямейныя каманды з Дзяржынскага, Клецкага, Капыльскага, Любанскага, Пухавіцкага, Слуцкага, Салігорскага, Стаўбцоўскага, Старадарожскага, Уздзенскага, Чэрвеньскага раёнаў. У праграме мерапрыемства былі майстар-класы сямейных каманд, якія праходзілі ў фае РЦК і іх выступленне на сцэне Цэнтра. Яно ўключала конкурс “Мой радавод” і прэзентацыю сацыяльна значымага праекта “Мая сям’я — мая краіна”.



Крытэрыямі ацэнкі сем’яў на сталі глыбіня і паўната раскрыцця тэмы, арыгінальнасць прадстаўленай ідэі, дызыйн , творчасць, аптымізм і з’яднанасць, актыўны ўдзел дзяцей, эстэтычнасць.

Журы конкурса ўзначаліў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Алег Семянчук.

Ацэньваць удзельнікаў было вельмі нялёгка, таму што тыя  зрабілі ўсё магчымае, каб цікава прадставіць сваю сям’ю, свой род і расказаць пра карысць, якую яны прыносяць іншым людзям — ад дапамогі інвалідам і сіротам да прапаганды здаровага ладу жыцця.

[metaslider id=»65443″]

У выніку пераможцам занальнага тура конкурсу “Сям’я года Міншчыны” стала сям’я Івашка з Нясвіжа. У Дзмітрыя Сяргеевіча, як кажуць у народзе, “залатыя” рукі, якія ўмеюць практычны ўсё, а Анастасія Аляксандраўна, майстар па прычосках, зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Нягледзячы на тое, што галава сям’і змог  паўдзельнічаць у прадстаўленні сваёй сям’і толькі віртуальна, перадаўшы відэа-прывітанне сваім родным і ўсім удзельнікам мерапрыемства з Расійскай Федэрацыі, дзе ён зараз знаходзіцца на працы, яго жонка Анастасія Аляксандраўна і дачушкі Мілана, Ульяна, Дзіана, Паліна і Арынушка так па-мастацку прадствілі сваю сям’ю і свой радавод, што іх выступленне глыбока закранула самыя тонкія струны душы кожнага прысутнага ў зале і стала сапраўдным гімнам роднаму кутку і ўвогуле нашай радзіме — Беларусі, “зямлі пад белымі крыламі”. Сям’я Івашка выхоўвае ў сваіх дачок і прапагандуе на ўласным прыкладзе павагу да гісторыі свайго роду, да народных традыцый.

Другое месца было прысуджана артыстычна-спартыўнай сям’і Наталлі і Андрэя Піхцеравых са Слуцка. Наталля Фёдараўна вядзе ў Слуцкай дзіцячай школе мастацтваў клас фартэпіяна, а Андрэй Васільевіч працуе ў Слуцкай ЦРБ інструктарам па спорце. Ён адзіны чалавек у Слуцку, які абсталяваў мікрааўтобус для перавозкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, некалькі гадоў запар удзельнічае ў конкурсе “Слуцкі асілак”. Дочкі Марыя і Ганна і сын Макар у сям’і Піхцеравых растуць у атмасферы любові, мастацтва, адданасці любімай справе і міласэрнага стаўлення да людзей.

Трэцяе месца заняла сям’я Круковіч з Салігорска. Людміла Мікалаеўна працуе кіраўніком фізічнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі, Сяргей Леанідавіч — элетрагазазваршчыкам у адной з арганізацый горада. Яны выхоўваюць траіх дзяцей — Лізавету, Аляксея і Арсенія. Муж і жонка Круковіч лічаць, што “дзеці — гэта вялікая адказнасць, але гэта самае галоўнае, што ў нас ёсць”. Яны дзеляцца са сваімі дзецьмі жыццёвай мудрасцю: “Раўняйцеся на бацькоў і любіце адно аднаго”. І ў прэзентацыі свайго радаводу яны зрабілі акцэнт на дзяцей, з чым тыя выдатна справіліся, прадстаўляючы “Летапіс” і “Герб” сваёй сям’і. А ўзнятыя ўверх у фінале выступлення лісты паперы ў форме дубовых галінак, з якіх склалася прозвішча “КРУКОВІЧ”, сімвалічна прыўзнялі над сцэнай усю іх дружную сям’ю.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі каштоўныя падарункі, а пераможцы з прызёрамі — і грашовыя прэміі.

Мерапрыемства прайшло на высокім узроўні ў многім дзякуючы спонсарам — СВК “Агракамбінат Сноў”, ААТ “Агракамбінат Нясвіжскі”, ДСГУ “Нясвіжская сортавыпрабавальная станцыя”, філіялу “Нясвіжскі хлебазавод” ААТ “Барысаўхлебпрам”, ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”, ТАА “Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання”.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!