20 сакавіка ў Тэатральнай зале палацава-замкавага комплексу прайшла інтэлектуальная гульня “Кубак Старога замка – 2019”. Тэмай для інтэлектуальных спаборніцтваў стала “Архітэктура Беларусі”.
Гульня была праведзена выхаванцамі клуба ЮНЕСКА “Кліо” з ліку навучэнцаў УА “Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа”, якія ўжо не першы год дапамагаюць музею-запаведніку ў правядзенні падобных мерапрыемстваў. Будучыя спецыялісты ў галіне турыстычнай дзейнасці на працягу трох тыдняў працавалі над сцэнарыем гульні і мультымедыйнай прэзентацыяй, падбіралі цікавыя пытанні. А дапамагала ім у гэтым УА “Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства».
Удзельнікамі інтэлектуальных баталій сталі вучні восьвых і дзевятых класаў дзяржаўных устаноў адукацыі шасці абласцей Беларусі, горада Мінска – сталіцы нашай краіны, і Нясвіжа – горада, у якім размешчаны палацава-паркавы ансамбль роду Радзівілаў.
У выніку ўпартай барацьбы з васьмі каманд рэспублікі пераможцамі сталі прадстаўнікі Віцебскай вобласці. Другое места заняла каманда, якая прадстаўляла горад Нясвіж – каманда “Нясвіжскай гімназіі”, трэцяе атрымала каманда Гродненскай вобласці.
Усе ўдзельнікі інтэлектуальнай гульні “Кубак Старога замка – 2019” былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі.