Меню
Курс $  3.28 | €  3.48 | ₽100  3.2 |
Погода -0 °C

Зорка Міхаіла Карчміта асвятляе аграрыям далейшы шлях

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 01.02.2019

Нясвіжчына багатая людзьмі, якія сваёй працай множылі і множаць багацце краіны,  паказвалі і паказваюць прыклады адказных адносін да справы, высокага прафесіяналізму,  глыбокай кампетэнтнасці і зацікаўленасці ў найлепшых выніках.

Да такіх людзей адносіцца Герой Беларусі Міхаіл Карчміт, кавалер ордэна “Знак  Пашаны”, заслужаны работнік  сельскай гаспадаркі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Ураджэнец Маладзечанскага раёна, ён закончыў Беларускі інстытут меха-нізацыі сельскай гаспадаркі і 29 гадоў адпрацаваў на нашай зямлі.



З іх апошнія 15 з лішкам гадоў — старшынёй ордэна Дружбы народаў калгаса імя Калініна, які стаў СВК “Агракамбінат Сноў”. Той час быў вельмі нялёгкі. Разваліўся Савецкі Саюз, парушыліся ўсе эканамічныя сувязі, суверэнная Беларусь пераходзіла на рэйкі рынкавых адносін.

Міхаіл Аляксандравіч шмат зрабіў для паспяховага развіцця гаспадаркі, спаўна аддаючы веды, талент, сілы гэтай адказнай справе, ажыццявіўшы са сваёй камандай цэлую тэхнічную рэвалюцыю і вывеўшы агракамбінат у першыя шэрагі сельгаспрадпрыемстваў Беларусі па вытворчых і эканамічных паказчыках. Гаспадарка не толькі не страціла аб’ёмаў вытворчасці 1990-га года, але і памнажала іх. Напрыклад, у 2003 годзе ў параўнанні з 1990-м збожжа атрымалі больш на 80 %, цукровых буракоў — на 71,8 %, малака — на 3,9 %, мяса — на 71 %.“Сноў” стаў эталонам, школай  гаспадарання і перадавога вопыту  для іншых вытворчых кааператываў і акцыянерных таварыстваў АПК. За што 2 ліпеня 2001 года Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка і ўручыў яму Залатую Зорку Героя Беларусі.

Міхаіл Аляксандравіч быў  упэўнены: няма мяжы дасканаласці. І многае планаваў зрабіць. І яшчэ што вельмі важна: Карчміт цвёрда адстойваў буйнатаварныя сельгаспрадпрыемствы, дзе  сканцэнтраваны фінансавыя, матэрыяльныя і людскія рэсурсы, дзе можна паспяхова развіваць высокаэфектыўную вытворчасць. Жыццё пацвердзіла яго меркаванне.

Але, на жаль, ён рана пайшоў ад нас. У 2004-м, пражыўшы крыху больш за 55 гадоў. Сёння, 1 лютага, Міхаілу Карчміту споўнілася б 70. Мы папрасілі нашых землякоў, побач з якімі ён працаваў, якія яго добра ведалі, падзяліцца ўспамінамі пра гэтага неардынарнага чалавека.

 

 «Ён ва ўсё ўнікаў, усё ўлічваў да дробязей»

Марыя ХУДАЯ, першы сакратар Нясвіжскага РК КПБ у 1983 — 1988 гг., цяпер — член бюро Мінскага абкама КПБ:

— У 1975 годзе, калі Міхаіл Карчміт  пасля інстытута прыехаў працаваць на Нясвіжчыну інжынерам па працаёмкіх працэсах у калгас “Ленінскі шлях” (зараз  ААТ “Лань-Нясвіж” — Аўт.), я там была намеснікам старшыні і сакратаром партыйнай  арганізацыі. Для мяне ён стаў галоўнай дзеючай асобай сярод маладых  спецыялістаў калгаса. У механізацыі працаёмкіх працэсаў праблем існавала вельмі шмат, і не толькі ў “Ленінскім  шляху”, а ў цэлым у раёне, вобласці, рэспубліцы. Трэба было шукаць шляхі іх вырашэння. І Карчміт, закасаўшы рукавы, пачаў актыўна займацца гэтай справай. Яго настойлівасць, жаданне ажыццявіць задуманае і ажыццяўленне яго імпанавалі. З цягам часу Міхаіла Карчміта прызначылі галоўным інжынерам. Шчыра кажучы, я думала, што яго пазней, калі старшыня калгаса пойдзе на заслужаны адпачынак, выберуць кіраўніком у “Ленінскім шляху”.

Але жыццёвыя  абставіны склаліся так, што старшыня спатрэбіўся ў калгасе “Рассвет” (зараз ААТ “Сейлавічы” — Аўт.). Я на той час працавала начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Мне райкам партыі і даручыў пераканаць Міхаіла Карчміта даць згоду на гэту пасаду. Мы разумелі, што там працаваць будзе вельмі няпроста, што гэта складаны  ўчастак, але я цвёрда верыла, што ён справіцца. Міхаіл Аляксандравіч і яго жонка Марыя Вячаславаўна не адразу згадзіліся на пераезд з Лані ў Сейлавічы. І ўсё ж я іх пераканала. Так у 1980 годзе Карчміта выбралі  старшынёй калгаса “Рассвет”. Ужо за першыя два гады гаспадарку было не пазнаць. Вырасла культура земляробства, павысілася ўраджайнасць, на фермах навялі парадак, змянілі тэхналогію ўтрымання жывёлы, ажыццявілі вялікую рэканструкцыю свінафермы. Вытворчасць стала рэнтабельнай. З’явіліся грошы для далейшага паспяховага развіцця.  Вырашаліся і сацыяльныя пытанні. У рэспубліцы  не было іншага  кіраўніка, які б за такі кароткі  час так многа зрабіў. Працаваў Міхаіл Аляксандравіч выдатна. За сем з палавінай гадоў вывеў адстаючую гаспадарку ў лік лепшых у раёне.

Таму, калі ўзнікла неабходнасць у новым старшыні ў калгасе імя Калініна, я там бачыла кіраўніком толькі Карчміта. Пераконвала яго: “Вам “рассветаўскія” маштабы малыя, патрэбна больш буйная гаспадарка”. Працуючы першым сакратаром  райкама партыі, запрасіла  яго — і паехалі па фермах і брыгадах Сноў-шчыны. Знаёміла з людзьмі, тлумачыла ім, што лепшай кандыдатуры няма, што ён у гэтай гаспадарцы справіцца.

Ніколі не забудуся, як дэлегацыя з “Рассвета” прыехала да  мяне ў райкам з просьбай не забіраць ад іх Міхаіла Аляксандравіча. І колькі буду жыць, столькі  буду памятаць пра слёзы людзей, якія сядзелі ў зале на сходзе ў “Рассвеце”. Яны  шкадавалі, што Міхаіла Аляксандравіча забіраюць. Быў такі цяжкі, такі хвалюючы момант. Хаця, магчыма, у некаторай ступені, гэта  адыграла станоўчую ролю пры  выбарах яго старшынёй калгаса імя  Калініна — калі чалавека так  высока цэняць людзі, значыць, ён зарабіў аўтарытэт.

Міхаіл Карчміт узначаліў новую гаспадарку ў жніўні 1988 года. Год-два папрацаваў, пачаў ездзіць са спецыялістамі  за мяжу, вывучаць перадавы  вопыт. Усё глядзеў сам, пралічваў, раіўся, прымаў рашэнні. Пачалася рэканструкцыя ферм. Стварылі перапрацоўчую  вытворчасць, куплялі новую сучасную тэхніку, развівалі племянную работу. Усюды ўкараняліся  навейшыя тэхналогіі. “Я стаўлю задачу, — сказаў Міхаіл Аляксандравіч, — атрымліваць  па 100 цэнтнераў з гектара  збожжавых і 10 тысяч літраў малака ад каровы ў год”. Ён зрабіў усё, што мог.

Міхаіл Аляксандравіч быў талковым кіраў-ніком, вельмі прыстойным чалавекам. Так, быў патрабавальным, прынцыповым. Але ж не быць прынцыповым і патрабавальным і мець такія высокія вынікі немагчыма.

Радуе, што таго, чаго не паспеў дасягнуць Карчміт, дабіўся яго паслядоўнік Мікалай Радаман. У гаспадарцы вельмі многае зроблена. Яе паказчыкі — адны з лепшых у рэспуб-ліцы, а некаторыя — і лепшыя. Я ў студзені бачыла сноўскія лічбы надояў малака: па 30 літраў ад каровы ў суткі!

Міхаіл Карчміт — мой вучань. Ён да майго меркавання  прыслухоўваўся. Мы з ім падобныя:  абое — працаголікі, імкнуліся  сумленна працаваць на карысць Радзімы, дзеля людзей.

Няма мяжы дасканаласці

Мікалай РАДАМАН, член Савета Рэспублікі Нацыя-  нальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Рэспубліканскага аграпрамысловага  саюза “БелАПС”, кіраўнік СВК “Агракамбінат Сноў”, заслужаны         работнік сельскай гаспадаркі Беларусі:

— З Міхаілам Карчмітам я пазнаёміўся ў 1972 годзе, калі паступіў вучыцца ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Я прыйшоў сюды пасля школы, а ён — пасля  службы ў арміі, быў старэйшы за мяне і вучыўся ўжо на трэцім курсе. Вядома, сустракаліся, размаўлялі. Жылі ў студэнцкім інтэрнаце, а тым больш, што юнакі  з маёй групы — разам з ім у адным пакоі. Міхаіл любіў парадак. І вельмі не любіў, калі хто хлусіў.

Вучоба ў тэхнічнай установе была нялёгкай — матэматыка, чарчэнне. А ён яшчэ ў другую змену хадзіў падзарабляць на завод імя Вавілава. Пры размеркаванні Міхаіл трапіў у наш раён. Працаваў у калгасах “Ленінскі шлях”, “Рассвет”.

Калі пры энергічнасці Карчміта, мэтанакіраванасці і імкненні да лепшага справы ў калгасе “Рассвет”, якім ён кіраваў, пайшлі ўгару, стала зразумела, што тая гаспадарка для яго ўжо малая. Не той размах, не тыя аб’ёмы. Ён ужо навучыўся гаспадарыць, самастойна рашаць праблемы, быў упэўнены ў сваіх сілах. У гэты час у нашым калгасе імя  Калініна захварэў старшыня Якаў Васільевіч Аляксанкін, Герой Сацыялістычнай Працы. На яго месца райкам партыі і парэкамендаваў Міхаіла Карчміта. Праўда, не ўсё пайшло гладка, як хацелася б. Узнікла апазіцыйная  групоўка, і ў першы раз  яго старшынёй не выбралі, а толькі ў другі. Памятаю, я выступаў з рэкамендацыяй — усё-такі ведаў з юнацтва.

Так і працавалі ў адной звязцы. Я быў галоўным энергетыкам, і ўсе навацыі, рэканструкцыі, перабудовы тычыліся непасрэдна маёй  работы. Грошы на калгасным рахунку былі, Якаў Васільевіч пастараўся, назбіраў. А вось Міхаіл Аляксандравіч  вырашыў пусціць іх у абарот, каб грошы рабілі грошы. І прыступілі мы да тэхнічнай перабудовы.

Пачалі са стварэння  мясаперапрацоўчага цэха. Чаму? Вельмі проста: у магазінах, старэйшыя людзі памятаюць, нічога не было. А падштурхнуў да гэтага выпадак, які адбыўся падчас нашай камандзіроўкі ў Мінск. На шляху дамоў Карчміт зайшоў у гастраном, спадзяваўся купіць каўбасы. А там — пустыя паліцы. Нават па знаёмстве не возьмеш, бо супрацоўнікі аддзела барацьбы з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці пільна неслі сваю службу, дзяжурылі каля “чорнага” ўваходу. Міхаіл Аляксандравіч вярнуўся ў машыну расхваляваны і ўсё абураўся: “Як гэта так атрымліваецца?! Да якога гэта  часу нашы людзі будуць пхацца ў чэргах за “мокрай”  каўбасой?!”. Сапраўды, наш калгас тады даваў тры тысячы тон мяса  ў год, а вяскоўцы не маглі набыць у  магазіне кусок той каўбасы. Старшыня так і сказаў мне тады: “Давай перапрацоўку будаваць!”.

І пабудавалі. У 1994-м годзе. Спачатку  выпускалі ў дзень па 200 кілаграмаў каўбас, пазней узяліся і за тушонку. А цяпер мы выдаём штодзённа 45 тон гатовай мясной прадукцыі, для гэтага на забой ідзе 100 галоў буйной  рагатай жывёлы, 400 свіней і 16 тысяч  галоў птушкі.

А ў жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, каб  мадэрнізаваць тэхналагічныя працэсы, ліквідаваць цяжкую ручную працу і атрымаць больш  высокія надоі і прывагі, узяліся за  рэканструкцыю ферм, потым — за будаўніцтва новых, самых сучасных. Павучыцца, як гэта лепей зрабіць, паехалі за мяжу. Упершыню. Спачатку — у Галандыю. Некаторыя думалі: пагуляць паехалі. А мы там нічога, акрамя фермаў, кароў і гною, не бачылі. Бо мэта такая была: пераняць лепшае, прымяніць у сябе. Потым паехалі ў Германію. Толькі ўсё чужое нельга было проста капіраваць. Мы абмяркоўвалі, разлічвалі, адаптавалі пад мясцовыя ўмовы. Усё трэба рабіць з розумам. Тады і вынікі будуць належныя.

Калектыў агракамбіната ўпэўнена рухаецца наперад. Нарошчваем аб’ёмы вытворчасці, будуем камфортнае жыллё, развіваем сацыяльную сферу.

Зорка Міхаіла Карчміта асвятляе аграрыям далейшы шлях

Леанід КРУПЕЦ, старшыня Нясвіжскага райвыканкама ў 1998   — 2002 гг., старшыня Мінскага аблвыканкама ў 2007 — 2010 гг.:

— Міхаіла Аляксандравіча я добра ведаў 20 гадоў, з 1984-га, калі пачаў працаваць  у райкаме партыі. З’яўляючыся начальнікам  райсельгасхарчу, старшынёй  райвыканкама і пасля, калі  працаваў у вобласці, часта з ім  сустракаўся. Гэта чалавек, з якім  трэба было раіцца, у якога мы чэрпалі  вельмі многае па пытаннях развіцця сельскагаспадарчага  комплексу.

Неяк я зайшоў на сайт Прэзідэнта Беларусі, на якім было  напісана наступнае: “Пад кіраўніцтвам Карчміта Міхаіла Аляксандравіча  агракамбінат “Сноў” стаў гонарам беларускага аграпрамысловага комплексу, арыенцірам перспектыўнага развіцця нацыянальнай аграрнай галіны. Сёння палі і фермы гэтай гаспадаркі з’яўляюцца вучэбнымі  аўдыторыямі для кіруючых кадраў і спецыялістаў сель-скай гаспадаркі  рэспублікі. Прыродны розум, багаты жыццёвы вопыт,  пастаянная работа над сабой дазвалялі Міхаілу Аляксандравічу  знаходзіць аптымальныя  арганізацыйныя і тэхналагічныя  рашэнні часам у няпростых умовах. Агракамбінат “Сноў” дасягнуў вытворчых паказчыкаў на ўзроўні  еўрапейскіх сельгаспрадпрыемстваў, займае перадавое  месца ў Беларусі і неаднаразова  выходзіў пераможцам  рэспубліканскага спаборніцтва”.

Вось гэта, у прынцыпе, і з’яўлялася яго жыццёвым крэда. Гэты чалавек  быў патрабавальны да сябе, патрабавальны да людзей. Прынцыповы. Так, у яго быў жорсткі стыль кіраўніцтва. Але гэтыя рысы заўсёды спалучаліся з павагай, спагадай, дапамогай  і добразычлівасцю.

Гэта — чалавек-наватар. І калі б не яго глыбіня  мыслення, не яго дапытлівы розум, дзякуючы чаму ён імкнуўся  пастаянна ўкараняць нешта новае, перадавое,  прагрэсіўнае, думаю, што  агракамбінат “Сноў” мог і не быць  такім, якім ён стаў.

Кадравая палітыка партыі знаходзілася на  высокім узроўні, падбор кадраў вёўся вельмі жорстка. І падбіралі тыя кадры, якія маглі б  забяспечыць дадзены ўчастак работы.

Якаў Васільевіч Аляксанкін, Герой Сацыялістычнай Працы, аддаў усё, каб калгас імя Калініна развіваўся. Але прайшоў яго час як кіраўніка, з’явіліся новыя патрабаванні, падводзіла здароўе. І трэба было знайсці чалавека, які б справіўся з гэтай гаспадаркай, бо яна — як пуцяводная зорка ў Беларусі, такіх гаспадарак — адзінкі. Але ж на той момант калгас  затармазіў свой рост вытворчасці, яго маглі абысці іншыя, калі  няправільна павесці гаспадаранне.

Яркі след на зямлі

 Сяргей ПІЛІШЧЫК, дырэктар ААТ “Сейлавічы”:

— Калгас “Рассвет” (цяпер ААТ “Сейлавічы”) да 1980 года  не вызначаўся высокімі ўраджаямі, высокімі  надоямі малака, займаў адно з апошніх месцаў сярод гаспадарак раёна. І іменна з моманту прыходу  ў канцы 1980 года на пасаду  кіраўніка Міхаіла  Аляксандравіча Карчміта пачалося  паступовае адраджэнне  гаспадаркі, аднаўленне яе як вытворцы сельгаспрадукцыі. Інтэнсіўна пачало  развівацца будаўніцтва новых  жывёлагадоўчых  памяшканняў. Пабудавалі чатыры кароўнікі  за два першыя гады работы Міхаіла Карчміта. На свінаферме  ўзвялі два новыя будынкі для матачнага пагалоўя і рамонтнага маладняку.

У сувязі з тым, што ў калгасе пачалі інтэн-сіўна будаваць  жыллё, у ім  пачалі заставацца  маладыя кадры. Цяпер сярэдні  ўзрост працуючых у нашай  гаспадарцы 44 гады. Людзі, якім зараз 50 — 55 гадоў, — гэта іменна тая плеяда, што прыйшла ў гаспадарку ў 80-я. Сёння яны складаюць касцяк вытворчасці.

Яшчэ вялікая заслуга Міхаіла Аляксандравіча — поўная газіфікацыя ўсіх трох нашых вёсак. Да кожнага дома быў падведзены газ. Гэта дарагога каштуе.

Міхаіл Аляксандравіч працаваў кіраўніком  “Рассвета” да 1988 года. І ён пакінуў тут прыкметны след. Прайшло нямала гадоў, а нашы людзі з павагай  успамінаюць пра яго як пра справядлівага, граматнага спецыяліста,  кіраўніка. Ён быў выдатным арганізатарам. Сабраў каманду аднадумцаў — спецыялістаў, жывёлаводаў, механізатараў. І ўзяліся яны за справу.

У адміністрацыйным будынку нашага акцыянернага таварыства  аформлены куток працоўнай славы, прысвечаны лепшым людзям гаспадаркі. Там ёсць партрэт Героя Беларусі Міхаіла Карчміта. Усім, хто застаецца на працу ў гаспадарку, ці прыязджае па іншых справах, расказваем, што адзін з першых Герояў Беларусі Міхаіл Аляксандравіч Карчміт пачынаў свой шлях як кіраўнік іменна на нашай зямлі як выдатны гаспадар, вытворца. Побач — фатаграфіі перадавікоў калгаснай вытворчасці розных гадоў: Уладзіміра Таратуты, Івана Ярмака, Канстанціна Пяцігора, Вячаслава Хвіцькі. Паступова куток працоўнай славы  папаўняецца. На перадавым вопыце, аўтарытэце гэтых людзей мы сёння выхоўваем маладое пакаленне.

У кабінеце Сяргея Міхайлавіча Пілішчыка таксама ёсць партрэт Героя Беларусі Міхаіла Аляксандравіча Карчміта — як сведчанне вялікай павагі да ўсяго, што было зроблена гэтым выдатным кіраўніком, сапраўдным патрыётам Бацькаўшчыны.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіва рэдакцыі

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!