“Жытнёвае поле,
Лясы і азёры,
Крынічка ў лузе
І ў небе жаўрук…
Услухайся толькі,
Усё тут гаворыць:
“Люблю цябе, Белая, Белая Русь”.
Пачуўшы знаёмую мелодыю, Ганна Іванаўна ўстрапянулася ўся, нібы птушка, і амаль подбегам накіравалася да радыёпрыём-ніка, каб зрабіць гучней. Павольныя, мілагучныя гукі ліліся ў светлы, модна абсталяваны пакой, а жанчына працягвала стаяць каля акна, пільна ўглядаючыся ўдаль, быццам ніколі не бачыла пейзажу, які стаў для яе ўжо звыклым. Каторы дзень запар яна глядзела на гэтую чужую прыгажосць, ненавідзячы яе за тое, што яна ёсць, і сябе за тое, што некалі спакусілася, маладая, і паехала, забыўшыся на ўсё. Дома ёй здавалася чамусьці душна, душа прагна чакала нейкага цуду, што ж, дачакалася, напэўна, толькі ці патрэбны ёй зараз гэты цуд?..
Ласкавы, пяштотны і такі, здаецца, знаёмы голас спяваў аб прыгажосці роднай старонкі, аб тым, што так дорага яе збалеламу сэрцу. Набрацца б смеласці ды кінуць усё разам. Што яе чакае тут, на чужыне? Кар’ера, багацце, спешчанае жыццё? Надакучыла, як мама некалі казала, як горкая рэдзька, тут і хлеб не такі, і людзі дзіўныя, і мова чужая, бяздушная.
З такімі думкамі гаспадыня кабінета вярнулася за рабочы стол, стрымліваючы ў сабе жаданне скінуць усе паперы адным махам, і толькі тут заўважыла, што гарыць чырвоная лямпачка інтэркома. Выцершы далонямі слёзы, Ганна Іванаўна ўключыла гучную сувязь:
— Yes?1
— Mis“s Ann, do you wont that i“m stay?2
— No, I wont. You is free.3
— Do you all right?4
— Yes, don’t worry.5
— Good buy.6
Вось і добра, што сакратар пойдзе. Не хацелася сёння “міс Эн” ні з кім гаварыць. Чаму так раптоўна з’яўляецца жаданне ўсё кінуць? Чаму невыносна быць на чужыне, там, дзе прайшло яе сталае свядомае жыццё? Ганна Іванаўна, досыць прывабная нават у сваім узросце, прыгожа апранутая, з дзелавой хваткай бізнес-вумэн, як прынята тут называць, сядзела за рабочым сталом з поўнымі слёз вачыма.
Столькі гадоў прайшло, як яна пакінула родны куток, пакінула так, што зараз сорамна ўспамінаць, толькі ў маладосці можна так рабіць, не задумваючыся аб тым, што будзе потым, на схіле гадоў… Вось ён, той схіл, вось яна, удала замаляваная сівізна, ды хіба схаваеш мінулае?..
… Які ўтульны чысты гарадок! І сонечны ранак, і пералівісты спеў птушак — усё радавала, цікавіла, захапляла. Маладзенькая дзяўчына, выпускніца БДУ, выйшла з аўтобуса і амаль адразу ж апынулася ў чароўных абдымках добразычлівай атмасферы горада. Яна шмат чытала пра яго, захаплялася яго гісторыяй, і вось, калі ласка, ён, гэты таемны, невядомы, старадаўні Нясвіж перад ёю, гасцінна адчыняе свае дзверы, прапаноўваючы не толькі пагасціць, але і застацца тут назаўсёды. І яна засталася…Працавала ў школе настаўніцай, потым сустрэла свайго адзінага, як тады здавалася, выйшла замуж, толькі дзетак чамусьці не было, таму і аддавала яна ўсю ласку, пяштоту сваім вучням. І вось аднойчы прыехала ў школу дэлегацыя з Лондана, узначальваў яе прыгожы малады англічанін. Шчасце ўжо тады пакідала Ганніну сям’ю, дома бываць не хацелася, яна была сама па сабе, муж сам па сабе, а тут такія блакітныя вочы, у якіх можна было патануць, забыцца на ўсё. Неяк само выйшла, што паважаная Ганна Іванаўна ў адзін момант усё змяніла, паехала за гэтымі сінімі вачамі, пакінуўшы, як яна сама потым жартавала, “золкі і туманы, палынны жаль смугой ахутаных дарог”. Нельга сказаць, што там, за пралівам Ла-Манш, яна была няшчасная. Яна была маладая, ёй хацелася нечага незвычайнага, прыгожага. Гэта былая настаўніца і атрымала, але толькі гэта. І пустэчу ў душы. Невыноснай была думка, што яна ўжо не настаўніца, што не можа гаварыць на сваёй мове — “роднай, наскай”, не можа чытаць любімыя вершы, чамусьці гэта абражала Джона. Мабыць, ніколі не забудзе, як аднойчы, прыбіраючы ў кватэры, яна завяла сваю любімую песню на верш Канстанцыі Буйло: “Люблю наш край, старонку гэту, дзе я радзілася, расла…”, а муж, пачуўшы, упершыню павысіў на яе голас — забараніў спяваць на мове чужынцаў. Як ні крыўдна было, нічога не сказала жанчына, каб абараніць сябе, беларуску, каб заступіцца за ўвесь беларускі народ, толькі па-іншаму на ўсё паглядзела. Напэўна, з таго часу і пасяліліся ў яе душы боль, крыўда, адзінота. Не, яны не сварыліся, былі звычайнай англій-скай сям’ёй: раніцай пілі гарбату, разам чыталі газеты, яна, як і належыць жонцы, ва ўсім дапамагала мужу, вывучыла мову, далучылася да бізнесу. Толькі некалькі дзясяткаў гадоў прачыналася ад раптоўнага сардэчнага болю. Спачатку яна і сама не разумела, ад чаго гэта, а потым зразумела: ад тугі па Радзіме. Гэтага нельга ўбачыць, гэта можна толькі адчуць. Вось яна, тая непарыўная ніць, што перадавалася ў спадчыну з пакалення ў пакаленне, вось “чаму з выраю жураўлі на Палессе ляцяць”.
Раптам твар жанчыны змяніўся, на вуснах з’явілася усмешка, вочы заблішчэлі. Цяпер яна ведала, што ёй рабіць. Заказала білет на самалёт у адзін бок, мужу па-кінула запіску і выйшла з кабінета, захапіўшы з сабой толькі маленькую дамскую сумачку. Яна не ішла па калідоры, а нібы ляцела, успамінаючы чароўныя радкі:
Вяртайся дадому,
Вясёлы вандроўнік.
Да родных вытокаў,
Бацькоўскага жалю.
Крынічнай вадой
Наталіся з дарогі,
І сэрца адпусцяць
Бясконцыя далі.
Чаго ты шукаеш у свеце
Нястомна?
Вясёлае шчасце
У поўную меру?
Дадому дарогі вяртаюцца,
Толькі
Бываюць даўгімі яны
Неймаверна.
Ну вось і ўсё. Бывай, чужая Англія, добры дзень, Беларусь!
Радзіма пачынаецца з жанчыны…
1Так?
2Місіс Эн, я вам сёння яшчэ патрэбна?
3Не, можаце быць вольнымі.
4У вас усё ў парадку?
5Так, усё добра.
6Да сустрэчы.
Настасся ДРУШЧЫЦ,
вучаніца 8 класа СШ № 4
г. Нясвіжа.