Наша сучаснасць вымагае ад кожнага хуткіх дзеянняў і рашэнняў. Інакш нельга: усюды трэба паспець, усюды патрапіць, а іначай, здаецца, можна спазніцца, не дасягнуць, упусціць… Дык варта ўспомніць словы Госпада Ісуса Хрыста:
“Шукайце найперш царства Божага, астатняе прыложыцца…”. Давесці гэтую ісціну святары стараюцца падчас пропаведзяў у храмах. Але ў храм патрэбна яшчэ прыйсці. А што рабіць тым, хто толькі шукае да яго шлях, задумваецца аб сэнсе свайго жыцця? Дзеля гэтага ўжо амаль пятнаццаць гадоў пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы існуе клуб духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг”.
Нядаўна ў СШ № 4 нашага горада адбылося пасяджэнне клуба ў новым складзе. У аб’яднанне ўвайшлі і вучні восьмых класаў гэтай навучальнай установы. Рабяты даведаліся аб дзейнасці клуба ў мінулыя гады, пазнаёмі-ліся з некаторымі выданнямі праваслаўнай тэматыкі з фонду бібліятэкі, а затым да іх звярнуўся благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі настаяцель храма Узнясення Гасподня протаіерэй Аляксандр Данчанка.
Святар звярнуў увагу на тое, што задача кожнага чалавека, асабліва маладых людзей, якія збіраюцца ўступіць у самастойнае жыццё, знайсці правільны шлях і пасля ісці па гэтым шляху, і, гледзячы з той пазіцыі, што галоўнае, а што другаснае, здзяйсняць крокі і ўчынкі. Таму што, калі чалавек галоўнае для сябе не вычленіць, то можна проста заблу-дзіцца, згубіцца і, бывае, галоўнае праходзіць проста ўпустую. Чалавек усведамляе, што жыццё прайшло, а ён нічога не зрабіў. Нікому не стала ад яго прысутнасці цяплей. І пасля нікога не хвалюе, дзе ён зараз, што з ім, адзін ён ці побач ёсць нехта. Людзі праходзяць міма, бо не паспеў ён каго-небудзь сагрэць сваімі добрымі справамі.
— Кожны чалавек свабодны ў выбары шляху свайго, — працягвае думку айцец Аляксандр. — Старэйшыя людзі маюць не толькі станоўчы вопыт, але і адмоўны. Яны найбольш ведаюць, што рабіць не трэба. І таму вельмі важна перадаць вопыт маладым. У вялікай Кнізе Жыцця “Бібліі”, у адной з яе частак — “Евангеллі” — гаворыцца: “Ідзіце і навучыце ўсе народы…”. Калі чалавек далучаецца да веры, то яму будзе лягчэй прайсці гэты вельмі няпросты жыццёвы шлях. Сэнс нашага жыцця — быць шчаслівымі. А шчасце — гэта калі ў тваёй душы мір, спакой і табе добра. Але мы бачым, што ў жыцці ёсць не толькі добрыя моманты. На жаль, людзі робяць адзін аднаму балюча, крыўдна. Выбар паміж злом і дабром — гэта галоўны выбар, які паўстае перад тымі, хто ўступае ў дарослае жыццё. Калі чалавек здзяйсняе добрыя справы, то яму пасля ўсё вяртаецца падзякай людской. І дрэннае вяртаецца назад да свайго адрасата.
Бацюшка прывёў у прыклад даўні выпадак. У аддаленай вёсцы ён асвячаў дамы пасля свята Хрышчэння Гасподня. У адным з дамоў яго сустрэў мужчына. Святар прыгледзеўся: тыповы чалавек, які сядзеў доўга ў турме, — на яго твары, злым, сярдзітым, гэта адлюстравана. Бацюшка прыпыніўся, і яны разгаварыліся.
Як аказалася, жыццё мужчына пражыў па турмах: абманваў, краў, біў. Старым прыйшоў у родную вёску, нямоглым. Нічога ён не ўмее, нічога добрага за свой век не зрабіў. Прыехаў да сваёй старэнькай мамы, якую ўсё жыццё толькі крыўдзіў. У яе жыве, на яе пенсію. Ён нікому не патрэбен.
Святар гаварыў з ім, а ў вачах суразмоўцы бачыў такую тугу… Чалавек нібы ўсміхаўся, а ў вачах — туга, таму што душы нудна…
І другі прыклад, супрацьлеглы, прывёў айцец Аляксандр.
Усе ведаюць, дзе ў Нясвіжы знаходзіцца вуліца Шымко. Названа яна ў гонар капітана міліцыі Мікалая Аляксандравіча Шымко, які, абараняючы ад бандытаў жыццё мірных людзей, загінуў. Ён аддаў сваё жыццё за тое, каб у мірны час другіх лю-дзей не прыгнечвалі злачынцы. Малады мужчына, у якога была свая сям’я, стаў на шляху бандыта. Мікалай Аляксандравіч, магчыма, сам таго не ўсведамляючы, здзейсніў найвышэйшы закон любові. “Вось у ахвярнасці ёсць вышэйшы закон нашага жыцця”, — падвёў вынік сказанаму святар.
Айцец Аляксандр расказаў і пра тое, што ад таго, наколькі мы правільна выберам жыццёвы шлях, залежыць наша жыццё не толькі ў гэтым хуткаплынным свеце, але і ў будучым. Бо Гасподзь вучыць нас, што, акрамя зямнога шляху, яго кароткага імгнення, ёсць яшчэ вечнасць.
— Запомніце адну рэч, рабяты, — прамовіў святар. — Усё, што датычыцца Царквы і Божай праўды, ніколі не будзе прымусова навязвацца. У храме ёсць адна асаблівасць: дзверы яго заўсёды адчынены. Кожны мае магчымасць свабодна прыйсці ў Божы храм. І ніхто ў ім не будзе ўтрымліваць вас. Выйсці з яго таксама можна добраахвотна. Выбар кожны робіць сам.
Айцец Аляксандр паабяцаў ноеўцам падчас наступных сустрэч расказаць аб храме, аб Божым Законе, аб запаведзях, паразважаць над духоўнымі пытаннямі, разам пашукаць шляхі вырашэння праблем, якія хвалюць сённяшнюю моладзь.
Пасля сустрэчы, калі многія разышліся, да бацюшкі падышло некалькі вучняў. У іх былі пытанні да святара.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік клуба “Ноеў каўчэг”.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.