Меню
Курс $  3.33 | €  3.47 | ₽100  3.25 |
Погода -2 °C

Святая крыніца малой радзімы

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 04.01.2019

Свой 100-гадовы юбілей на зыходзе мінулага года адсвяткавала адна са святыняў беларускай зямлі — царква Узвіжання Крыжа Гасподня, якая знаходзіцца ў вёсцы Вялікая Лысіца.  Яскравай адзнакай падзеі стала мерапрыемства мясцовага клуба-бібліятэкі, наладжанае агульнымі намаганнямі яго загадчыцы Вольгі Пастуховіч і настаяцеля храма айца Аляксандра.

Адзначыць сотую гадавіну служэння свойго храма сабраліся амаль ці не ўсе жыхары вёскі — ад малога да вялікага. Прысут-нічалі на свяце і школьнікі, і старажылы, і госці.



Павіншаваць лысічан са знамянальнай датай прыехалі старшыня Гарадзейскага сельскага савета Наталля Цвірко і дырэктар Нясвіжскага раённага цэнтра культуры Ганна Віннічак. Н.Л. Цвірко звярнулася да ўсіх прысутных з уступным словам, павіншавала вяскоўцаў з юбілейнай датай, пажадала ім мудрасці, хрысціянскага цярпення, веры і духоўнай чысціні.  Прысутнічаў на свяце і былы вайсковец, актыўны грамадскі дзеяч, сведка падзей Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Бука. Ён выказаў шчырую падзяку айцу Аляксандру, настаў-нікам, школьнікам за магчымасць папрысутнічаць на свяце, уручыў падарункі дзецям.

Далей гледачоў чакала насычаная канцэртная праграма. У ёй удзельнічалі выхаванцы царкоўна-прыходскай школы, школьнікі Мацвей Мельнікаў, Іусціна Мельнікава, Варвара Агароднікава, Мілана Чухлей, Влада Чухлей, Дарына Чухлей, Ірына Дзяруга, Ясенія Касцюк, Настасся Кобусь, Аляксандр Цыбулька, Юля Жыбуль, Ліля Вялеська і іншыя. Дзеці ігралі на музычных інструментах, спявалі песні, чыталі вершы, прысвечаныя роднай царкве, імі была сыграна невялічкая п’еса-прытча “Як дайсці да Бога”.

Усіх прысутных чакаў “салодкі стол”. Печыва згатавалі і ўпрыгожылі Таццяна Баран і матушка Наталля Мельнікава.

На працягу ўсяго мерапрыемства дзейнічала выстава духоўнай літаратуры “Духоўныя крыніцы”, а таксама выставы святочных паштовак, створаных рукамі дзяцей, выхаванцаў царкоўнай школы, і работ народных умельцаў Алены Абрамовіч і Алены Лысенка.

Напрыканцы дзеі сваё “дзякуй” выказалі прысутныя госці. Усе яны адзначылі высокі ўзровень правядзення мерапрыемства, зла-джанасць і карпатлівую работу, звязаную з падрыхтоўкай да яго.

Варта адзначыць незвычайна цёплую і духоўную атмасферу, якая панавала ў зале. Прыгожае знешняе афармленне памяшкання, чароўная інструментальная музыка, святло запаленых свечак (як нязгасны агеньчык, сімвал Божага клопату і любові) — усё гэта надоўга застанецца ў памяці людзей, сагрэе іх у любую непагадзь.

100-годдзе з пачатку дзейнасці храма стала сапраўдным святам для жыхароў вёскі, бо ўсе яны, разам і паасобку,  укладалі і працягваюць укладаць часцінку сваёй працы і душы для таго, каб царква ўзнікла і дзейнічала і надалей.

Згодна з афіцыйнымі сведчаннямі гісторыкаў, храм, пабудаваны на невялічкім узвышэнні ў Вялікай Лысіцы, з’яўляецца помнікам архітэктуры ХХ стагоддзя. Пачатак яго ўзвядзення прыпадае на далёкія 1905-1906 гг. Афі-цыйна працаваць царква пачала ў 1918 годзе. Першым яе настаяцелем стаў Мацфей Крыцук. У часы савецкай улады ён быў жорстка закатаваны, а ў 1990 г. яго кананізавалі і    далічылі да ліку беларускіх святых.  Ікона з яго лікам і зараз знаходзіцца ў храме.

З 1960 па 1990 гг. царква была зачынена, і лысічане літаральна грудзьмі ўсталі на яе абарону ад рабавання і разбурэння.  На іх жа сродкі ў 1990 г. з іх дапамогаю быў закладзены і ўзведзены новы цагляны будынак храма, які існуе і сёння.

Доўгі час служыў у храме протаіерэй Аляксандр Данчанка, які цяпер узначальвае Нясвіжскае благачынне і з’яўляецца настаяцелем Узнясенскага храма ў Нясвіжы.

Вялікую работу па падтрымцы храма зрабіў і працягвае рабіць яго цяперашні настаяцель, іерэй Аляксандр Мельнікаў. Дзякуючы яму, царква сёння мае прывабны знешні выгляд, цудоўнае ўнутранае ўбранне. Наведаць яе амаль кожную нядзелю збіраюцца не толькі мясцовыя прыхаджане, але і жыхары Гарадзеі, што знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад вёскі.

Сіламі настаяцеля была адноўлена невялічкая каплічка, якая знаходзіцца на скрыжаванні дарог, што яднаюць Вялікую Лысіцу і Копцеўшчыну.  Па ініцыятыве святара вось ужо колькі гадоў запар паспяхова дзейнічае царкоўна-прыходская школа. Айцец Аляксандр актыўна супрацоўнічае з мясцовай агульнаадукацыйнай школай, з’яўляецца заўсёдным і жаданым госцем шматлікіх школьных мерапрыемстваў, падтрымлівае яе вучняў і настаўнікаў і добрым словам, і справай.

З вуснаў выступоўцаў, удзельнікаў свята з нагоды юбілею царквы, прагучала прыгожая і вельмі метафарычная прытча пра дарогу. У ёй гаварылася аб тым, што нават маленькая і парослая травою сцяжынка можа быць куды больш важнай, чым любая вялікая аўтамабільная магістраль, тады, калі яна паказвае чалавеку шлях да Бога. Мае такую сцяжынку, безумоўна, і царква Узвіжання Крыжа Гасподня. Не зарасла яна за цэлае стагоддзе, не зарастае і зараз. Не зарасце і потым…

Святлана КУТАС,

в. Вялікая Лысіца.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!