У чарговы раз жыхары Нясвіжа, як дарослыя, так і юнае пакаленне, мелі магчымасць сустрэцца з нашым земляком, ганаровым грамадзянінам горада Нясвіжа Анатолем Іванавічам Бутэвічам у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, куды ён быў запрошаны на новы праект гэтай установы — партрэтнае інтэрв’ю “Лёс чалавека”.
Публіцыст, перакладчык, пісьменнік і даследчык айчыннай гісторыі, пастаянны ўдзельнік Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”, аўтар шматлікіх кніг гістарычнай прозы і гісторыка-дакументальнай літаратуры, кніжак для дзяцей. Чалавек вялікага таленту, невычарпальнай энергіі, высокай культуры, ён і сёння займаецца актыўнай грамадскай дзейнасцю — праводзіць розныя сустрэчы як з дарослай аўдыторыяй, так і з моладдзю, працуе ў вобласці літаратуры.
“Дзяцінства —
непаўторная пара”
А.І. Бутэвіч нарадзіўся на хутары Язавец нашага раёна, якога ўжо даўно не існуе, у сялянскай сям’і. Бацька быў аратым, заўсёды сумленна адносіўся да працы, за што атрымліваў добры заробак. Калі з’явіўся калгас, бацькам давалі дзялкі са збажыной. Маці днём жала, а бацька вечарам звязваў у снапы. Маці ўсё жыццё спявала — не толькі ў хаце, не толькі на святы, і не толькі калыханку. На полі, жнучы, спявала. У Анатоля Іванавіча захаваліся запісы яе песень. Менавіта з таго хутара пачаў ён спазнаваць і свет, і людзей, і людскую дабрыню. Ён добра ўсвядоміў на ўсё жыццё: “Рабі лю-дзям тое, што хочаш, каб рабілі табе. Ты зробіш нешта кепскае — яно вернецца да цябе”.
— Мы на хутары жылі дружна, — расказвае А.І. Бутэвіч. — У большым калектывізме, чым потым у вёсцы Баяры, куды перасялілася сям’я. Як толькі на хутары свята — зажынкі, дажынкі, закопкі і іншыя — адзначалі яго калектыўна. Гэта называлася ігрышчам. Збіралі прадукты, што ў каго было, рабілі сумесны стол. Быў на хутары дзядзька Васіль Кулікоўскі, які добра граў на гармоніку, другі дзядзька браў барабан… Хутарское жыццё не паўторыцца ніколі, але яно заклала тыя зярняткі, якія прараслі ў мяне сёння.
У школу спачатку хадзіў у Вялікую Ліпу.
А ці ведаў, што Вялікаліпская васьмігодка знаходзіцца ў памяшканні былога маёнтка пана Абуховіча? Канешне. У нас на хутары былі земляныя падлогі ў хатах. А тут прыходзіш у гэту пан-скую школу: двухпавярховы будынак, паркет, каміны…
Успомніў наш суразмоўца, як хлапчуком зімой па заснежаным полі пасля заняткаў у другую змену ўпрыцемках дабіраўся дадому. Маці сустракала, бо хвалявалася за сына. Паўзлі разам па снезе, бо яго ў тыя часы было вельмі многа.
У вёсцы часцяком хадзілі басанож. Гэта непасрэднае судакрананне з зямлёй давала здароўе, ткала тыя нябачныя ніці, якія звязвалі назаўсёды з родным куточкам, з малой радзімай.
Пасля заканчэння Сноўскай сярэдняй школы Анатоль Бутэвіч паступіў на філалагічны факультэт БДУ, хоць ніколі і не хацеў быць настаўнікам. Хаця сноўскія настаўнікі — І.І. Калоша, П.І. Пазняк — зрабілі ўсё для таго, каб юнак стаў краязнаўцам. З Іванам Іосіфавічам Калошам пісалі разам у газету матэрыялы па гісторыі, і не толькі ў раённую, але і ў рэспубліканскія. Анатоль вельмі хацеў стаць журналістам…
“Добрыя людзі
ў маім лёсе”
—Дзякуючы добрым людзям і, канешне ж, бацькам, я стаў тым, кім я ёсць сёння, за што ім вельмі ўдзячны. Калі паехаў падаваць дакументы на журфак, мне сказалі, што нельга, бо трэба мець 2-гадовы стаж. Вырашыў вярнуцца дадому. Але добрыя дзяўчаты з прыёмнай камісіі прапанавалі падаць дакументы на філфак, патлумачыўшы, што можна будзе перавесці-ся, што я і зрабіў пасля. Калі, паступіўшы, не знайшоў сябе ў спісе на інтэрнат, мне зноў жа дапамог добры чалавек. Я выпадкова сустрэў піянерважатую Сноўскай школы Іну Фяньчук, якая паступіла на філфак годам раней. Яна дапамагла мне ўладзіць праблему. І такіх лю-дзей было многа, — гаворыць Анатоль Іванавіч.
На першым курсе беларускага аддзялення з А.І. Бутэвічам вучыліся дочкі Івана Шамякіна, Пімена Панчанкі, Міхася Калачынскага, а таксама Алесь Разанаў, Яўгенія Янішчыц, Лена Руцкая, Яўген Хвалей, Віктар Ярац…
Анатоль Іванавіч з’яўляўся старастам групы і старастам курса. У студэнцкія гады два разы ездзіў на цаліну. Быў камандзірам будаўнічага атрада, атрымаў медаль “За асваенне цалінных зямель”.
Пасля навучання ва ўніверсітэце Анатоль Бутэвіч працаваў рэдактарам у БелТА, адказваў за прэсу ў ЦК камсамола, быў намеснікам рэдактара газеты “Чырвоная змена”, дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, працаваў у сектары мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ, потым быў міністрам інфармацыі, міністрам культуры і друку, займаў пасаду Генеральнага консула Беларусі ў Гданьску, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Румыніі. Дзякуючы рабоце ў партыйным апараце, пазнаёміўся з многімі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі — Васілём Быкавым, Іванам Шамякіным, Піменам Панчанкам, Максімам Танкам, Янкам Брылём… Пабываў на многіх з’ездах, пленумах у Маскве, меў знаёмства з выдатнымі савецкімі паэтамі Яўгенам Яўтушэнкам, Андрэем Вазнясенскім, Расулам Гамзатавым, якія станоўча паўплывалі на станаўленне яго асобы.
—Усё гэта адкладвалася недзе на тую характэрную мэту — знайсці карысць у любой справе, не быць шкодным для лю-дзей. Калі ты не можаш дапамагчы, дык не нашкодзь. Дай магчымасць людзям развівацца так, як яны гэта робяць. Я зразумеў, што трэба адносіцца да людзей справядліва. Не за-дзіраць носа, але і не класціся ніц.
Ганарымся
беларусамі
Затым размова пайшла пра знакамітых беларусаў.
— Мы ўсяму свету аддалі сваіх выбітных людзей. Не перабольшваю. На нашай зямлі на- радзіліся многія выдатныя асобы, якія шмат карыснага зрабілі для іншых народаў і краін. Нашы беларускія майстры будавалі і аздаблялі Маскоўскі Крэмль, у ХVIII стагоддзі кожны дзясяты жыхар Масквы быў выхадцам з Беларусі. Калі я вучыўся ў Сноў-скай школе, перапісваўся з двума дзядзькамі з вёскі Грабаўка Гомельскага раёна, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве Маўзалея Леніна ў Маскве. Як іх можна было знайсці са сталіцы? Значыць, рукі мелі залатыя. Значыць, сапраўды былі выбітныя, — сцвярджае А.І. Бутэвіч.
“Будзьце
чалавечнымі”
Падчас сустрэчы Анатоль Бутэвіч правёў невялікі экскурс у гісторыю стварэння сваіх кніг, адказаў на шматлікія пытанні прысутных. Ён пажадаў гасцям быць заўсёды справядлівымі, не хлусіць нават самім сабе, адзначыўшы, што сэрца — самы галоўны ацэншчык. Яно падкажа, як апраўдацца ці як дапамагчы. І прывёў прыклад з жыцця:
—У мяне ў свой час была традыцыя. Прыходзячы з работы, вечарам, перад тым, як класціся спаць, думаў: а што я сёння зрабіў кепскае? І калі знаходзіў падобнае, то шукаў магчымасць нейтралізаваць мой негатыўны ўплыў на чалавека, каб ён не крыўдзіўся. Гэта вельмі прыемна, калі знаёмы ці былы калега, ідучы па другім баку вуліцы, не ўцякае, а пераходзіць на твой бок, каб прывітацца, пацікавіцца, як ты жывеш. Як ты пасееш, так яно і ўзрасце. Як ты да людзей, так і людзі да цябе. Будзьце чалавечнымі, незалежна ад сітуацый. Самае галоўнае — стрыжня не страціць.
А на пытанне, што для яго значыць Нясвіжчына, адказаў:
— Гэта мая радзіма. Гэта тое, што снілася, сніцца цяпер і бу-дзе сніцца, дзе б я ні быў.
Вольга КАНДРУКЕВІЧ.