Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода -1 °C

Свет кніг і кветак Людмілы Гуленка

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 28.12.2018

Дзе нарадзілася, там і спатрэбілася — менавіта так можна сказаць пра карэнную жыхарку вескі Ужанка Людмілу Казіміраўну Гуленка, якая аддала бібліятэчнай справе больш за 36 годоў свайго жыцця. У 1990 г. яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў культуры “За плённую працу па арганізацыі культурнага абслугоўвання насельніцтва і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці”, неаднаразова была пераможцай у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах.



Кожны, хто  знаёмы з Людмілай Казіміраўнай, скажа, што гэта вельмі добры, ветлівы, аптымістычны чалавек.  Усіх, хто б ні наведаў бібліятэку, яна сустрэне добразычлівай усмешкай. І здаецца, што ўсё ў гэтай жанчыны склалася выдатна, што яна сапраўды шчаслівы чалавек. Каб даведацца, так гэта  ці не, я вырашыла  пагутарыць са сваёй калегай.

— Людміла Казіміраўна, раскажыце, якім вам запомнілася ваша дзяцінства?

— Шчаслівым. У мяне была вельмі добрая сяброўка Вольга Грыневіч. Мы заўсёды былі разам. Разам вучыліся ва Ужанкаўскай пачатковай школе, затым — у Гарадзейскай гарпасялковай школе №1. Часам успамінаецца святкаванне Вялікадня. Нас бацькі ў гэты дзень заўсёды апраналі ва ўсё белае. Мы былі такія прыгожыя і акрыленыя. Адчувалася сапраўднае свята. Дарэчы, з Вольгай, яна цяпер Шэфер, мы і зараз сябруем, разам працуем.

—  Пасля заканчэння школы якую прафесію выбралі?

— Я паступіла ў швейнае вучылішча № 93 г. Мінска. Пасля заканчэння працавала на швейнай фабрыцы імя Н. Крупскай. Шыла футры.

Але мяне ўвесь час цягнула дадому. Да родных палеткаў. І я вярнулася ў родную вёску. Мне пашчасціла: у мясцовую бібліятэку шукалі работніка. Так у 1975 годе я прыйшла працаваць  бібліятэкарам. Праз год выйшла замуж і пераехала па месцы жыхарства мужа — у Лідскі раён. Там нарадзіўся мой старэйшы сын Ігар.

Але шчаслівае сямейнае жыццё рэзка абарвалася: праз 1,5 месяца пасля нараджэння Ігара муж заўчасна памёр. Людміла Казіміраўна вярнулася на сваю малую радзіму. На работу  змагла выйсці толькі калі сыну споўнілася 5 гадоў (дзіця часта хварэла). Нейкі час працавала падменным выхавацелем у дзіцячым садзе. Выпадкова даведаўшыся, што ў Завітанскую сельскую бібліятэку патрабуецца бібліятэкар, Л.К. Гуленка паехала да дырэктара Нясвіжскай ЦБС В.Р. Каруннай. Людмілу прынялі на работу, але ўзялі з яе абяцанне, што паступіць вучыцца ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Так і адбылося: у хуткім часе паступіла і атрымала бібліятэчную адукацыю. У 1990 годзе маладая жанчына выйшла замуж у другі раз. Нарадзіліся сын Алег і дачка Вольга. Але зноў  сямейнае шчасце не было доўгім: муж пайшоў з жыцця. Людміла Казіміраўна аддала сваю нерастрачаную любоў дзецям і бібліятэчнай справе.

— Як атрымалася, што вы  зноў працуеце ва Ужанкаўскай сельскай бібліятэцы?

— Калі тут вызвалілася месца, я папрасіла перавесці мяне ва Ужанку, дзе жыла. І працую па сённяшні дзень. Справу сваю вельмі люблю. Ужо шмат пакаленняў чытачоў змянілася за час маёй работы ў бібліятэцы. Разам з маленькімі чытачамі мы праводзім розныя мерапрыемствы, збіраемся на пасяджэннях экалагічнага клуба “Зялёная гасцёўня”.

— Ведаю, што вы любіце займацца кветкамі, вельмі шануеце прыроду. Мабыць, гэта падштурхнула  вас да добраўпарадкавання тэрыторыі  пры бібліятэцы?

— Так. Я вельмі люблю прыроду. Таму і пачала некалі на пустцы за бібліятэкай разам з сынам садзіць рабіны і каштаны. Пазней  Нясвіжская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выдзеліла  сродкі для набыцця ў гадавальніку дрэў, прыгожых кустарнікаў і кветак. Дзякуючы гэтаму, тэрыторыя каля бібліятэкі змянілася, пахарашэла. Я разбіла альпінарыі і клумбы навокал. Летам тут сапраўдны квітнеючы сад. Сюды прыбягаюць дзеці, каб дакрануцца да прыгажосці, пазнаёміцца з часцінкай расліннага свету Беларусі.

— Людміла Казіміраўна, што для вас ваша бібліятэка?

— Бібліятэка — гэта не толькі свет кніг, гэта і мае чытачы. Вельмі іх люблю. На работу іду, як на свята. У роднай вёсцы часта па просьбах чытачоў, асабліва сталага ўзросту, нашу кнігі ім дамоў. Люблю арганізоўваць мерапрыемствы для падлеткаў.

— Падзяліцеся, калі ласка, сваімі бліжэйшымі планамі.

— Ведаеце, ужо на працягу некалькіх месяцаў я кожную пятніцу фатаграфую лепшых чытачоў тыдня і ў перспектыве мне хочацца стварыць  альбом “Лепшыя чытачы бібліятэкі”. Думаю, у хуткім часе вы зможаце яго ўбачыць. Наогул, планаў многа…

— Скажыце, калі ласка, што для вас шчасце?

— Шчасце — паняцце  шырокае. Для мяне шчасце — гэта здаровыя дзеці і ўнукі. Гэта любімая работа. Шчаслівы той, хто працуе там, дзе падабаецца. Мне хочацца, каб пасля мяне прыйшоў хтосьці неабыякавы, хто б прадоўжыў пачатую справу.

Гутарыла

Зоя СІЛКОВА,

загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Пранузы.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!