Як мы паведамлялі, у мінулую пятніцу ў Тэатральнай зале палаца Радзівілаў прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 25-годдзю з дня ўтварэння дзяржаўнай установы “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік ”Нясвіж”.
Яна была створана 3 ліпеня 1993 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, і за невялікі з гістарычнага пункту гледжання тэрмін — 25 гадоў — музей-запаведнік “Нясвіж” стаў адным з самых папулярных айчынных музеяў, прадметам гонару не толькі яго работнікаў, але і ўсіх жыхароў Беларусі, якiя захапляюцца яго багатай гісторый і прыгажосцю.
Нягледзячы на пахмурнае снежаньскае надвор’е, што стаяла за вокнамі па-святочнаму прыбранай Тэатральнай залы, урачыстасць атрымалася па-летняму яскравай, шматколернай і цёплай ад шчырых віншаванняў і слоў захаплення, што гучалі з вуснаў выступоўцаў. Узнёслага настрою дадавалі і цудоўныя канцэртныя нумары ў выкананні артыстаў Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, а таксама навучэнцаў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа.
Работа кіраўніцтва і калектыву музея-запаведніка была ацэнена на самым высокім узроўні: за шматгадовую плённую дзейнасць і значны ўнёсак у захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны намеснік міністра культуры рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская ўручыла дзяржаўнай установе “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” у асобе яе дырэктара Сяргея Клімава Ганаровую грамату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. За значны асабісты ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры Сяргей Міхайлавіч таксама атрымаў нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіцце культуры Беларусі”. Разам з ім гэту ўзнагароду атрымалі галоўны бухгалтар музея-запаведніка Станіслава Жук і першы намеснік дырэктара Наталія Жэрка.
Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь за добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм былі ўзнагароджаны галоўны захавальнік фондаў Марына Вайтовіч і вядучы спецыяліст па экскурсійнай рабоце Сяргей Чысцякоў.
Граматы Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь за высокія прафесійныя якасці і адданасць выбранай справе атрымалі загадчык сектара па навукова-экскурсійнай рабоце “Палацавы ансамбль” Аляксей Буднік, загадчык сектара экскурсійнай і інфармацыйнай дзейнасці Таццяна Скаражонак, намеснік галоўнага бухгалтара Ларыса Галаўко.
Падзяка міністра культуры Рэспублiкi Беларусь была аб’яўлена вядучаму спецыялісту па метадычнай рабоце Марыне Гурынай, вядучаму бухгалтару Святлане Сухадольскай і вядучаму спецыялісту па гаспадарчай дзейнасці Але Чамлай.
Ад імя раённай улады з 25-гадовым юбілеем музейную ўстанову павіншаваў выконваючы абавязкі старшыні Нясвіжскага райвыканкама Віктар Худніцкі. Ён узнагародзіў Ганаровай граматай Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм экскурсавода Ларысу Грышкавец і касіра Валянціну Сіманаву.
Асаблівым момантам юбілейнага свята стала прэзентацыя найбольш значных праектаў, падрыхтаваных музеем-запаведнікам да свайго 25-годдзя. Першым быў прадстаўлены міжнародны выставачны праект “Даспехі радзівілаўскага Нясвіжа”. Ён унікальны тым, што ў ім удалося сабраць асобныя элементы найбагацейшай калекцыі зброі і даспехаў роду Радзівілаў, якая захоўвалася ў Нясвіжскім палацы да пачатку XX стагоддзя. На сённяшні дзень прадметы з гэтай калекцыі прадстаўлены ў такіх найбуйнейшых музеях свету, як Метраполітэн (ЗША), Музей арміі ў Парыжы (Францыя), мастацка-гістарычны музей Вены (Аўстрыя), Брытанскі музей, музей Фітцвіляма Кембрыджскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія) і г.д.
У рамках гэтага праекта ў Залатой зале Палацавага ансамбля прадстаўлены артэфакты з калекцый музея Фітцвільяма Кембрыджскага ўніверсітэта, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Асаблівае месца ў гэтай экспазіцыі займаюць артэфакты са збору музея Фітцвільяма Кембрыджскага ўнівер-сітэта. Яна будзе экспанавацца да 2021 года.
Пасол Яе Вялікасці Каралевы Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь Фіонна Гібб, якая непасрэдна аказвала дапамогу ў працэсе арганізацыі выставы, даслала музею-запаведніку Прывітальны адрас, які зачытала вядучая мерапрыемства, салістка оперы Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь, Вольга Кажгаліева.
Затым было ўзгадана аб тым, што Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” у партнёрстве з навукова-вытворчым таварыствам з абмежаванай адказнасцю “ДКБ ТСП” падрыхтаваў серыю прэзентацыйных фотаальбомаў, прысвечаных аб’екту спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — Палацава-паркаваму ансамблю XVI — XIX стст. у г. Нясвіжы.
Першая кніга-фотаальбом “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль”, выдадзеная ў 2015 годзе, атрымала высокую адзнаку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь за мяжой і замежных дзяржаў у нашай краіне, а таксама была адзначана дыпломам і Срэбраным знакам XXV міжнароднага фестывалю “Дойлідства 2017”.
Другое выданне, прысвечанае калекцыі зброі і даспехаў, было адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва і Дыпломам першай ступені нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.
І вось удзельнікі і госці ўрачыстага мерапрыемства змаглі на свае вочы пабачыць 3-е выданне гэтай серыі, прысвечанае радзівілаўскім садам і паркам. Кніга-фотаальбом “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Сады і паркі”, падрыхтаваная да 25-годдзя музея-запаведніка, стала працягам выдавецкага праекта па папулярызацыі гістарычнай спадчыны Рэспублікі Беларусь і папулярызацыі аб’екта спіса cусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Аб ім гаварылі людзі, якія ўнеслі неацэнны ўклад у ажыццяўленне гэтага праекта — мэцэнат выдання, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь, член Савета дырэктараў Навукова-вытворчага таварыства з абмежаванай адказнасцю “ДКБ ТСП”, доктар ваенных навук, генерал-лейтэнант Аляксандр Паўлоўскі і аўтар кнігі, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Уладзімір Каралёнак.
25 гадоў — час зусім невялікі нават па мерках чалавечага жыцця, узрост маладосці і станаўлення. Але для Палацавага ансамбля гэтыя 25 гадоў сталі часам набыцця новага жыцця, часам нялёгкай карпатлівай працы па аднаўленні самога будынка і стварэння музейнай экспазіцыі ў больш чым 30 залах.
Пачынаючы з 2012 года, калі для ўсіх гасцей адчыніліся цэнтральныя вароты адноўленага комплексу, палацавы ансамбль прыняў больш за 2,5 мільёна турыстаў. Тут праходзяць міжнародныя выставы і канферэнцыі, балі, канцэрты, вечары Вялікага тэатра оперы і балета, сустрэчы і прыёмы на высокім узроўні, адбываецца цеснае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі роду Радзівілаў.
Шмат людзей працавала і працуе над тым, каб гэта месца набыло былую веліч і годна трымала славу культурнага цэнтра ўсёй краіны. Доказам плённасці гэтай працы стала ўключэнне ў 2005 годзе Архітэктурна-культурнага комплексу рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
У 2016 годзе музей-запаведнік атрымаў ганаровую прэмію “Еўропа Ностра” ў катэгорыі “Адданая служба”. Журы прэміі адзначыла “манументальную працу, якая была праве-дзена Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Нясвіж” па стварэнні музея ў нядаўна адноўленым палацы Радзівілаў усяго за некалькі месяцаў… Здольнасць музея падтрымліваць цікавасць грамадскасці і выбітная лічба ў 400 тысяч наведвальнікаў штогод таксама заслугоўваюць узнагароды”. Такім чынам, ужо сёння Нясвіжскі палацавы ансамбль з’яўляецца турыстычным брэндам Беларусі, а для аматараў гісторыі і мастацтва Еўропы — самым прывабным месцам для наведвання. Гэта ўзор спадчыны вялікай сям’і, прадстаўнікі якой на працягу стагоддзяў аказвалі вялікі ўплыў на ход гісторыі ўсёй Еўропы. Кожны год нашчадкі славутага роду наведваюць Нясвіж, а музей актыўна падтрымлівае сувязі з яго прадстаўнікамі, якiя зараз жывуць у Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі.
І, безумоўна, чвэрць стагоддзя, якую сёлета адзначыў НГКМЗ “Нясвіж”, стане толькі пачаткам новай гісторыі славутых помнікаў Нясвіжа — палаца, Ратушы, касцёла Божага Цела і Слуцкай брамы, пачаткам цікавых адкрыццяў і вяртання рэліквій, пачаткам аб’яднання мінулага і сучаснасці, на аснове якіх і нараджаецца будучыня.
З 25-годдзем цябе, старадаўні і зусім малады музей-запаведнік “Нясвіж”!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.