“Каб любіць Беларусь
нашу мілую,
Трэба ў розных краях
пабываць”…
Каму не вядомыя гэтыя словы песні Алеся Ставера на музыку Ігара Лучанка?!
Іменна іх і прывёў беларускі пісьменнік Анатоль Бутэвіч падчас сустрэчы з чытачамі ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, калі размова зайшла пра Радзіму, пра адданасць беларускасці. “Я не верыў гэтым словам, калі жыў у Беларусі, спрачаўся. Але калі працаваў у Гданьску, у Румыніі (Анатоль Іванавіч у 1996 — 98 гадах быў Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у польскім Гданьску, у 1998 — 2000-х — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Румыніі. — Аўт.), зразумеў: так, “каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Ты па-іншаму ставішся тады да таго, што на пэўны час страціў, — расказваў Анатоль Бутэвіч. — Я сёння зусім інакш разумею нашу дыяспару за мяжой. У іх настальгія па свайму, па роднаму. Яны больш шануюць традыцыі, яны больш каштоўным бачаць усё наша, што тут засталося”.
Падчас святкавання 120-годдзя Максіма Багдановіча ў 2011 годзе Анатоль Іванавіч у складзе беларускай дэлегацыі пабываў у Крыму, дзе пахаваны беларускі паэт. На мерапрыемствах, якія там праводзіліся, гучалі вершы на беларускай мове. Не быў патрэбен пераклад, бо ўсе разумелі. І вось на магіле Багдановіча хлопчык (можа, вучань першага — другога класа) — ці ўкраінскі хлапчук, ці дзіця беларусаў, якое ўжо не жыло ў нашым асяроддзі — чытаў верш, прысвечаны Максіму Багдановічу:
“Ён марыў жыць сярод бяроз,
А над магілай — кіпарысы…”.
Чытаў так пранікнёна, што слухачы не маглі стрымаць свайго хвалявання.
Гэта дзіцянё праніклася творчасцю, лёсам нашага Багдановіча, зразумела каштоўнасць беларускай мовы.
Максім Багдановіч — гэта загадка нашага часу, якая дагэтуль неразгаданая. Нарадзіўся ў Мінску, у 4 гады пераехаў у Гродна, жыў і вучыўся ў расійскіх Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі. Ніколі не хадзіў у беларускую школу, не чытаў беларускіх падручнікаў, не жыў у беларускамоўным асяроддзі, а так здолеў вывучыць беларускую мову, што ўзняўся на такую вышыню. Ён — паэт еўрапейскага ўзроўню. І мова — еўрапейскага кшталту, падкрэсліў прамоўца. У Багдановіча адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў — “Вянок”, і ён сведчыць пра эрудыцыю, пра значнасць твораў паэта. Анатоль Бутэвіч прывёў такую дэталь: зборнік М. Багдановіча “Вянок” выдаваўся за грошы Магдалены Радзівіл (“нашай Радзівіл”, удакладніў выступоўца). Яна выдаткоўвала грошы таксама на выданне твораў Канстанцыі Буйло, на кнігі, якія выходзілі ў выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца”.
Максім Багдановіч усё жыццё (свае няпоўныя 26 гадоў) прысвяціў Беларусі. Ён разумеў: мы, беларусы, цікавыя сваёй адметнасцю. Мы павінны быць разам, і тады толькі нашы адметнасць, каштоўнасць могуць праявіцца поўнасцю. Ён перакладаў замежных паэтаў, пісаў даследчыя артыкулы пра ўкраінскую і рускую літаратуру. Ён бачыў ролю беларуса ў чалавечым космасе.
Багдановіч апяваў беларускае, хаця тады не было такой дзяржавы — Беларусь — на карце свету. Быў Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. Тым не менш, ён услаўляў Беларусь, служыў ёй. Ягоны парыў, ягоная адданасць, цяга да роднай зямлі бачны, калі чытаеш Багдановіча.
“Народ, Беларускі Народ!”…
“Маці родная, Маці-Краіна!”…
Гэта радкі з вершаў Багдановіча. Анатоль Бутэвіч акцэнтуе: гэтыя словы напісаныя з вялікай літары. Бо для Багдановіча беларуская зямля была святой. Ён дапамог нам зразумець: хто мы, што мы, чаго прыйшлі на гэты свет.
— Гэта ўсё я зразумеў, працуючы за мяжой. Там у мяне пыталіся пра Беларусь, прасілі расказаць пра яе, — апавядае Анатоль Іванавіч. — Далёка не ўсе ведаюць, нават сёння, пра нашу Беларусь. Напрыклад, Ігнат Дамейка (ураджэнец в. Мядзведка Карэліцкага раёна. — Аўт.) — нацыянальны герой Чылі. У яго гонар там назвалі горад. У мяне пыталіся: прычым Дамейка да вашай зямлі. А гэта ж людзі з беларусаў, выхадцы ад нас. Мы, беларусы — нацыя донараў. Мы далі свету шмат сотняў людзей, якія сталі выбітнымі асобамі ў іншых краінах. Ні адзін урач не будзе ставіць нездаровы донарскі орган. Значыць, беларусы — нацыя здаровая. Наша зямля таксама вартая, каб узгадваць гэтых герояў. Іх трэба вярнуць назад, у наша лона. Няхай яны будуць героямі Чылі ці Амерыкі, няхай яны, як Сімяон Полацкі, выхоўвалі царскіх дзяцей у Расіі. Але ж яны нарадзіліся тут.
Анатоль Бутэвіч прызнаўся:
— За мяжой мне снілася Беларусь — сніўся наш хутар, грымоты, маланкі. Я бачыў свой Нясвіж, свой Сноў. Зразумеў: дзе б я ні быў, заўсёды буду хацець у свае Баяры. (У яго ёсць эсэ пра сваю вёску “У кожнага свае Баяры”, яна друкавалася ў нашай “раёнцы”. — Аўт.). Гэта было сапраўднае пачуццё. Мне хацелася здалёк прыехаць да мамы. Пабыўшы дома некалькі дзён, я зноў мусіў з’язджаць. І там, за мяжой, нарадзіліся мае словы: “Веру ў адзіную і непарушную, Богам дараваную, святую і непаўторную краіну нашу — Беларусь…”. Гэта мае словы прызнання Радзіме, выспеўшыя там, за мяжой”.
Дарэчы, успомніце, у Дуніна-Марцінкевіча ёсць радкі анала-гічнай тэматыкі:
“Што мне пекны Парыж,
Рым прыгожы і слынны,
Што швейцарскія горы,
старыя Афіны,
Што мне Вена, Мадрыд,
Што мне Лондан туманны,
Больш за ўсё я
бацькоўскаму краю адданы!”.
Мы выйшлі з гэтай зямлі. Гісторыя без нас не была б такой, як з намі. А ці ведаем мы гісторыю свайго роду? Нямногія. Але сёння ёсць магчымасць знайсці яе ў архівах. Даведацца, хто вы, адкуль вы, чые вы. Гэта будзе гісторыя нашай нацыі. Не бывае нацыі безыменнай. Не бывае гісторыі безыменнай. Яна складаецца з канкрэтных людзей, родаў, паселішчаў, вёсак, гарадоў.
У паўстанцаў Кастуся Каліноўскага былі пароль і водгук: “Каго любіш?” — “Люблю Беларусь”. — “То ўзаемна”. Вось сутнасць нашай нацыянальнай ідэалогіі. У гэтых словах усё, што казаў Максім Багдановіч, калі прасіў дазволу памерці за краіну Беларусь.
— Калі любіш Беларусь, — падкрэсліў Анатоль Іванавіч, — не будзеш шкодзіць, ганіць, нічога кепскага не будзеш рабіць.
Давайце ўзгадаем верш Янкі Купалы “Мая малітва”, пакладзены на музыку Алегам Моўчанам. І з якой пранікнёнасцю яе выконваюць “Песняры”:
“Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду
маліцца душой,
Каб чорныя долі
з мяцеліцаў шумамі
Ужо больш не шалелі
над роднай зямлёй”…
— Не ведаю, як вы, а я буду маліцца за сваю Беларусь, — запэўніў напрыканцы А.І. Бутэвіч.
Гэтая палымяная прамова не магла не крануць. Словы ішлі ад самага сэрца — шчырыя, добрыя. Словы сапраўднага патрыёта, які шмат робіць для таго, каб у свеце лепш і больш ведалі нашу краіну, які нясе беларускасць, замацоўвае ў нашай нацыянальнай свядомасці пачуццё гонару за родную зямлю, прымушае звярнуцца да сваіх каранёў. Гэта быў захапляльны ўрок гісторыі Беларусі і беларускага літаратуразнаўства, урок патрыятызму.
Нядаўна я прачытала ў адной з рэспубліканскіх газет інтэрв’ю з расійскім сацыёлагам пра даследаванні аб Беларусі і беларусах. Яно называлася “У Беларусі глыбокая каранёвая сістэма”. Такі вынік зрабілі вучоныя краіны-суседкі. Што ж, зразумела: чым мацней карані, тым багацей крона, тым весялей будуць цягнуцца яе галінкі ўверх, да сонца, да неба. А пад матчыным небам “нам цяплей і дабрэй”, сцвяр-джае Анатоль Іванавіч Бутэвіч.
Даўно няма хутара Язавец ля сноўскай шашы, дзе нарадзіўся 70 гадоў назад будучы пісьменнік. Цяпер там — шырокае калгаснае поле. Затое жыве побач вёска Баяры Ліпскага сельсавета, куды перасялілася ў свой час сям’я Бутэвічаў. І жыве вялікае прыцягненне, вялікая сынава любоў да той зямлі, яго маленькай радзімы.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.