Гісторыя дзяржавы складаецца з гісторый жыцця, учынкаў, подзвігаў, лёсаў асобных людзей. Кожны піша сваю біяграфію ўласнымі справамі, і ўсе яны яднаюцца ў адзінае цэлае — біяграфію краіны. І асабліва значна і каштоўна, калі справы гэтыя вельмі добрыя — стваральныя, міласэрныя, гераічныя. Дзеля міру, шчасця і дабрабыту. Усяго народа і кожнага чалавека паасобку.
Яркім прадстаўніком моладзі Нясвіжчыны ў 70-х — 80-х гадах мінулага стагоддзя была Тамара Гаціла — даярка, потым — начальнік малочна-таварнага комплексу “Карцэвічы” калгаса “Ра-дзіма”, удзельнік ХVIII з’езда ВЛКСМ.
Тамара нарадзілася ў Карэльскай АССР, дзе яе бацька, Аляксандр Іванавіч Бутэвіч, праходзіў звыштэрміновую службу ў арміі. Пасля ён з сям’ёй вярнуўся на Нясвіжчыну, у вёску Малева, адкуль і сам, і жонка Франя Баляславаўна былі родам. Працаваў у калгасе вадзіцелем. Пабудавалі яны ў Малеве сваю хату і засталіся тут назаўсёды. Дарэчы, мама Тамары Аляксандраўны, якой 86 гадоў, і зараз жыве ў сваім вясковым доме. Яна была ў калгасе паляводам, звеннявой па цукровых бураках, жывёлаводам. “Езджу да яе на веласіпедзе амаль кожны дзень, праведваю, дапамагаю. Жывём мы з ёю ў розных канцах Малева”, — расказвае Тамара Гаціла.
Раней у Малеве была пачатковая школа, дзе Тамара Бутэвіч і вучылася. Затым з 5 па 8 клас хадзіла ў Карцэвіцкую сярэднюю школу. А пасля васьмігодкі засталася цялятніцай на малёў-скай ферме. Праўда, працадні запісваліся на маці. У 1970 го-дзе дзяўчына радыкальна памяняла прафесію — стала паштальёнам у Карцэвіцкім паштовым аддзяленні і адпрацавала там па 1975-ы. Пасля ізноў вярнулася ў жывёлагадоўлю — хата мужа знаходзілася блізка ад фермы, жанчыне было зручней хадзіць на работу туды. Прапанавалі стаць даяркай — і Тамара прыступіла да новых абавязкаў. Карову даіць яна ўмела — і дзяўчынкай дома з ёй упраўлялася, і выйшаўшы замуж у новую сям’ю. Ферма ў Карцэвічах была яшчэ старая, кароў даілі ўручную. У групе налічвалася 13 галоў. Нялёгка было працаваць, але маладосць, энергічнасць пераважвалі, і дзяўчына не пасавала перад цяжкасцямі. Калі пабудавалі новы малочна-таварны комплекс, Тамара перайшла на яго. Даенне стала механізаваным, у бачкі. Спачатку група фірміравалася з 25 кароў, пазней — з 52. Павялічылася нагрузка — вырасла прадукцыйнасць працы. Радасна было ад таго, што створаны такія выдатныя ўмовы.
Знамянальным для Тамары Гаціла стаў 1978 год. Яе вырашылі накіраваць дэлегатам ад Нясвіжскага раёна ў складзе дэлегацыі Мінскай вобласці ў Маскву на ХVIII з’езд ВЛКСМ. Гэтую і нечаканую, і прыемную навіну ёй прынёс сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса “Радзіма” Міхаіл Кузьміч. Збіралася — безумоўна, хвалявалася. Усё-такі на дзесяць дзён ад’язджала. Дзяцей — пяцігадовую дачку і чатырохгадовага сына — згадзілася глядзець свякроў Зінаіда Рыгораўна. (“Добрая была ў мяне свякроў, такая памочніца!” — кажа Тамара Аляксандраўна). А яе групу кароў даручылі падменнай даярцы.
— З’езд праходзіў з 25 па 28 красавіка. Мы паехалі загадзя, — расказвае Тамара Гаціла. — З Мінска наш поезд на Маскву адпраўляўся а палове дзясятай увечары. Як прыгожа нас праводзілі! І цяпер тая музыка гучыць у вушах. На Беларускім вакзале раніцай дэлегацыю з Мінска горача, па-сяброўску сустрэлі камсамольскія актывісты Маскоўскага аўтамабільнага завода імя Ліхачова. Яны ўручылі кожнаму дэлегату жывыя кветкі. Шчырыя ўсмешкі масквічоў, іх гасціннасць узнімалі і без таго вясёлы настрой.
Рэгістрацыю дэлегаты праходзілі ў Георгіеўскай зале Крамля. Мы атрымалі тут часовыя пасведчанні і наручныя імянныя гадзіннікі. Пасялілі нас у гасцініцы “Масква”. З яе вокан былі бачны Красная плошча і маўзалей Леніна. Клаліся спаць і ўставалі пад бой крамлёўскіх курантаў.
Камсамольскі форум праходзіў у Палацы з’ездаў. Беларуская дэлегацыя знаходзілася на чацвёртым радзе, паблізу трыбуны. Маё месца было трыццаць пятае. Побач са мной сядзелі даярка з Барысаўскага раёна Раіса Аляшкевіч і заатэхнік-селекцыянер з Дзяржынскага раёна Тамара Гардашук.
Хвалюючымі, непаўторнымі былі дні работы з’езда. Цікава, што разам з савецкімі юнакамі і дзяўчатамі на форуме прысутнічалі лепшыя прадстаўнікі моладзі са 107 краін свету. З якой цеплынёй, авацыямі сустрэлі дэлегаты з’яўленне на трыбуне Генеральнага сакратара ЦК КПСС, Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Л.І. Брэжнева. Яго натхнёная прамова кранала сэрца кожнага юнака ці дзяўчыны, прымушала задумвацца над тым, што зроблена і што яшчэ трэба зрабіць. Мне, як работніцы сельскай гаспадаркі, асабліва запомніліся такія яго словы: “Зразумела, загадам у вёсцы заставацца не прымусіш. Стварэнне добрых умоў для жыцця і працы ў вёсцы, выхаванне павагі да працы земляроба, любві да роднай прыроды, да зямлі-матухны, умення і жадання прыкласці да яе свае рукі — вось наш метад прыцягнення падрастаючага пакалення да работы на палях і фермах”. Леанід Ільіч пад-крэсліў, што сельская моладзь увасабляе будучыню і ў многім вызначае сучаснае савецкай вёскі. Прыемна было чуць такое. Дарэчы, гэтыя словы актуальныя і зараз. Паглядзіце, колькі моладзі сёння шчыруе ў сельгас-прадпрыемствах — разумнай, энергічнай, неабыякавай, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Акрамя пасяджэнняў на з’ездзе, у дэлегатаў была насычаная праграма. Тамара Гаціла пабывала ў Савецкім Камітэце жанчын, дзе з камсамольцамі сустрэлася лётчык-касманаўт СССР В.М. Церашкова. Валянціне Мікалаеўне Тамара ўручыла беларускі сувенір — кнігу з нашымі нацыянальнымі арнаментамі, а ад яе атрымала фатаграфію з аўтографам і кнігу “Пытанне аб савецкай жанчыне”.
Пабывалі нашы землякі ў маўзалеі Леніна, у Лужніках, пагулялі па сталіцы. І проста ў гасцініцы “Масква” сустрэліся з лётчыкам-касманаўтам СССР П.І. Клімуком, ураджэнцам Брэсцкай вобласці. Шчырыя гутаркі, абмен думкамі ўносілі навізну ў светапогляд, узбагачалі змест жыцця. Як памяць аб важнай падзеі беражэ Тамара Аляксанд-раўна кнігу “Смялей наперад і цвярдзей крок!”, якую таксама ўручылі падчас з’езда. А на ёй — аўтографы лётчыка-касманаўта Пятра Клімука, беларускага паэта Генадзя Бураўкіна, залатых алімпійскіх прызёраў па фігурным катанні на каньках Наталлі Лінічук і Генадзя Карпаносава і іншых вядомых у Савецкім Саюзе людзей.
А сама кніжка — зборнік песень гераічнага гучання, пачынаючы з песень рэвалюцыйнага падполля і заканчваючы тымі, што былі папулярныя ў 60 — 70-я гады і сугучны іх падзеям: аб Радзіме, аб партыі і камсамоле, аб міры і дружбе, аб барацьбе за шчасце на зямлі. Гэта цэлая скарбонка! Успомніце, паважаныя чытачы, хто вучыўся ў школе ў той час, як на спевах хлопчыкі і дзяўчынкі ўрок за ўрокам развучвалі песні. “Смела, таварышы, у ногу!”, “Чырвоная Армія за ўсіх мацней”, “Гуляў па Урале Чапаеў-герой”, “Партыя — наш рулявы”, “Свяшчэнная вайна”, “Маленькі барабан-шчык”, “Песня аб трывожнай маладосці”, “Камсамольцы-добраахвотнікі”, “Няхай заўжды будзе сонца”, “Арляняты вучацца лятаць”… Добрыя патрыятычныя песні з’яўляліся адным са складнікаў ідэалагічнага выхавання ў савецкім грамадстве. Яны натхнялі на баявыя і працоўныя подзвігі: хтосьці ў гады вайны да апошняга стаяў у жорсткай схватцы з ворагам, хтосьці ўжо ў мірны час ехаў у Сібір будаваць Байкала-Амурскую магістраль, хтосьці ўздымаўся ўвысь, на спатканне з зоркамі, а хтосьці апускаўся ў глыбіні зямныя…
— Цікавым было наша жыццё, — кажа мая суразмоўца.
Так. Былі, вядома, і цяжкасці, жылі бядней. Але было больш рамантыкі, узнёсласці, інтэрнацыянальнага пачуцця і павагі, патрыятызму і шчырасці, высакароднасці, вялікага жадання ісці і ісці ўперад, заваёўваць новыя вяршыні.
Вось з такой узнёсласцю, натхненнем і вярнулася Тамара Гаціла з Масквы ў свой калгас, да сваіх каровак. Дзялілася з калегамі ўражаннямі ад з’езда. Запрашалі выступаць у Карцэвіцкую СШ, у сярэднюю школу № 1 г. Нясвіжа. Работа ў маладой даяркі ладзілася, але Тамара ўжо вырашыла, што нельга стаяць на адным месцы, трэба рухацца далей. І паступіла завочна ў сель-скагаспадарчы тэхнікум у Смілавічах, каб стаць заатэхнікам. А закончыла вучобу — ёй прапанавалі пасаду начальніка комплексу. Там працавалі 35 чалавек. Малады кіраўнік вучылася даваць заданні, патрабаваць, кантраляваць, працаваць з дакументамі. Наогул, арганізоўваць работу так, каб яна прыносіла найбольшую аддачу. Тамара Аляксандраўна ўдзячная Леаніле Антонаўне Махалік, якая была тады галоўным заатэхнікам калгаса і вучыла Тамару складанню справаздач і іншым прамудрасцям.
— Я ёй магу ўсе самыя цёплыя словы адрасаваць, бо была — як мама, — кажа Тамара Аляксандраўна. — Дапамагала мне і лабарант комплексу Зоя Ладзята. Дарэчы, Зоя ўзначальвала пярвічную камсамольскую арганізацыю на нашым комплексе. Шчыравалі ў калектыве маладыя даяркі Надзея Усовіч і Рэгіна Драчан, Таццяна Косава была ў мяне памочнікам. Працавалі з задорам, з іскрынкай, займаліся рознымі грамадскімі справамі, было весела і цікава.
Тамара Гаціла стала членам партыі.
Даяркі Валянціна Ігнатчык, Тэрэза Гаціла і Надзея Усовіч хадзілі ў перадавіках, з іх бралі прыклад астатнія. І наогул, на комплексе ўжо тады ад каровы надойвалі па 4800-4900 кілаграмаў малака ў год. Гэта на той час былі высокія паказчыкі.
Аб тым, што Тамара Гаціла была старанным работнікам і яе за гэта цанілі, сведчаць шматлікія граматы. У 1978 годзе за заслугі перад камсамолам і ў сувязі з 60-годдзем ВЛКСМ яе ўзнагародзілі Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ. У 1980 годзе за актыўны ўдзел у гаспадарчым і культурным будаўніцтве, плённую работу па камуністычным выхаванні моладзі і ў сувязі з 60-годдзем ЛКСМБ — Граматай Вярхоўнага Савета БССР. У тым жа 80-м за добрую вучобу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці тэхнікума — Граматай Беларускага завочнага сельскагаспадарчага тэхнікума.
А ў 1985-м годзе выканкам Карцэвіцкага сельскага Савета народных дэпутатаў узнагародзіў дыпломам пераможцы ў сацыялістычным спаборніцтве за 1984 год калектыў МТФ № 2 (заг. Т.А. Гаціла, дэпутат Карцэ-віцкага сельскага Савета народных дэпутатаў) за добрыя вытворчыя паказчыкі. Ёсць і Ганаровая грамата парткама, мясцкама, камітэта камсамола, праўлення калгаса “Радзіма” за дасягненні найвышэйшых паказчыкаў у сацыялістычным спаборніцтве сярод жывёлаводаў калгаса.
Разам са сваімі працоўнымі адзнакамі захоўвае і Ганаровую Ленінскую Грамату за самаадданую працу і выкананне пяцігадовага задання да 110-й гадавіны з дня нараджэння У.І. Леніна, якую ў 1980 годзе ўручылі яе мужу Мікалаю Антонавічу, вадзіцелю калгаса “Радзіма”. Падпісана яна сакратаром Нясвіжскага РК КПБ М. Бандарчыкам, старшынёй выканкама райсавета народных дэпутатаў А. Бычакам і сакратаром Нясвіжскага РК ЛКСМБ В. Сталярчуком. Мікалай Гаціла 15 гадоў назад, на жаль, пайшоў з жыцця, а вось памяць пра яго добрыя справы захавалася.
Начальнікам комплексу Тамара Гаціла працавала да пенсійнага ўзросту. Затым на ферме “Малева” — памочнікам загадчыка фермы Марыі Петраш, пазней — заатэхнікам-селекцыянерам у гаспадарцы.
Цяпер яна зноў паштальёнам. Ужо тры гады. У дзяцей — свае сем’і, унукі выраслі. І дома, лічыць, адной сядзець неяк няўтульна. Лепей быць сярод людзей, прыносіць карысць грамадству.
29 кастрычніка Тамара Аляксандраўна з задавальненнем глядзела па тэлевізары ўрачыстасці, што праходзілі ў Мінску з нагоды 100-годдзя ВЛКСМ. Гля-дзела на засяроджаныя, натхнёныя, усхваляваныя твары юнакоў і дзяўчат, думала: “І маё юнацтва было цікавым”.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота з дамашняга архіва Т.А. Гаціла.