Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў ЗША, якія наведалі Беларусь.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта сустрэча важная не толькі для беларуска-амерыканскіх адносін, але і для ўсяго еўрапейскага рэгіёна ў цэлым. «Цяпер ваенна-палітычная сітуацыя ва Усходняй Еўропе застаецца вельмі няпростай, ды і ў Еўропе ў цэлым. На жаль, з існуючага становішча няма відавочнага выйсця, — сказаў Прэзідэнт. — Палітыкі, якія знаходзяцца ў палоне сваёй рыторыкі, не могуць дамовіцца. Ваенныя, як заўсёды, спадзяюцца на лепшае, але вымушаны рыхтавацца да горшага. У той жа час зусім побач — ва Украіне — прадаўжаюць гінуць людзі. Ваш цяперашні статус і фармат нашай сустрэчы даюць магчымасць адкрыта абмеркаваць важнейшыя пытанні нашага рэгіёна».
Аляксандр Лукашэнка ў пачатку сустрэчы абазначыў некалькі ключавых тэзісаў. Ён падкрэсліў, што Беларусь — маладая суверэнная дзяржава, якая праводзіць самастойную знешнюю палітыку і мае ўзважаную прагматычную пазіцыю па шырокім спектры праблемных пытанняў міжнароднай бяспекі. «Аднаўляючы нармальныя адно-сіны з ЗША, падтрымліваючы добрасуседскія сувязі з Еўрапейскім саюзам, пашыраючы партнёрства з НАТА, Беларусь імкнецца да выбудоўвання раўнапраўнага дыялогу з усімі. Мы выступаем за павышэнне адкрытасці і развіццё ўзаемаразумення ў рамках умацавання рэгіянальнай бяспекі», — заявіў беларускі лідар. Паводле яго слоў, значную ўвагу Беларусь удзяляе праблемным пытанням з дзяржавамі-суседзямі. «Размова ідзе як пра краіны-члены НАТА, так і пра тых, хто не ўваходзіць у склад Альянсу», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт канстатаваў, што Беларусь знаходзіцца паміж двума буйнейшымі цэнтрамі сілы. «Вам як экспертам не толькі ў сферы знешняй палітыкі, але і ў ваенна-палітычных пытаннях не трэба тлумачыць, чым можа пагражаць нам любая ваенная канфрантацыя паміж Захадам і Усходам. Наша краіна катэгарычна не зацікаўлена ў канфліктах — ні ў гарачых, ні ў замарожаных. Ні ў суседзяў, ні тым больш на сваёй тэрыторыі», — ад-значыў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ваенная дактрына Беларусі мае выключна абарончы характар: «Мной не раз адзначалася, што з нашага боку ніколі не будзе зыходзіць пагроза суседзям». Пра балбатню на тэму ваеннай базы Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў і аб тым, што Беларусь знахо-дзіцца ў ваенным саюзе з Расіяй, у якой адносіны з Захадам цяпер не самыя лепшыя. «Тым не менш на тэрыторыі Беларусі да гэтага часу няма ніякіх баз іншых дзяржаў», — заўважыў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Узброеныя Сілы Беларусі, якія ўжо чатыры разы рэфармаваліся, могуць гарантаваць бяспеку краіны і выканаць свае функцыі лепш, чым любая іншая дзяржава, у тым ліку Расія. «Па сваёй падрыхтаванасці, мэтанакіраванасці, па сваёй эфектыўнасці. Я гавару гэта адкрыта. Таму нам не патрэбны ніякія базы. Калі яны патрэбны будуць, мы аб гэтым скажам сумленна», — ад-значыў Прэзідэнт. Адначасова ён падкрэсліў, што калі НАТА будзе прадаўжаць «запалохваць», размяшчаючы базы ў Польшчы, або яшчэ нейкім чынам, то Беларусі будзе патрэбна больш эфектыўная зброя, перш за ўсё ракетная.
«Разумеючы, што наша бяспека залежыць непасрэдна ад сітуацыі вакол нас, мы прыкладаем намаганні, каб стабілізаваць рэгіянальную абстаноўку, а не разварушваць яе, не напружваць. У цяперашніх умовах любыя дзеянні, якія парушаюць няўстойлівы статус-кво ў рэгіёне, могуць прывесці да чарговага вітка эскалацыі, які абавязкова закране і нашу краіну», — пад-крэсліў Аляксандр Лукашэнка.
blr.belta.by.