Максім Хвіцька ўжо не першы год летні адпускнік. Ды не таму, што хочацца адпачыць у самую цёплую пару года. Прычына ўважлівая. Больш дзесяці сезонаў запар Максім разам з бацькам-механізатарам ААТ “Сейлавічы” Вячаславам Канстанцінавічам кожную ўборачную кампанію разам з арміяй іншых працавітых людзей Беларусі прымаюць галоўны дар зямлі-карміцелькі — збіраюць ураджай збожжа.
У гэтай галіне сямейны экіпаж дабіўся пэўных вышынь — некалькі разоў станавіўся пераможцам раённага спаборніцтва, браў удзел у абласным свяце хлебаробаў.
Практычна ніколі не спыняюцца з-за паломак, тэхніку загадзя стараюцца падрыхтаваць на-дзейна, бо як да яе адносішся, так яна і працуе — лічаць Вячаслаў і Максім Хвіцькі. Былі гады, калі намалоты складалі і тры тысячы. Гэты год, праўда, слабей, але зрабілі ўсё магчымае, прызналіся яны. Падвяло крыху надвор’е, таму і ўраджай іншы.
Сёння з усмешкай на твары Максім успамінае, як бацька ўпершыню прапанаваў паспрабаваць свае сілы на збожжавай ніве ў якасці памочніка камбайнера. Так склаўся гэты моцны сямейны экіпаж. А капітан міліцыі Нясвіжскага РАУС штогод змяняе свой род дзейнасці, мяняючы міліцэйскую форму на адзенне хлебароба.
— Лічу, што такія перыядычныя змены — гэта добра, — дзеліцца Максім Вячаслававіч. І працягвае:
— Мы, супрацоўнікі міліцыі, забяспечваем парадак у час правядзення ўборачнай кампаніі, спыняем факты безгаспадарчасці і крадзяжоў, арганізоў-ваем рэйды па сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна па захоўванні і падрыхтоўцы тэхнікі на мехдварах, сочым, як выконваецца закон па абмежаванні продажу спіртных напояў у час уборачнай, як дастаўляецца з палёў ураджай, як ён захоўваецца і іншае.
А вось працуючы на камбайне, шырокай жняярцы якога кланяюцца налітыя каласы, паспяваеш заўважаць усю тую прыгажосць роднага краю і яго палеткаў з бусламі. Разумееш — вось яна, рамантыка працы хлебароба. І я вельмі ўдзячны бацьку за тое, што паўсядзённы рытм міліцэйскіх будняў на некалькі тыдняў магу змяніць на ўсё гэта. Нездарма і назва нашай вёскі Сейлавічы некалі пайшла ад сейбітаў, якія жылі на гэтай зямлі.
Сям’ю Максіма ведаюць як працавітую. Бо, як кажуць, у вёсцы, дзе вырас малады чалавек, нічога не хаваецца ад чужога вока. Прывыклі Хвіцькі працаваць, бо ўпэўнены: нічога ў жыцці проста так не даецца. А за шчырую працавітасць і пашана ім — і на ўрачыстых цырымоніях ушаноўвання лепшых работнікаў аграрнай галіны, і ад самой зямелькі-маці, да якой адносяцца яны з любоўю.
Што аб’ядноўвае гэтых двух мужчын? Не толькі адказнасць да любой справы. У іх — агульная радзіма. Так, тая самая маленькая радзіма, дзе адзін і другі з’явіліся на свет. Праўда, успаміны з дзяцінства ў іх розныя, а вось краявіды за ваколіцай былі і застаюцца адны і тыя ж: лес, куды яны ходзяць па грыбы, абсягі са збожжавымі нівамі, што чакаюць іх “карабель палёў”.
— Я заўсёды з задавальненнем вяртаюся ў бацькоўскі дом, дзе сустракае мама, дзе на любое маё запытанне дасць слушную параду бацька. На тое яны і бацькі, каб іх слухаць. Ды і агульны сямейны стаж у іх унушальны — амаль чатыры дзесяцігоддзі.
Люблю, калі атрымліваецца бываць дома ў нядзелю, калі па добрай традыцыі мама пячэ аладкі, ставіць да іх прысмакі. Садзімся за стол разам — і, здаецца, няма лепшых хвілін, якія аб’ядноўваюць нашу сям’ю.
— Ці падарожнічала калі-небудзь ваша сям’я? — пытаюся я.
— Каб нешта расказаць такое пра дзяцінства, дык не памятаю, каб мы падарожнічалі, — адказвае Максім. — Тата практычна заўсёды быў заняты на працы. Помню, што ўсё дома было на маме. Мы з сястрой прачынаемся — тата ўжо пайшоў на работу, кладзёмся спаць увечары — яго яшчэ няма. Атрымалася так, што, маючы адукацыю агранома, ён усё жыццё працуе механізатарам. Помню яго “Кіравец”. Вялікі трактар з плугамі. Разам з бацькам — я, маленькі, ехаў у кабіне, бо мяне не было з кім пакінуць дома, і назіраў, як за намі роўнымі лустамі кладуцца заараныя барозны…
— Што ўзялі ад бацькі, чаму навучыў ён за час работы на камбайне?
— Падлеткам я многаму навучыўся ў бацькі. Асабліва правільнаму карыстанню тэхнікай. Пазней, дзякуючы яму, як вопытнаму аграрыю, я адказваў за наладку абсталявання камбайна, каб пазбегнуць страт у час уборкі, засвоіў устройства больш складаных тэхналагічных вузлоў машыны. Пачыналі мы разам некалі на “Лідзе”, а сёння працуем на “Лексіёне”. Удасканаленая тэхніка, камфортная кабіна з клімат-кантролем.
Адлучацца ў гарачую ўборачную пару з поля не трэба, бо на месцы механізатараў кормяць смачнымі абедамі. Што і казаць, клапоцяцца пра людзей у сельгаспрадпрыемстве.
У апошнія гады змяніўся і наш населены пункт, дзе прайшло маё дзяцінства. Вёска змяніла свой статус. Сёння Сейлавічы — аграгарадок, з заасфальтаванымі вуліцамі, дбайнымі гаспадарамі, добрымі суседзямі, — расказвае мой суразмоўца. Заўважаю ў час размовы, што не забывае Максім і сцежкі, якія ў дзяцінстве вялі на лепшае месца адпачынку — школьны стадыён. Сёння малады мужчына падтрымлівае сябе ў спартыўнай форме — займаецца барацьбой, валейболам, футболам, поўнасцю прытрымліваецца здаровага ладу жыцця.
Дарэчы, усе дамашнія Максіма — прыхільнікі беларускай нацыянальнай кухні. Дранікі, калдуны, зразы з бульбы — сярод самых любімых страў.
Так проста ў мяне атрымалася размова з Максімам Вячаслава-вічам Хвіцькам, старшым участковым інспектарам міліцыі Нясвіжскага РАУС. Дарэчы, згодна з рашэннем Нясвіжскага райвыканкама, сёлета яму прысвоена званне “Лепшы па прафесіі” па выніках работы за 2017 год. Пасля такіх сустрэч становішся яшчэ больш упэўненым у тым, што Нясвіжчына можа ганарыцца сваёй моладдзю, якая жыве з павагай да сваіх каранёў, да сваёй малой радзімы.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.