Чарговы навучальны год распачаўся не толькі ў школах, але і дашкольных установах. Як вядома, у сучасным садку і забаўляюць, і клапоцяцца пра здароўе, і выхоўваюць, і навучаюць. 31 жніўня прасторная, але ўтульная тэрыторыя нясвіжскага садка №4 стала месцам Свята ведаў. Дружнай грамадой — а гэта педкалектыў установы, дзеці і іх бацькі, зацікаўленыя госці — падсумоўвалі набыткі, прэзентавалі напрацоўкі, абмяркоўвалі новыя праекты.
Адна з адметнасцей працы кіраўніцтва і выхавацеляў “Карабліка дзяцінства” — разнастайнасць падыходаў у засваенні беларусазнаўства, набыткаў матэрыяльнай і духоўнай культуры народа, найперш — роднай мовы. Беларускае слоўка, трапны народны выраз тут на кожным кроку, куды ні глянь.
Падзеяй свята стала “здача пад ключ” новага выхаваўчага аб’екта — “Альтанкі дзяцінства” — беларускай хаткі з усім яе празаічна-паўсядзённым і духоўна-святочным начыннем. А госці да гэтага падарылі яшчэ макацёр на лаўку, капылок пад лаўку ды коціка на лежачок печы.
Добрая, амаль казачная задума набыла сваю рэальную канкрэтыку і выхаваўчую нагляднасць. Няма сумнення, “Альтанка” стане гасцінным і ўтульным класам, дзе маленькія выхаванцы атрымаюць урокі памяці, народнай мудрасці і сэнсу. Без гэтага навыку чалавек становіцца ў моры жыцця не трывалым караблём, што кіруе да сваёй мэты, а класічнай трэскай на хвалях. На адкрыцці “Альтанкі” было прыемна заўважыць, што ў выхавацеляў садка дастаткова энтузіязму і творчага натхнення, каб што- дня працаваць у абраным напрамку з любоўю і разуменнем педагагічнай задачы.
Гэта — цудоўны працяг даўно распачатай справы. Застаецца спадзявацца, што “Альтанка” стане школай і для дарослых, будзе ўзорнай пляцоўкай для пераймання добрага вопыту ў развіцці народнай педагогікі, пашырэнні беларускага мовакарыстання.
Наталля ПЛАКСА,
старшыня раённай
арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны”.