Каля 90 касманаўтаў прыме ўдзел у 31-м міжнародным кангрэсе Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у Мінску. Кангрэс пройдзе ў беларускай сталіцы з 9 па 15 верасня. Агульная колькасць яго ўдзельнікаў — больш як 200 спецыялістаў з 19 краін: Германіі, Нідэрландаў, Швецыі, Аўстрыі, Кітая і іншых.
— Самымі прадстаўнічымі будуць дэлегацыі з Расіі і ЗША, — расказаў журналістам намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Кілін. — Мы чакаем у госці першага кітайскага касманаўта Яна Лівэя, першую жанчыну-касманаўта, якая выйшла ў адкрыты космас, — Святлану Савіцкую, Сяргея Крыкалёва — касманаўта, які правёў у касмічных камандзіроўках увогуле практычна тры гады свайго жыцця (803 дні). Кангрэс наведае і легендарны савецкі касманаўт Віктар Савіных. Палёт Ула-дзіміра Джанібекава і Віктара Савіных стаў адной з самых складаных місій у гісторыі сусветнай касманаўтыкі. Перад імі стаяла задача — прыстыкавацца ўручную да некіраванага “Салюта-7” і рэанімаваць касмічную станцыю пасля адключэння энергасістэмы. Іх подзвіг быў пакладзены ў аснову аднайменнага мастацкага фільма.
Асацыяцыя ўдзельнікаў кас-мічных палётаў у Мінску (АУКП) — міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая аб’ядноўвае касманаўтаў з многіх краін. Яна была створана больш як 30 гадоў таму для абмену вопытам у галіне пілатаваных касмічных палётаў. Міжнародны кангрэс АУКП збірае штогод касманаўтаў, прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў і нацыянальных касмічных агенцтваў. Напрыклад, у Мінску запланаваны чатыры тэхнічныя сесіі, падчас кангрэса будуць за-слуханы таксама справаздачы касманаўтаў, якія пабывалі за апошні год на Міжнароднай касмічнай станцыі.
— Правядзенне міжнароднага кангрэса ў Мінску — добры спосаб нагадаць усім пра Беларусь як пра касмічную дзяржаву, — падкрэсліў Сяргей Кілін. — На кангрэсе будуць абмяркоўвацца расійскія касмічныя праграмы, праграмы NАSА, нацэленыя на аднаўленне даследаванняў Месяца, стварэнне месяцовай арбітальнай станцыі, палёт на Марс, а таксама праекты па падрыхтоўцы чалавека да працяглых палётаў. Дарэчы, беларусам было прапанавана ўдзельнічаць у праекце SІRІUS са сваімі заданнямі і, магчыма, наш чалавек будзе ўключаны ў эксперыменты па знаходжанні ва ўмовах працяглай ізаляцыі ў абстаноўцы, якая мадэлюе абстаноўку на касмічным караблі.
Сяргей Кілін падкрэсліў, што сёння цэлы пласт эканаміч-ных праблем вырашаецца толькі з дапамогай касмічных тэхналогій: ад маніторынгу надзвычайных сітуацый і забеспячэння мабільнай сувязі да будаўніцтва дарог і кантролю за эпідэміямі.
Шмат увагі падчас кангрэса будзе прысвечана папулярызацыі касмічных праграм і даследаванняў сярод моладзі, бо сёння мала хто з падрастаючага пакалення цікавіцца космасам — мода прайшла… Будзе арганізаваны шэраг сустрэч касманаўтаў са школьнікамі і студэнцкай моладдзю. У Мінск для гэтага прыедуць прадстаўнікі з усіх абласцей. Таксама ў Цэнтральным батаніч-ным садзе будзе закладзена алея касманаўтаў, а на вуліцы Касманаўтаў у Мінску адкрыецца памятны знак “Беларусам — героям космасу” работы скульптара Івана Міско.
Надзея НІКАЛАЕВА,
“Звязда”.