Меню
Курс $  3.28 | €  3.5 | ₽100  3.07 |
Погода 4 °C

Музычны марафон у “беларускім Версалі”

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 29.06.2018

(Заканчэнне. Пачатак у №47)

“Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” адкрыла канцэртная праграма “Беларускі рамантызм”. Яна прагучала ў касцёле Божага Цела, які, нагадаем, з’яўляецца першым помнікам архітэктуры барока ва Усходняй Еўропе. У яго напоўненых малітоўнай атмасферай сценах па-асабліваму прагучалі творы кампазітараў эпохі рамантызму — “Ave Maria” Шуберта, “Малітва” Людвіга Навіцкага, “Гімн да Пана Езуса” Станіслава Манюшкі і многія іншыя цудоўныя творы духоўнай тэматыкі, якія прадставілі слухачам салісты оперы, лаўрэаты міжнародных і нацыянальнага конкурсаў Ірына Кучынская, Наталля Акініна (фота 3), Юрый Гарадзецкі і Сяргей Лазарэвіч (фота 2), а таксама лаўрэат міжнароднага фестывалю Ларыса Церахава (партыя фартэпіяна) і Дзмітрый Гарбачук (труба).



Фота 1     

Першы дзень вялікай музычнай імпрэзы працягнуў “Вечар класічнага балета”, які стаў сапраўдным найкаштоўнешым падарункам для аматараў харэаграфічнага мастацтва. Несвіжане і госці горада атрымалі магчымасць убачыць ва ўнутраным двары замка аднаактны балет “Санэты” (фота 5) на музыку Піцера Уорлака і Ральфа Ваан-Уільямса, прэм’ера якога адбылася ў Вялікім тэатры два гады таму. У ім гучаць творы Шэкспіра: санэт №25 пачынае гэту незвычайную харэаграфічную пастаноўку Аляксандры Ціхаміравай, а санэт №27 яе завяршае, а паміж імі галоўныя героі — Паэт, Каханне, Белы і Чорны анёлы мовай танца ўвасабляюць вобразы і пачуцці, якія жывуць паміж радкоў шэкспіраўскіх санэтаў і кранаюць душу чалавека ва ўсе часы незалежна ад узросту і нацыянальнасці.

Фота 2

Фота 3

Пра ўрыўкі з “Лебядзінага возера” (фота 9) і “Карсара” і казаць няма чаго: першы балет даўно лічыцца кананічным творам, а другі паўтара стагоддзя ўпрыгожвае рэпертуар лепшых сусветных тэатраў разам з ужо названым “Лебядзіным возерам” і “Жызэллю”. Авацыі гледачоў сталі чарговым таму пацвярджэннем.

Другі дзень фестывалю Вялікага тэатра Беларусі ў Нясвіжы пачаўся з канцэрта “Чатыры стагоддзі беларускай вакальнай музыкі” (фота 6), які адбыўся ў Тэатральнай зале замка Ра-дзівілаў. Салісты оперы, фіналісты конкурсу “Вялікая опера” на тэлеканале “Культура”, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, уладальнікі медаля Францыска Скарыны Юрый Гарадзецкі і Ілья Сільчукоў у фартэпіянным суправаджэнні Паліны Задрэйка і Дзіяны Маршневай  выканалі тут вакальныя творы, якія адлюстравалі гісторыю развіцця нацыянальнай музыкі ад ХVІІ да ХХ стагоддзя. Дзякуючы змястоўным каментарыям вядучага канцэрта, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, мастацкага кіраўніка Беларускай капэлы Віктара Скарабагатава, слухачы не толькі сустрэліся з цудоўнымі творамі, пачынаючы ад песень са славутага “Полацкага сшытка” і заканчваючы “Шумнымі бярозамі” Рыгора Пукста на верш Янкі Купалы, але і даведаліся шмат цікавага пра Язэпа Казлоўскага, Антонія Радзівіла, Станіслава Манюшку і іншых кампазітараў, чые імёны ўвайшлі ў гісторыю беларускай музыкі.

Фота 4

Фота 5

Праз некалькі гадзін у той жа Тэатральнай зале прыхільнікаў раманса парадавала канцэртная праграма “Вечар рамансаў Сяргея Рахманінава”, падчас якой у выкананні салісткі оперы, лаўрэата міжнароднага конкурсу Кацярыны Галаўлёвай (фота 1) прагучалі папулярныя “Вясновыя воды”, “Урывак з Мюсэ”, “О, не сумуй!”, “Перад іконай” і іншыя вядомыя вакальныя творы гэтага кампазітара.

Вечар суботы — другога дня вялікага музычнага фэсту — прайшоў на шчымлівай ноце вялікага, але трагічнага кахання, якое было прынесена ў ахвяру людскім плёткам і ўмоўнасцям свету. Ва ўнутраным двары замка перад гледачамі паўстала славутая “Травіата” Вердзі, якая, як падкрэсліў падчас прэс-канферэнцыі дырэктар тэатра Уладзімір Гры-дзюшка, з’яўляецца адной з трох самых бліскучых перлін опернага мастацтва разам з “Кармэн” Бізэ і “Багемай” Пучыні. Гісторыя кахання і смерці парыжскай куртызанкі, прыгажуні Віялеты Валеры, “асучасненая” ў новай пастаноўцы ад рэжысёра Андрэйса Жагарса, адкрыла гэты тэатральны сезон, і, дзякуючы “Вечарам Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, мы змаглі яе ўбачыць і на нясвіжскай зямлі.

У нядзелю, 24 чэрвеня, вядучыя салісты беларускай оперы і балета, а таксама музыканты струннага квінтэта “Серэнада” сабралі прыхільнікаў музыкі танга ў Тэатральнай зале замка, дзе для іх прагучаў канцэрт “Мілонга з “Серэнадай”. Дарэчы, слова “мілонга” мае два значэнні — “лацінаамерыканскі танец” і “вечар музыкі танга”. Другое значэнне якраз адпавядала канцэрту. Захапляльныя мелодыі ў выкананні заслужанай артысткі рэспублікі Беларусь Алены Сало, дыпламанта міжнародных конкурсаў, уладальніцы медаля Францыска Скарыны Таццяны Траццяк і струннага квінтэта “Серэнада” поўнасцю пакарылі залу. Калі ж дадаць сюды музычныя сюрпрызы ў выглядзе віртуёзнага сола на гітары лаўрэата міжнародных конкурсаў Яраслава Макарыча і танга ў выкананні артыстаў балета Іжэны Квашынай і Паўла Чванава (фота 7), то стане зразумелым, чаму публіка так доўга не жадала адпускаць музыкантаў са сцэны, асыпаючы іх авацыямі.

Фота 6

Фота 7

Фота 8

Фота 9

Завяршыў 9-ы фестываль класічнага тэатральнага мастацтва ў Нясвіжы гала-канцэрт зорак оперы і балета “Радзівілаўскі баль, альбо Тэатральная імпрэза ў гонар лета” (фота 8), які адбыўся ва ўнутраным двары замка ў выгля-дзе балю, што давалі Уршуля і Міхал Казімір Радзівіл. Іх вобразы ўвасобілі народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна і Сяргей Франкоўскі (фота 4). Госці балю — салісты оперы Вялікага тэатра Беларусі, артысты хору, балета і міманса — парадавалі гледачоў вядомымі опернымі арыямі і дуэтамі, яскравымі ўзорамі балетных шэдэўраў, сапраўднымі перлінамі сусветнай музычнай спадчыны, якія пераходзяць з пакалення ў пакаленне і не толькі не цьмянеюць ад часу, але толькі пераліваюцца ўсё новымі адценнямі.

Правядзенне “Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” стала магчымым, дзякуючы сумеснай працы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” пры падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта. Пастаяннымі ўдзельнікамі праекта таксама з’яўляюцца яго генеральны партнёр МТС і аўтамабільны партнёр “Фальксваген”.

І, як неаднаразова заўважаў у гутарках з журналістамі дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка, тое, што сёлетнія “Вечары” прахо-дзяць у Год малой радзімы, — гэта асабліва сімвалічна, таму што Вялікі тэатр і вялікае мастацтва, дзякуючы гэтаму праекту, становяцца яшчэ бліжэй да тых, чыя малая радзіма — невялікія гарады і вёскі, каму прасцей дабрацца да Нясвіжа, чым да Мінска. Гэта выдатна працуе на карысць папулярызацыі класічнага мастацтва і на радасць яго прыхільнікам, якія штогод чакаюць “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” як сапраўднае свята — яскравае, незабыўнае і кожны раз па-новаму захапляльнае.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Аляксандра

ДЗІДЗЕВІЧА, Іны ВАСІЛЕВІЧ,

Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!