Барыс Леанідавіч Пастэрнак нарадзіўся ў творчай сям’і. І невыпадкова, што і сам пайшоў па жыцці ў гэтым накірунку, толькі займацца стаў літаратурай, тады як бацькі былі звязаныя з музыкай і мастацтвам.
Пастэрнак прайшоў даволі супярэчлівы творчы шлях, у прынцыпе, як і жыццёвы. Спрабаваць сябе ў паэзіі ён пачаў яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, адчуўшы сябе літаратам у 1913 годзе, калі выйшла яго кніга “Блізнюк у хмарах”. Пасля рэвалюцыі 1917 года паэт займаў нейтральную пазіцыю ў літаратурных колах, хоць і лічыцца, што Уладзімір Маякоўскі аказаў некаторы ўплыў на паэта, як і некаторыя футурысты таго часу, суполкі якіх паэт наведваў.
Перыяд творчай адасобленасці паэта змяніў перыяд афіцыйнага прызнання з боку савецкай улады, якому не перашкодзіў нават той факт, што сям’я Барыса Леанідавіча — бацька і сёстры — эмігрыравала ў Германію. Праўда, трэба прызнацца, што гэты перыяд быў даволі невялікім — дзесьці з канца 20-х гадоў да сярэдзіны 30-х. Кнігі паэта выходзілі і перавыдаваліся ў той час даволі рэгулярна. Але ўжо ў 1936 годзе ўлады абвінавацілі яго ў “светапоглядзе, які не адпавядае эпосе”. Паэт быў вымушаны ў далейшым больш займацца перакладамі і прозай на сваёй дачы, куды ён пераехаў у тым жа 1936-м з Масквы.
Разам з тым, Пастэрнак здолеў пазбегнуць арыштаў, нягледзячы на далейшае з кожным годам усё большае цкаванне і крытыку, пікам якіх стала прысуджэнне яму ў 1958 годзе Нобелеўскай прэміі за раман “Доктар Жывага”, які Барыс Леанідавіч пісаў з 1945 па 1955 гады. Пад ціскам улады Барыс Пастэрнак быў вымушаны адмовіцца ад прэміі.
Для свайго перакладу, паважаныя чытачы, я абраў твор паэта, напісаны ў 1931 годзе і прысвечаны яго каханай Зінаідзе Нейгаўз. Найбольш значныя падзеі ў жыцці аўтара можна адсочваць па яго лірыцы, як і многіх іншых выдатных паэтаў таго часу — Мендэльштама, Цвятаевай, Ахматавай. Для таго, каб быць разам, закаханыя пакінулі свае сем’і. Для Пастэрнака гэта было нялёгкай справай, што адчуваецца ў вершы: “мінулых дзён маркота” — вось якія словы выбірае паэт, каб апісаць свае сумненні, віну ў тым, што сям’я распалася і сын застаўся без бацькі ён цалкам ускладвае на сябе. Нягледзячы на хістанні, паэт прызнаецца, як ён уражаны з’яўленнем у жыцці новага кахання, аўтар пераконвае сябе, нас у тым, што ніякага іншага выхаду, акрамя таго, як паддацца новай праяве — каханню — у яго няма.
Никого не будет
в доме
Никого не будет в доме,
Кроме сумерек. Один
Зимний день в сквозном проеме
Незадернутых гардин.
Только белых мокрых комьев
Быстрый промельк моховой,
Только крыши, снег, и, кроме
Крыш и снега, никого.
И опять зачертит иней,
И опять завертит мной
Прошлогоднее унынье
И дела зимы иной.
И опять кольнут доныне
Неотпущенной виной,
И окно по крестовине
Сдавит голод дровяной.
Но нежданно по портьере
Пробежит сомненья дрожь, —
Тишину шагами меря.
Ты, как будущность, войдешь.
Ты появишься из двери
В чем-то белом, без причуд,
В чем-то, впрямь из тех материй,
Из которых хлопья шьют.
Борис Пастернак.
Нікога не будзе
ў доме
Не будзе больш нікога ў доме,
Апроч змяркання. І адзін
Зімовы дзень ў скразным праёме
Незавешаных гардзін.
Сняжынак бель, як дапамога —
І мімаходам, быццам бег.
Ёсць дахі, снег — і больш нікога,
Тут толькі дахі ёсць і снег.
Зачэрціць іней зноўку слотна
І развярэдзіць неспакой
Ужо мінулых дзён маркота,
Зімы турботы ўжо не той.
Ды зноў заколюцца цяжкія,
Што неадпушчаны віной,
І вось акно па крыжавіне
Драўляны голад здавіць свой.
І нечакана па парцьеры
Сумненняў дрыжыкі збягуць.
Ты цішыню да крокаў змерыш,
Што нас у “заўтра” павядуць.
Стаяць ты будзеш ля ўваходу
У чымсьці белым, можа быць,
Нібы з матэрый таго роду,
З якіх завею можна шыць.
Пераклад Андрэя КОЗЕЛА.