З мэтай стварэння аптымальных умоў знаходжання выхаванцаў ва ўстанове дашкольнай адукацыі і ўдасканалення якасці адукацыйнага працэсу ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сноўскі яслі-сад” быў праведзены конкурс “Свет дзяцінства”, у якім прынялі ўдзел усе педагогі.
Для азнаямлення з рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (ткацтва, ганчарства, вырабаў з дрэва, пляцення з саломы, лазы і інш.), выхавання павагі да працы і традыцый беларускага народа на тэрыторыі створаны гульнёвы ўчастак пад назвай “ Беларуская сядзіба”.
На пляцоўцы дзяцей сустракаюць дзед Іван і баба Ганна. Каля іх можна прысесці адпачыць на лаўках і паслухаць беларускія казкі, паданні, байкі, песні, пацешкі.
Створанае асяроддзе дазваляе дзецям пазнаёміцца з прадметамі, якімі нашы продкі карысталіся даўней (бойка, калаўрот-самапрадка, вілы, чыгуны).
У куфры знахо-дзяцца беларускае адзенне, посцілкі, ручнікі, абрусы. Дзеці з задавальненнем выкарыстоўваюць гэтыя рэчы ў сваіх гульнях з лялькамі, пераапранаюцца самі, накрываюць стол для сустрэчы і частавання гасцей. Тым самым пашыраюць веды пра асаблівасці беларускага народнага аддзення, культуры і побыту беларусаў.
З мэтай далучэння выхаванцаў да аднаго з відаў традыцыйнага нацыянальнага мастацтва — ручнога ткацтва — створаны куток ткацтва, дзе размешчаны рознага памеру ткацкія рамы-станкі. Відавочны пейзаж з вокнаў дапоўнены рознакаляровымі стужкамі, шнуркамі, выкарыстанне якіх дазваляе дзецям ствараць узоры незвычайнай прыгажосці, а таксама развіваць дробную маторыку рук, памяць, уяўленне.
Цэнтральнае месца займае печ, якая з’яўлялася неад’емнай часткай хаты. Яна служыла крыніцай цяпла і святла.
Стылізаванае адлюстраванне беларускага ручніка, часткова ўпрыгожанага беларускім народным арнаментам, у час заняткаў выяўленчай дзейнасцю дазваляе дзецям сама-стойна дамаляваць (упрыгожыць) ручнік і далей. Гэта дазваляе фарміраваць уменне дзяцей выкарыстоў-ваць выразныя сродкі беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (колер, узор), выхоўваць інтарэс да беларускага арнаменту, любоў да роднага краю, народных умельцаў, рамёстваў і традыцый.
З захапленнем дзеці выконваюць роспіс чыгуноў гуашавымі фарбамі.
Выкананне адпаведных дзеянняў з падвешанай да столі люлькай, у якой можна калыхаць ляльку і спяваць ёй калыханкі, садзейнічае развіццю маўленчай і рухальнай актыўнасці ў час гульняў, фарміраванню ўяўленняў пра значнасць сну для здароўя, умення выконваць элементарныя працоўныя даручэнні, выхаванню добразычлівых адносін адзін да аднаго ў час сумеснай дзейнасці.
Прадметна-развіваючае асяроддзе на пляцоўцы спрыяе стварэнню вясёлага настрою, даверлівых адносін паміж дарослымі і дзецьмі, садзейнічае развіццю мастацкіх здольнасцей дашкольнікаў, іх творчасці, эстэтычнага густу. Пляцоўка з’яўляецца неад’емнай часткай пры правядзенні беларускіх народных святаў і гульняў, што дазваляе выхоўваць цікавасць да народных традыцый і спадчыны.
Жанна МАТРУХОВІЧ,
выхавацель дашкольнай адукацыі ДУА “Сноўскі яслі-сад”