У мінулую нядзелю на рынку па вуліцы Гастэла ў Нясвіжы прайшоў міжрэгіянальны восеньскі кірмаш, дзе можна было набыць сельгаспрадукцыю і назапасіцца ёю на ўсю зіму. Удзел у ім прынялі сельгаспрадпрыемствы і фермерскія гаспадаркі Нясвіж-скага, Стаўбцоўскага, Уздзенскага, Клецкага і Капыльскага раёнаў, прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці, Нясвіжскае райспажыўтаварыства і іншыя.
— Сёння пакупнікоў ужо трохі менш, бо многія паспелі закупіцца на ранейшых кірмашах, але на некаторых гандлёвых пляцоўках усё роўна ёсць чэргі, — дзеліцца ўражаннямі жыхарка горада В.І. Карачун. — Я тут амаль кожныя выхадныя. Люблю на рынак хадзіць, тут заўсёды можна купіць свежыя прадукты па даступных цэнах. Сёння з дачкой набылі хрызантэмы і саджанцы груш. Пакуль ёсць час, яшчэ можна нешта пасадзіць на будучы год.
Выбар прадукцыі, якую прывезлі сельгасвытворцы, фермеры, уласнікі асабістых падсобных гаспадарак быў, як і раней, досыць разнастайны і вялікі. Там, дзе ніжэй цэны, і сапраўды, прыходзілася пастаяць у чарзе. Вось, да прыкладу, за цыбуляй. Ці яблыкамі. Акрамя бульбы, пакупнікам прапаноўвалі капусту, памідоры, моркву, перцы, журавіны, баклажаны. Цэны прымальныя і попыт аказаўся вельмі высокім.
Акрамя агародніны і садавіны гараджане куплялі свежую выпечку, мясную прадукцыю і жывую рыбу.
Пастаянныя ўдзельнікі кірмашу — рамеснікі і народныя ўмельцы. Многія тавары, што вырабляюцца імі, ішлі нарасхват: цёплыя вязаныя рэчы, рукавіцы, шкарпэткі, шапкі, хусткі.
Вялікі выбар саджанцаў прапаноўвалі гадавальнікі: саджанцы пладовых дрэў, кустоў, кветак, сродкаў догляду за імі, гаспадарчыя прылады. Адным словам, дамоў з пустымі рукамі сапраўды ніхто не пайшоў.
Музычную нотку ў святочны настрой гандлёвага мерапрыемства ўносілі вясёлыя песні ў выкананні творчых калектываў раёна.
Наталля ЕРМАШЭНКА