Меню
Курс $  3.27 | €  3.44 | ₽100  3.26 |
Погода 1 °C

Творчасць — аматарская, падыход — прафесійны

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 1

Пост опубликован: 06.10.2017

Атрымліваючы сярэдне-спецыяльную адукацыю ў Полацкім педагагічным каледжы імя Ф. Скарыны па спецыяльнасці “музычнае выхаванне” , Вольга Александровіч была ўдзельніцай народнага вакальнага  ансамбля “Вясна”, для якога ў той час адной з крыніц натхнення стала “Студэнцкая вясна” ў рамках Дзён моладзі  на “Славянскім базары” ў Віцебску. З 2000-га года прыехала працаваць у Дом культуры Гарадзей-скага цукровага камбіната. Пазней завочна паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць “народная творчасць  (харавая музыка народная)”. Менавіта ў гэты час нарадзілася ідэя стварыць пры ўстанове культуры вакальны ансамбль, які атрымаў назву “Забава”. У калектыў падабраліся  тыя, хто вельмі любіў музыку, не шкадаваў асабістага часу на заняткі творчасцю.



І пастаўленая мэта, дзякуючы ініцыятыве арганізатара і падтрымцы кіраўніцтва цукровага камбіната, была дасягнута.

На рэпетыцыях вучыліся спяваць, бо аднаго жадання ўдзельнічаць у самадзейнасці было мала, для непрафесіяналаў патрэбны былі гадзіны навучання, — расказвае  Вольга Вікенцьеўна. І працягвае:

— А рэпертуар падбіралі  самы розны. Абавязковая ўмова — каб падабаўся слухачу рознага ўзросту.

Аматарскі калектыў, куды ўвайшлі людзі розных прафесій,  заваяваў свайго слухача на  пляцоўках раённага, абласнога              і рэспубліканскага ўзроўню.   Неаднаразова ўдзельнічаў               у міжнародных фестывалях.  Беларускія Слуцк і Жабінка, Гродна, Скідзель, Гомель і Бабруйск, польскія Гданьск і Люблін,  Штум і Мальбарк, ра-сійскія Растоў-на-Доне і Азоў і іншыя — гарады, дзе ведаюць ансамбль.

З вясны бягучага года вакальны ансамбль “Забава” носіць заслужанае ганаровае званне “народны”. Аб гэтым было аб’яўлена ў Палацы  прафсаюзаў у сталіцы Беларусі ў рамках канцэртнай праграмы конкурсу “Новыя імёны Беларусі”.

— Падзея для нас стала вельмі хвалюючай і запамінальнай, бо мы стаялі на адной сцэне з зоркамі тэлебачання і беларускай эстрады Аленай Спірыдовіч, Сашам Нэма, Ірынай Дарафеевай, Анатолем Ярмоленкам, — дзеліцца Вольга Вікенцьеўна.

DSC01576 DSC01596

— Візітнай карткай нашага ансамбля  ў той дзень стала  беларуская народная  песня “Гэй, забава!..”, якая выклікала бурную падтрымку залы.

Сёння ў рэпертуары “За-бавы” беларускія, рускія і ўкраін-скія  песні: “Квітней ты, мая Беларусь!”, “Мы — единое  целое!”, “Улыбка Бога — радуга”, “У далёкім краі” і іншыя.

У “Забавы” шмат сяброў у краіне і за яе межамі. Напрыклад, гарадзейскі ансамбль у час канцэртаў выконвае песню з рэпертуару калектыву “Беларусы”, якім кіруе Валерый Шмат.  Артысты заўсёды рады сустрэчам у час мерапрыемстваў.

Добрыя сябры ў “Забавы” з’явіліся і ў Прыбалтыцы. З 1 да 16 верасня ў г. Азове праходзіў міжнародны  фестываль краін СНД і Балтыі “Садружнасць”, дзе артысты з Нясвіжчыны разам з многімі калектывамі з Расіі, Арменіі, Індыі, Літвы і іншых краін таксама бралі ўдзел. У тыя дні адзначалася і 950-годдзе горада.

На фестываль быў запрошаны і танцавальны калектыў з Юрмалы “BRIZE” (кіраўнік Юрыс Пога)…

Наступная сустрэча беларусаў і латышоў адбылася ўжо праз некалькі тыдняў — калі “Забава” ў канцы верасня выязджала з канцэртам на Дні Беларусі ў латвійскі горад Ауцэ. Сябры з Юрмалы спецыяльна прыехалі на іх канцэрт…

Неразрыўна з “Забавай” існуе яшчэ адзін аматарскі калектыў, які, дзякуючы высокаму майстэрству, заваяваў сваё кола прыхільнікаў у Беларусі і за яе межамі. Гэта народны ансамбль  танца “Узорыца”, якім кіруе Наталля Сабіч.

— Таленавітая, творчая асоба, добра  валодае навыкамі работы з харэаграфічным калектывам. Яе пастаноўкі — сінтэз рэжысуры танца, багатай харэаграфічнай  лексікі і акцёрскага майстэрства ўдзельнікаў. На працягу ўсёй сваёй творчай  дзейнасці яна актыўна вядзе  збор цікавых матэрыялаў для пастановачных работ, пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку. Наталля — добры арганізатар і ініцыятыўны кіраўнік, адданы сваёй справе, — менавіта так характарызуе сваю калегу спецыяліст па культурна-масавай рабоце ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”, загадчык Гарадзейскага цэнтра культуры Вольга Александровіч.

Наталля Аляксандраўна скончыла Мінскае культурна-асветніцкае вучылішча. Пазней атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Працавала педагогам. А з 2007 года з’яўляецца кіраўніком ансамбля танца “Узорыца”, якому ў 2013 годзе было прысвоена ганаровае званне “народны”. У мінулым годзе калектыў пацвердзіў гэта званне, развівае далей сваю творчасць на ніве культуры.

У скарбонцы з апошніх напрацовак “Узорыцы” — беларускія народныя танцы “Святочная”, “Лявоніха”, “Весялуха”, харэаграфічная замалёўка “Как родная меня мать провожала”, “Моя Марусечка”, эстрадны танец “По серпантину” і іншыя.

забава22

З кожнай рэпетыцыяй, кожным выступленнем майстэрства “Узорыцы” адточваецца і зіхаціць новымі фарбамі, што дорыць не толькі пазітыўны настрой гледачам, але і падкрэслівае прафесіяналізм танцораў. Так, калектыў “Узорыца” стаў лаўрэатам ІІІ ступені ХІІ фестывалю народнай творчасці Мінскай вобласці “Напеў зямлі маёй” за ўвасабленне беларускай танцавальнай культуры ў аматарскім харэаграфічным мастацтве.

Клапоцяцца ў калектывах і пра сцэнічныя вобразы. Пры пад-трымцы адкрытага акцыянернага таварыства “Гарадзейскі цукровы камбінат”  абнаўляюцца касцюмы артыстаў, бо, як вядома, асноўным  іх назначэннем з’яўляецца раскрыццё гістарычнага  каларыту таго народа, які прадстаўлены на сцэне, а таксама яны з’яўляюцца візітнай карткай танцора.

Напрыклад, летам гарадзейцы ўпрыгожылі  сваё выступленне белымі ўборамі (колеру чысціні, дабрыні і ўсяго самага найлепшага на зямлі) з “цвятком радзімы васілька”.

Эфектная прыгажосць сцэнічных касцюмаў гарадзейцаў падкрэслівае, у першую чаргу, перад гледачом адзінства ўсіх  удзельнікаў. Нездарма, апошняя праграма калектываў “на ўра” праходзіць пад назвай “Мы —  адзінае цэлае!”. Упершыню яна была прадстаўлена на суд гледача і кампетэнтнага журы ў чэрвені на традыцыйным аглядзе-конкурсе канцэрна “Белдзярж- харчпрам”, які прайшоў у Бабруйску і які, дарэчы, адразу сабраў тысячы праглядаў у сацыяльных сетках Інтэрнэту. З праграмай “Мы — адзінае цэлае!” многія несвіжане і госці горада з задавальненнем пад воклічы “Прафесіяналы! Брава!” пазнаёміліся ў апошнія выхадныя лета на канцэртнай пляцоўцы ў парку. Выступленне “Забавы” і “Узорыцы” стала заключным акордам летніх мерапрыемстваў, якія арганізоўваліся кожныя выхадныя.

Творчыя калектывы ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат” ведаюць і аматары  футбольнага клуба “Гарадзея”, і шчырыя  працаўнікі збожжавай нівы нашага раёна і суседняй Стаўбцоўшчыны, цёпла і сардэчна прымаюць іх як на свяце горада Капыля, так і ў Растове-на-Доне.

Гэта значыць: мэта стварыць сапраўдны творчы калектыў пры адным з флагманаў цукровай прамысловасці Беларусі дасягнута, а творчы пошук калектываў працягваецца…

Сёння Вольга Вікенцьеўна са шчырай                  удзячнасцю ўспа-мінае сваіх педагогаў з Гарадзейскай дзіцячай музычнай школы, якую яна скончыла па класе баяна, а разам з імі — свайго дзядзьку, які працаваў у музычнай школе Нясвіжа — Анатоля Нікадзімавіча Бруя, які ёй, школьніцы, прывёз некалі ў Студзёнкі  маленькі баян.  Што датычыцца сённяшняй працы работніка культуры, то яна прызнаецца ў любові і ўдзячнасці да сваёй глядацкай аўдыторыі.

— Самая высокая адзнака для нас, — падкрэслівае Вольга  Вікенцьеўна, — апладысменты, бо разумееш — наша выступленне  прымаецца душой і сэрцам чалавека…

Сярод узнагарод народнага ансамбля  танца “Узорыца” і народнага вакальнага ансамбля “Забава” — Ганаровыя граматы, Падзякі і Дыпломы розных узроўняў — ад раённага да міжнароднага. А сярод асабістых узнагарод іх кіраўнікоў — Вольгі Александровіч і Наталлі Сабіч — Ганаровыя граматы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за актыўны  ўдзел у розных мерапрыемствах.

На здымках: моманты выступлення калектываў ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат” “Забава” і “Узорыца” ў гарадскім парку Нясвіжа.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.  

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!