15 верасня штогод бібліятэкары Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Вечарам гэтага дня цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы запрасіла сваіх чытачоў розных узростаў на “Бібліяноч-2017: “Ноч асенняга натхнення”. Мерапрыемствы ў рамках “Бібліяночы” праходзяць тут з 2013 года і кожны раз нясуць іх удзельнікам новыя адкрыцці, цікавыя сюрпрызы і яскравыя, непаўторныя ўражанні.
Сёлета адміністрацыя бібліятэкі вырашыла заснаваць штогадовую бібліятэчную прэмію, так званы бібліятэчны “Оскар”, які і быў уручаны пераможцам. Імі сталі рэдакцыя раённай газеты “Нясвіж-скія навіны” — за інфармацыйную падтрымку сацыяльна-культурных мерапрыемстваў, гарадскі мала-дзёжны цэнтр — за рэалізацыю маладзёжнага руху і арганізацыю сумеснай сацыякультурнай дзейнасці, Нясвіжскі каледж імя Якуба Коласа — за су-працоўніцтва і актыўны ўдзел у бібліятэчных мерапрыемствах.
У намінацыі “Самы актыўны клас” лепшым быў прызнаны 9 клас Нясвіжскай гімназіі (класны кіраўнік — Т.І. Кабанава), у намінацыі “Творчая натура” — юныя чытачы Дзмітрый Туроль, Валерыя Крыцкая, Ульяна Сідорка. Пераможцамі штогадовай акцыі “Лідар чытання” сталі несвіжане Таццяна Міськевіч, Ваган Саакян, Валерыя Цяляпіна.
Вядома, бібліятэка не магла застацца ў баку ад таго, што гэты год быў названы Прэзідэнтам нашай краіны Годам навукі. З гэтай нагоды яшчэ на яго пачатку, у студзені, установа аб’явіла конкурс “Даследчык. Ву”, на які было прадстаўлена каля 20 работ. Пад апладысменты тых, хто сабраўся на бібліятэчным двары на пачатку “Бібліяночы”, дыплом пераможцы конкурсу быў уручаны вучаніцы 8 “А” класа СШ №1 г. Нясвіжа Вользе Макарэвіч. Другое месца заняла адзінаццаці-класніца СШ №2 г.п. Гарадзея Варвара Цітова, трэцяе — вучаніца 9 “А” класа СШ №4 г. Нясвіжа Ангеліна Корсак.
2017-ы ўвайшоў у гісторыю і як год юбілею народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, жыццёвыя дарогі якога прайшлі і па нашай зямлі. Летам работнікі бібліятэкі правялі бліц-апытанне па творчасці славутага паэта, у якім сталі пераможцамі Валерыя Фа-дзеева, Лізавета і Маргарыта Цішэвіч, Дзіана Главінская, Валерыя Крыцкая, Вікторыя Пятрыка, Вераніка Ермашэнка, Паліна Валнухіна.
Пасля ўзнагароджвання лепшых чытачоў і пераможцаў конкурсаў удзельнікі “Бібліяночы” накіраваліся непасрэдна ў бібліятэку, дзе іх чакала сустрэча з беларускай пісьменніцай, журналісткай Ганнай Севярынец і галоўным рэдактарам групы кампаній “Рэгістр” Таццянай Фалалеевай. Тут, як і на кожнай такой сустрэчы, якая адкрывае чытачам новыя імёны, яе ўдзельнікі змаглі акунуцца ў непаўторную атмасферу літаратурнай творчасці — той незвычайнай работы розуму і сэрца, якая стварае новую рэальнасць, запрашае чытача акунуцца ў гэту рэальнасць і ўзбагаціць гэтым свой унутраны свет.
На гэты раз чытачам была прадстаўлена кніга Ганны Севярынец “Дзень святога Патрыка”. Аўтар — колішняя выпускніца аддзялення рускай мовы і літаратуры філалагіч-нага факультэта БДУ, а зараз — настаўніца рускай мовы і літаратуры адной са школ горада Смалявічы, у сваім творы настолькі бліскуча выступіла ў ролі “адваката” беларускай моўнай плыні, што гэта не магло не ўразіць прысутных. Амаль кожны з іх атрымаў на памяць свое-асаблівы “дакумент” — “Рэцэпт моўнага санаторыя імя святога Патрыка”, у якім быў пазначаны “папярэдні дыягназ” — магчымасць засмучэнняў (смутак, дэпрэсія) у сувязі з недахопам ведаў па беларускай літаратуры, што адразу выклікала і ўсмешку, і ўвагу слухачоў.
Для стварэння кнігі Ганна Канстанцінаўна перавярнула сапраўдную гару работы — працавала ў архівах, вывучала самыя розныя крыніцы звестак пра беларускіх пісьменнікаў. І ўсё гэта для таго, каб адкрыць для нас тую беларускую літаратуру, якая для многіх выпускнікоў яшчэ савецкіх школ была абсалютнай “белай плямай” па той простай прычыне, што многіх твораў элементарна не было ў праграме, а тое, што было, у тым ліку і біяграфіі пісьменнікаў, часта падавалася да крыўднага спрошчана і нецікава. Кніга стваралася амаль 4 гады, і вось, дзякуючы выдавецтву “Рэгістр”, кожны жыхар Беларусі цяпер можа ці ўзяць у рукі, ці скачаць у інтэрнэце твор, галоўная вартасць якога не проста ў тым, што ён напісаны па-беларуску (згадзіцеся, такіх шмат), а ў тым, што кожнае слова ў ім — жывое і пранізлівае, што яно прымушае сэрца — сціскацца, розум — асэнсоўваць, а душу — ачышчацца і ўзбагачацца вялікімі пачуццямі.
У “Дні святога Патрыка” няма ярка абазначанага сюжэта. Кніга пераносіць нас у будучыню (тут кожны запытвае ў сябе, ці далёкую), калі Міжнародная моўная камісія прызнае беларускую мову мёртвай і навуковец Марына Дамейка атрымлівае заданне адабраць на захаванне ў спецыяльнае Сховішча ўзоры мастацтва, якія былі створаны на мове, якой ужо няма. Хто застанецца ў гісторыі, а хто будзе пазбаўлены гэтага права? І калі Дамейка вырашае, што, напрыклад, з Дубоўкі трэба пакінуць на паліцы, а што — не, твор з мастацкага пера-твараецца ў літаратура-знаўчы. Мы даведваемся шмат новага пра Багдановіча, Купалу, Чорнага і іншых беларускіх пісьменнікаў. Улічваючы, што дзея твора адбываецца ў будучыні, аўтарка закранае і нашых сучаснікаў. Напрыклад, Дамейка будзе разважаць, ці варты раман Віктара Марціновіча “Мова” таго, каб яго кансерваваць.
А калі ўлічыць, што сама галоўная гераіня — таксама жывы чалавек, які перажыў шмат жыццёвых калізій, у тым ліку і балючае, няпростае каханне, то і ўвесь аповед набывае незвычайнае гучанне — не ментарскі навуковае з прэтэнзіяй на “ісціну ў апошняй інстанцыі”, а вельмі шчымлівае, эмацыянальнае і калі дзесьці нават па-жаночы суб’ектыўнае, то аўтару адразу хочацца гэта дараваць. І не за тое, што яна жанчына (да таго ж, маці траіх дзяцей), а за непадробную шчырасць, з якой яна стукаецца ў сэрца чытача.
Што тычыцца фіналу, то ён атрымаўся вельмі сімвалічным і зусім непрадказальным. Менавіта фінал здолеў аб’яднаць шматлікія ідэі кнігі, аповеды пра лёсы пісьменнікаў і беларускую літаратуру ў суцэльны сюжэт. І, калі падсумаваць водгукі на гэты твор у інтэрнэце і ўжывую ад тых, хто яе прачытаў, яны зводзяцца да адной высновы: “Сёння гэта адна з самых лепшых беларускіх кніг пра любоў да літаратуры і кніг”. І дзякуючы “Бібліяночы-2017”, з кнігай і яе аўтарам змаглі пазнаёміцца і нясвіжскія чытачы.
Адначасова з сустрэчай з пісьменніцай Ганнай Севярынец у бібліятэцы ішлі і іншыя цікавыя мерапрыемствы: чытальная зала ператварылася ў інтэлектуальна-гульнёвую пляцоўку, прысвечаную Году навукі, у інфармацыйна-выставачнай зале на першым паверсе працавала лабараторыя мультфільмаў, самым маленькім не давала сумаваць “Бібліяняня”, а аматарам папулярнай гульні “Мафія” была аддадзена выставачная зала другога паверха. Моладзь з запалам шукальнікаў скарбаў выконвала заданні бібліяквэста “Кніжны лабірынт” — разгадвала рэбусы, адказвала на пытанні віктарыны і іншае.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.