Падчас уборачнай кампаніі на тэрыторыі гаспадарак раёна аматарскія калектывы ўстаноў культуры выступалі з невялікімі музычнымі віншаваннямі перад удзельнікамі жніва для падтрымкі іх маральнага духу і баявого настрою. Месцы для выступленняў агітбрыгад былі самыя розныя: збожжаток, палявы стан, збожжасховішча, мехдвор. Артысты радавалі хлебаробаў песнямі і гумарэскамі, зараджалі пазітыўным настроем.
Самым актыўным удзельнікам агітбрыгад на працягу ўжо некалькіх гадоў з’яўляецца народны ансамбль песні “Ланская бяседа” Ланскага СДК (на фота), які ў час уборачнай кампаніі-2017 даў каля 20 канцэртаў у ААТ “Лань-Нясвіж”. Яго выступленні заўсёды яркія і рознахарактарныя. Разам са старшынёй прафкама сельгаспрадпрыемства Галінай Салавей калектыў пад кіраўніцтвам Таццяны Мароз наведаў палі і збожжатакі гаспадаркі. Па просьбах удзельнікаў жніва артысты выконвалі народныя і жартоўныя беларускія песні, узгадвалі музычныя нумары з рэпертуару ансамбля “Бяседа” і братоў Радчанка. Кожнае выступленне “Ланскай бяседы” завяршалася словамі шчырай падзякі творчаму калектыву.
Кацярына ШУСТАЛ,
вядучы спецыяліст дзяржаўнай установы культуры
“Раённы цэнтр культуры”.
Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.