Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы з’яўляецца сапраўдным храмам яе вялікасці Кнігі. І колькі б ні спрачаліся сучаснікі, выцісне інтэрнэт друкаваныя выданні ці не, упэўнена: у кнігі заўсёды будуць свае прыхільнікі. Гэта людзі, якім хочацца іменна трымаць у руках папяровую кнігу, гартаць яе лісты, чытаць тэксты, не проста пераносячыся ў свет герояў, а “смакуючы” трапныя выразы, запамінаючы яркія эпітэты, метафары, параўнанні.
Гэта няпростая праца — мець зносіны з кнігамі, адкрываць велізарны свет невядомага, непа-знанага.
Тое ж тычыцца і перыядычных выданняў — газет, часопісаў. У сілу прывычкі вельмі многія з задавальненнем чытаюць менавіта іх. А як жа: паняцце “свежая прэса” не сышло ў нябыт, пах друкарскай фарбы вабіць па-ранейшаму. І колькі новага і цікавага можна даведацца з кожнай газетнай паласы!
Паняцце “пісьменства” ў ХХІ стагоддзі ўспрымаецца як само сабой зразумелае. А быў жа час, калі некаторыя людзі не ўмелі чытаць і пісаць, калі беларуская мова была ў заняпадзе — у Заходняй Беларусі, якая адышла да Польшчы, польская мова стала афіцыйнай ва ўсіх дзяржаўных установах, органах самакіравання, школах, просьбы жыхароў аб адкрыцці школ з навучаннем на беларускай мове ўладамі адхіляліся… На шчасце, з часам усё памянялася. Сёння мы маем дзве дзяржаўныя мовы — беларускую і рускую, на якіх вучымся, чытаем, пішам, размаўляем. Мы шануем памяць аб усіх слынных земляках, што ўнеслі велізарны ўклад у развіццё беларускага пісьменства, кнігадрукавання, культуры.
У адзін з жнівеньскіх дзён мы сфатаграфавалі ў раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы Юлію Ешманскую (на фота), студэнтку Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя Сахарава БДУ, будучага біёлага-аналітыка. У краязнаўчай зале бібліятэкі яна чытала факсімільныя выданні “Житие Блаженной Евфросиньи, игуменьи монастыря Вседержателя Святого Спаса во граде Полоцке” и “Книжное наследие Франциска Скорины”. Кнігі знаходзяцца на выставе, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.