У мінулую суботу ў Стаўбцоўскім раёне адбыўся абласны велапрабег, прысвечаны 72-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Спартыўнае свята стартавала ў горадзе Стоўбцы на плошчы Бессмяротнасці з ускладання кветак да манумента ў памяць савецкім воінам і партызанам, якія змагаліся за Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай войны.
Пасля хвіліны маўчання да спартсменаў з прывітальным словам звярнуўся старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка:
— Такія велапрабегі ўжо сталі добрай традыцыяй. На іх збіраецца кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, якія займаюцца спортам. Такія спартыўныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей і спрыяюць папулярызацыі здаровага ладу жыцця, прыцягваюць да заняткаў спортам. Прыемна, што акцыя праходзіць у Стаўбцоўскім раёне, на радзіме Якуба Коласа. Праязджаючы па гэтых мясцінах, ды і наогул па ўсёй Беларусі, успамінаеш яго словы: «Мой родны кут. Як ты мне мілы!», — зазначыў кіраўнік вобласці.
Далей звыш 500 удзельнікаў мерапрыемства рушылі па маршруце адлегласцю 42 кіламетры — праз вёскі Вішнявец і Мікалаеўшчыну на турбазу “Высокі бераг”. Тут праходзіла другая частка спаборніцтваў.
У велапрабегу ўдзельнічаў Дзмітрый ЯШЧАНКА.