Пенсіянерам нашага горада няма калі сумаваць, бо пры іх жаданні заўсёды знойдзецца магчымасць правесці час цікава і з карысцю. І ў гэтым актыўна садзейнічае Нясвіжскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Больш пятнаццаці гадоў таму назад пры ўстанове быў створаны клуб “Альбом майго жыцця”, у які ўвайшлі нераўнадушныя людзі, энтузіясты добрых спраў. Колькі з таго часу адбылося цікавых сустрэч, вечарынак, конкурсаў і экскурсій! Сёлета ў клубе 30 чалавек, гатовых займацца актыўным адпачынкам. Традыцыйнымі сталі тэматычныя сустрэчы ў раённай бібліятэцы, дзе пажылых людзей прыветліва сустракаюць і прадастаўляюць залу для розных мерапрыемстваў. Вось і сёлета новы год пачаўся з каляднай імпрэзы, якую наладзілі супрацоўнікі цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва — загадчыца аддзела сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Алена Васілеўская і псіхолаг Алена Агейка. На сустрэчу запрасілі клірыка храма Святога Велікамучаніка Георгія Перамаганосца іерэя Паўла Фокіна і наведвальнікаў Нядзельнай школы. Святар павіншаваў прысутных з Нараджэннем Хрыстовым і пажадаў дабрыні і здароўя, паведаміў, што ў школе пры храме займаюцца 60 дзяцей розных узростаў. Яны навучаюцца спевам, чытаюць вершы і малітвы, удзельнічаюць у духоўных святах і ранішніках. Затым дзеці прачыталі вітальныя вершы ў гонар свята, праспявалі песні: ”Гасподзь нарадзіўся”, “Як пойдзем мы калядаваць”, “У Віфлееме” і іншыя. Характэрна, што творы гучалі на розных мовах: беларускай, рускай і ўкраінскай. Прыемна было слухаць іх пранікнёнае, пяшчотнае выкананне, чыстыя дзіцячыя галасы ўзрушылі слухачоў, юным артыстам дружна апладзіравалі. Кіруе вакальнай групай матушка Хрысціна, а яе маленькая дачушка Ксюша (2,5 года) прачытала невялікі верш.
Супрацоўніца РТЦСАН Алена Васілеўская з нагоды свята ўручыла юным выканаўцам, а таксама ўдзельнікам клуба “Альбом майго жыцця” салодкія падарункі.
Затым айцец Павел пагутарыў з удзельнікамі клуба “Альбом майго жыцця”, адказаў на пытанні, расказаў пра Дзень памяці мітрафорнага протаіерэя Дзмітрыя Хмеля, які ўшаноўвалі ў канцы мінулага года. А яшчэ запрасіў жадаючых наведацца ў храм і Нядзельную школу пры ім.
Напрыканцы сустрэчы Алена Васілеўская нагадала пра тую работу, якая будзе працягвацца ў клубе ў бягучым годзе, пра дзейнасць універсітэта трэцяга ўзросту і пажадала ўсім актыўнага даўгалецця.
Шчымлівым было заключнае слова вядомай майстрыхі, паэтэсы Веры Мацневай, якая па просьбе прысутных выканала ўласную песню “Малітва”, прасякнутую незвычайнай цеплынёй і сардэчнасцю, актуальную ва ўсе часы жыцця.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.