Меню
Курс $  3.31 | €  3.46 | ₽100  3.35 |
Погода -1 °C

«А ў дарогу трэба браць з сабой добрую класічную айчынную і сусветную літаратуру…»

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 2

Пост опубликован: 13.06.2020

Едучы па дарогах Беларусі, заўсёды з замілаваннем звяртаю ўвагу на любую сэрцу рэкламу “Асалода чытання”. Гэта той шчаслівы выпадак, калі рэклама не стамляе, не надакучвае. Здаецца, гэта было зусім нядаўна, калі ў год 500-годдзя кнігадрукавання Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюз выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку пры ўдзеле выдавецтва “Аверсэв” выдалі гэтую надзвычай карысную рэкламу. Лічу, што яна павінна быць і сёння пастаяннай ва ўсіх куточках Бацькаўшчыны.

Душа пачынае спяваць, калі бачыш серыю білбордаў, што складаецца з сюжэтаў аб прыемных момантах і незабыўных эмоцыях, якія дорыць друкаваная кніга. Гэта важна яшчэ і таму, што сёння і старыя, і малыя не стамляюцца вадзіць пальцамі па сваіх смартфонах. На жаль, звычайна карыстальнікі электронных прыстасаванняў атрымліваюць там “асалоду” ад прапанаваных псеўданавін-фэйкаў ці недалёкай “жаўцізны”. А ў дарогу трэба браць з сабой добрую класічную айчынную і сусветную літаратуру, ад якой мацнее інтэлект ды радуецца сэрца.

Сёння, на жаль, нават мэблевая прамысловасць амаль не выпускае кніжных паліц. Чаму? Бо сучаснікі вельмі рэдка набываюць у кнігарнях выданні. А дом, у якім няма кніг, падобны да чалавека без душы. Я перакананы: вы можаце закачаць мноства кніг у свой айпад, аднак вы ніколі не ўбачыце таямнічых танцаў старонак, не пачуеце іх водару. Бо пах старой кнігі — нібы водар рэчаў з далёкага маленства, з бабулінага куфэрка. Так пахне сама Памяць. Кнігі, як магутныя караблі, нясуць шыкоўны скарб ад пакалення да пакалення. А бібліятэкі — грамадскія і ўласныя — гэта шчодрыя захавальнікі скарбаў чалавечага духу. І ўжо нішто не здольна знішчыць чалавечыя думкі, бо яны замацаваны ў мільёнах рукапісаў і кніг.

Кніга на працягу ўсяго жыцця заўсёды дапамагала мне прыгожа жыць, як надзейны сябра дапамагала разабрацца ў шматлікіх лабірынтах быцця. Яна вучыла паважаць іншых людзей, акрыляла розум і сэрца.

Калі адкрываеш для сябе выдатнага аўтара, быццам надзейнага, прыгожага сябра сустракаеш! Добрыя тыя кнігі, якія вучаць разумець сэнс жыцця. Такія найперш і трэба чытаць. І, дарэчы, не кожны аўтар, нават той, які выдаў мноства кніг, можа называцца ганаровым словам — Пісьменнік.

Адным словам, скажы мне, якія ты кнігі чытаеш, і я скажу, хто ты…

Канстанцін Карнялюк.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!