Дзіцячыя ўсмешкі… Што можа быць лепшай узнагародай для тых, хто паклапаціўся пра дзяцей, якім патрэбна ў гэтую хвіліну дапамога, падтрымка і проста цёплая далонь старэйшага сябра, на якую можна спадзявацца. Тым больш, калі ўсе падзеі адбываюцца напярэдадні самых чароўных свят — Новага года і Калядаў.
Нядаўна ў дзіцячы сацыяльны прытулак завітала многа гасцей — як з нашага рэгіёна, так і са сталіцы.
З самымі найлепшымі пажаданнямі да маленькіх жыхароў установы звярнуліся старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Валянцін Татарыцкі з намеснікам начальніка упраўлення арганізацыйна-прававой работы Людмілай Мішчук.
Цёпла сустракалі дзеці і прадстаўнікоў Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь на чале з першым намеснікам дырэктара Вячаславам Абрамавым.
У гэты ж пераднавагодні дзень да дзяцей з цацкамі і салодкімі пачастункамі завіталі прадстаўнікі ваеннага камісарыята Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў на чале з ваенным камісарам падпалкоўнікам Аляксеем Кацяховым і Нясвіжскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.
Свята ля ёлкі ў дзіцячым прытулку пачалося з цікавай казкі, якую падрыхтавалі дзеці разам са сваімі выхавацелямі. Дзея прыцягвала ў карагод і дзяцей, і дарослых. Жарты і пацешкі сыпаліся ад казачных герояў, з ролямі якіх цудоўна справіліся работнікі дзяржаўнай установы. Святочны настрой перадаваўся кожнаму прысутнаму, у вачах дзяцей зіхацелі зорачкі шчасця. І хацелася верыць, што ўспаміны пра навагоднія прыгоды ў памяці дзяцей захаваюцца надоўга.
Вядома, каля ёлачкі-прыгажуні хлопчыкі і дзяўчынкі, якія часова па волі лёсу пражываюць у прытулку, атрымалі падарункі. І не толькі ад Дзядулі Мароза і Снягурачкі. Каб свята было радасным і незабыўным, шматлікія госці разам з віншаваннямі дарылі дзецям цацкі, фарбы, развіваючыя гульні, школьныя прылады, спартыўны абутак і, вядома, салодкія пачастункі. А рабяты ў адказ дарослым усміхаліся.
Гэта было лепшым сведчаннем таго, што нашым дзецям добра, што падарункі і ўвага дзяржавы падтрымаюць іх веру ў дабрыню і міласэрнасць, патрэбныя кожнаму маленькаму грамадзяніну нашай Беларусі.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.