У мінулую суботу Палац культуры г. Маладзечна быў расквечаны яркімі фарбамі: тут адбыўся ХIII абласны фестываль нацыянальных культур. Рознакаляровыя касцюмы, характэрная гаворка, цудоўная музыка і вясёлы людскі натоўп вабілі вока. На свята з’ехаліся прадстаўнікі 11-і дыяспар, для якіх Беларусь стала другой радзімай, — украінцы, палякі, беларусы, рускія, армяне, цыгане, туркі, грэкі, таджыкі, азербайджанцы і іншыя. У агульнай колькасці — каля 130 чалавек.
Яркая палітра нацыянальных касцюмаў, прыветлівыя ўсмешкі прыгожа аздаблялі святочны карагод. На другім паверсе Палаца красаваліся вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, самабытныя творы ўмельцаў кожнага рэгіёна. А пахі нацыянальных страў, прыгатаваных народнымі кухарамі, разносіліся паўсюдна, і кожны жадаючы мог іх пакаштаваць.
Затым на галоўнай сцэне пачалася канцэртная праграма “Скарбы нацый — спадчына зямлі”. У ёй прымалі ўдзел творчыя калектывы грамадскіх нацыянальных аб’яднанняў і асобныя выканаўцы Мінскай вобласці. Прагучала шмат цікавых твораў, вясёлых песень і танцаў. Артысты прадэманстравалі аўтэнтычны каларыт, парадавалі гледачоў сваім майстэрствам.
Ад Нясвіжчыны ў фестывалі ўдзельнічала вакальная група “Згода” грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” г. Нясвіжа і раёна (на фота). Кіраўнік калектыву Ірына Латушка і выканаўцы Ніна Урублеўская, Валянціна Цвірка і Ядвіга Цвірка выдатна праспявалі польскую песню “Уродо” (што ў перакладзе азначае “Прыгажун”). Дружнымі апладысментамі сустракалі прысутныя выступленне нашых землякоў, а моладзь нават танцавала пад бадзёрую музыку. Аналагічна віталі і саліста з Нясвіжа Аляксандра Жыгунова, які выканаў польскую песню пра мір і дружбу.
Дарэчы, Аляксандр працуе выкладчыкам у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, валодае некалькімі замежнымі мовамі. Яшчэ дзве прадстаўніцы нашага раёна — Таццяна і Ганна Язэпчык — праспявалі армянскую песню, таксама з поспехам.
Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі дыпломы галоўнага ўпраўлення ідэалагіч-най работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама, Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці і Маладзечанскага райвыканкама, а таксама каштоўныя падарункі. У хуткім часе журы вызначыць найлепшых выканаўцаў, якія паедуць у наступным годзе на рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродна. А Ірына Латушка падзялілася ўражаннямі ад цудоўнага мерапрыемства:
— Я атрымала шмат станоўчых эмоцый, паслухала лепшыя песні, сустрэла сваіх знаёмых па творчасці. І самае цікавае —пабачыла аднакурснікаў, з якімі займалася ў Маладзечанскім музычным вучылішчы. Словам, паболей такіх добрых свят з удзелам таленавітых людзей розных нацый!
Таццяна РУСАК, Раіса Хвір,
г. Нясвіж.