Іменна так праходзіла сустрэча ў Доме польскім Нясвіжа, куды перад святам вызвалення Беларусі наведаліся ўраджэнцы нашага раёна, што жывуць у Польшчы, і іх нашчадкі. Яны штогод прыязджаюць на малую радзіму, каб сустрэцца з землякамі, наведаць родныя мясціны, пакланіцца магілам продкаў і ўшанаваць памяць вызваліцеляў раёна. Добрая традыцыя жыве ў сэрцах людзей, якія не забываюць сваіх каранёў, цікавяцца сённяшнім днём горада і рэгіёна.
Цёплую сустрэчу ў Доме польскім арганізавалі старшыня Саюза палякаў на Беларусі Мечыслаў Лысы і старшыня раённага аб’яднання палякаў Ірына Латушка. Усё мерапрыемства вылілася ў прыемныя зносіны, успаміны, гучалі песні і жарты. Удала аздобіў свята хор ветэранаў працы г. Нясвіжа “Аптымісты”, які выканаў шэраг цудоўных песень для гасцей: ”Добры дзень, шаноўныя людзі!”, “Родныя мясціны”, “Гуляць дык гуляць”… Асабліва прыязна сустрэлі госці польскую песню “Уланы”. Яны ж і падпявалі харыстам. А потым спявалі самі, танцавалі. Некаторыя выказалі свае ўражанні. Напрыклад, Ева Качмарэк з горада Дамброва Гурніца:
—Я рада, што прыехала на радзіму маіх бацькоў, а яны з вёсак Пукелеўшчына і Пляшэвічы. Прыемна ўражана цёплай сустрэчай і спатканнем з вамі. Я была тут паўтара года назад, і калі прыеду, у мяне такое адчуванне, што я дома. Хаця нарадзілася ў Польшчы.
Настаўнік гісторыі з-пад Варшавы Кшыштаф Блажэвіч падтрымлівае зносіны з Нясвіжам, любіць наш горад. А яго бабуля жыла ў Беларусі да вайны, настаўнічала ў Мінску і Уздзенскім раёне. Унук паказаў яе шлюбную фатаграфію. Дарэчы, іншыя госці таксама прывезлі фотаздымкі далёкіх часоў, разглядалі іх і дзя-ліліся ўспамінамі.
Прыезджыя былі вельмі ўдзячны за цёплую сустрэчу і добрыя песні, за сяброўскія гутаркі. Госці з суседняй краіны наведалі Пляшэвічы і іншыя вёскі, горад Клецк. Пабывалі ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы. Яны ўшанавалі памяць расстраляных у час вайны ахвяр фашызму, наведаўшы іх магілу ў Гайках. Пабывалі на ўрачыстасцях, прысвечаных 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.