Меню
Курс $  3.27 | €  3.51 | ₽100  3.17 |
Погода -0 °C

Зорка Героя — за бой пад Нясвіжам

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 1

Пост опубликован: 29.06.2019

Чэрвеньская спёка. Хмары пылу над дарогай. А па ёй грукочуць цягачы з гарматамі.
Плывуць, нібы караблі, грузавікі. Едуць кавалерысты на неспакойных конях. Дымяцца
на хаду палявыя кухні… На гарматах, прычэпах, машынах — стомленыя, але бадзёрыя
салдаты. Гэта байцы перадавых часцей конна-механізаванай групы генерала Пліева.
Паспяхова прарваўшы варожую абарону, яны імкліва рухаюцца на захад. 



…Пасля вызвалення Слуцка 12 гармат 1318-га знішчальнага супрацьтанкавага палка даганялі свае часці, што наступалі на ворага. Яны ехалі ў напрамку Нясвіжа. На ўскраіне горада фашысцкія танкі з засады падбілі машыну, у якой знаходзіўся з разлікам камандзір батарэі капітан Патапаў. Адначасова была разбіта гармата. Камандзір узвода лейтэнант Лешчанка, які ехаў за 300 метраў ад Патапава, загадаў сваім байцам падрыхтавацца да бою, а сам з радавым Зімаўцом пабег да машыны.

Яе пярэдняя частка была ахоплена полымем, а ў кузаве — параненыя артылерысты. Яны сцякалі крывёю. Трэба было спяшацца. Вось-вось могуць выбухнуць боепрыпасы. А вораг не спыняў абстрэлу дарогі з гармат і кулямётаў. Пад прыкрыццём пылу і дыму Лешчанка і Зімавец пачалі здымаць з машыны таварышаў. За 2 разы яны вынеслі ў бяспечнае месца чацвярых. Калі паўзлі да машыны ў трэці раз, цяжка раніла Зімаўца. Цяпер Мікалай Лешчанка адзін выносіў параненых.

М.П. Лешчанка
ў маладосці

Мікалай Паўлавіч Лешчанка — у гасцях у несвіжан у мірны час: хлеб-соль для Героя.
1984 або 1985 гг.

Толькі б паспець… I ён зноў і зноў вяртаўся да машыны. Пасля таго, як вынес апошнім свайго камандзіра батарэі, пачалі рвацца боепрыпасы.

Раненых на другой машыне адправілі ў напрамку Слуцка. З лейтэнантам засталося 6 байцоў і гармата. Уперадзе — вораг. Ні злева, ні справа нашых войск не відаць. Як пазней высветлілася, батарэя, ідучы па другой дарозе, апярэдзіла нашы наступаючыя часці і апынулася адзін на адзін з ворагам. Адступаць немагчыма — без машыны гармату з боепрыпасамі далёка не закоціш.

Размеркаваўшы паміж артылерыстамі абавязкі, лейтэнант Лешчанка пачаў назіраць за ворагам. З горада даносіўся гул матораў, а над шашой Нясвіж — Стоўбцы вісела пылавая заслона. Па ёй ішлі танкі. Чые яны? Каб высветліць гэта, афіцэр паўзком па жыце дабраўся да дарогі. З-за пылу нельга распазнаць машыны. Тады Лешчанка стаў на ўвесь рост і прыклаў да вачэй бінокль. У гэты час адчыніўся вежавы люк аднаго з танкаў і таксама праз бінокль на яго глянуў чалавек. Не паспеў Мікалай добра разгледзець танкіста, як у яго бок павярнулася вежа і доўгая кулямётная чарга прарэзала збажыну…

Мікалай Лешчанка з жонкай

— На шасэ гітлераўскія танкі… Хутка яны могуць з’явіцца тут… Што будзем рабіць? — спытаў, прыйшоўшы да артылерыстаў, камандзір узвода.

Усе разумелі, што з адной гарматай нялёгка змагацца з танкамі, але адказ быў адзін:

— Будзем прымаць бой і змагацца з ворагам так, як на Курскай дузе…

Артылерысты ўдала паставілі сваю гармату: з-за будынка, што знаходзіўся ля самай дарогі на ўскраіне горада, выглядаў толькі яе ствол. Злева гармата прыкрывалася тоўстай каменнай сцяной. На даху суседняга дома быў пастаўлены кулямёт. Астатнія байцы з аўтаматамі і гранатамі заляглі ў невялікай прыдарожнай яме.

Над імі было высокае, чыстае неба. Толькі зрэдку дзе-небудзь у недасягальнай вышыні бялелі лёгкія, як мярэжка, пёрыстыя воблакі ды белыя клу-бістыя ўзгоркі млелі на неба-схіле. Было горача. Апоўдні стала так душна, што нават цяжка было дыхаць. Пот сцякаў па твары, заліваў вочы, на губах адчувалася соль. Марудна ішоў час. У чаканні чагосьці невядомага, якое не абяцала нічога суцяшальнага, байцы моўчкі ляжалі на зямлі. А вакол прырода, не зважаючы на вайну, выхвалялася сваёй прыгажосцю. Фіялетавыя званочкі, падобныя на сонца рамонкі, белая і чырвоная канюшына клікалі да сябе басавітых чмялёў, працавітых пчол, непаседлівых матылькоў.

Падчас святкавання Дня Перамогі ў Нясвіжы. 80-я гады

Лешчанка вельмі любіў летнюю пару года. Раней ён га-дзінамі бываў у полі. Цяпер яму было не да гэтага: разумеў, што ад яго залежыць лёс падначаленых, і прадумваў да дробязей, як лепш правесці бой.

Праз некалькі гадзін у напрамку, дзе ляжалі артылерысты, з горада рушылі 8 варожых танкаў. Яны ішлі паходнай калонай на дыстанцыі 100 —150 метраў.

— Страляць па маёй камандзе. Гранаты кідаць пры набліжэнні машыны на 25 — 30 метраў! — распарадзіўся і сам стаў ля панарамы гарматы. Побач з ім заняў сваё месца зараджаючы Грышаеў.

Ляскаючы гусеніцамі і ўздымаючы клубы пылу, браніраваныя машыны падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. І вось грымнуў першы выстрал. Снарад трапіў у вежу, але не прабіў яе. Танк развярнуўся і выпусціў у бок гарматы доўгую кулямётную чаргу. Ад другога выстралу гарматы ён ахутаўся чорным дымам. Цяпер Лешчанка наводзіў гармату на другую варожую машыну. Выстрал — нібы факел, запалала яна. Астатнія 6 танкаў развярнуліся ў лінію і ў лютай злосці імчаліся на пазіцыю артылерыстаў. На асобных машынах сядзелі аўтаматчыкі.

—  Па дэсантніках агонь! — крыкнуў афіцэр і прыпаў да панарамы.

Адлегласць паміж гарматай і танкамі хутка скарачалася. Свісталі кулі, рваліся снарады. Глуха стукалі аб шчыт гарматы асколкі. Не зважаючы на гэта, радавы Грышаеў пасылаў у ствол снарад за снарадам. Лейтэнант Лешчанка ва ўпор расстрэльваў браніраваных пачвар. Старшы сяржант Ваўчок з астатнімі байцамі з кулямёта, аўтаматаў і гранатамі знішчалі дэсантнікаў. Праз некалькі мінут 3 танкі палалі паблізу гарматы. Два снарады спатрэбіліся лейтэнанту Лешчанку, каб яшчэ 2 танкі застылі на месцы. Астатнія варожыя машыны, адстрэльваючыся, заднім ходам паспешліва пачалі адыходзіць да Нясвіжа…

Пяць варожых танкаў за адзін бой знішчыў лейтэнант Лешчанка. Стойкасць, бяс-прыкладную мужнасць і бясстрашнасць паказалі ў гэтым баі і астатнія артылерысты. Усе яны адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. За выратаванне параненых байцоў, баявое майстэрства і ініцыятыву ў баі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 верасня 1944 года лейтэнанту Лешчанку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Сяргей ГРАБОЎСКІ.

“Мінская праўда”, 1965 г.

Здымкі з фондаў

Нясвіжскага гісторыка-

краязнаўчага музея.

 

І дайшоў да Берліна

Пра Мікалая Лешчанку мы ведалі даволі мала, акрамя аповеду пра яго подзвіг пад Нясвіжам летам 1944 года. Каб запоўніць гэты прабел, супрацоўнікі  Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея звярнуліся з просьбай у Харкаўскі гістарычны музей імя М.Ф. Сумцова. Адтуль калегі  прыслалі фотаздымкі Лешчанкі і копіі наступных дакументаў: пісьма Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава ад 17 верасня 1944 года, адрасаванага лейтэнанту Лешчанку: “За ўзорнае выкананне баявых заданняў на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі  захопнікамі і за дасягнутыя пры гэтым поспехі пасылаю Вам ад Народнага камісарыята абароны падарунак — часы “Ланжын”; віншавання камандуючага артылерыі І Беларускага фронту генерал-палкоўніка артылерыі Казакова ад 28 верасня 1944 г., адрасаванага лейтэнанту Лешчанку з нагоды прысваення яму звання Героя Савецкага Саюза;  а таксама пісьма камандзіра вайсковай часці палявая пошта 32060 маёра Гаўрыкава  ад 3 кастрычніка 1944 г., адрасаванага маці Мікалая Лешчанкі  Наталлі Фёдараўне. У ім расказваецца пра подзвіг  яе сына, здзейсненага ля Нясвіжа, і падзяка за тое, што выхавала такога  мужнага і дастойнага чалавека. Яшчэ ёсць копія аўтабіяграфіі Мікалая Лешчанкі, напісаная старшым лейтэнантам пасля прысваення высокага звання Героя. Ваяваў ён тады на І  Беларускім фронце. З яе мы і змаглі  крыху болей даведацца  пра гэтага мужнага чалавека, які 21-гадовым юнаком здзейсніў неўміручы подзвіг на нясвіжскай зямлі.

Мікалай Паўлавіч Лешчанка нарадзіўся 23.2.1923 г. у Харкаве ў сям’і служачага. У 1941 г. закончыў СШ № 74 і адразу ж яго прызвалі ў армію. Быў курсантам Харкаўскай авіяцыйнай школы стралкоў бамбардзіроўшчыкаў. Затым яго эвакуіравалі ў г. Канск, дзе юнак  працягваў вучобу. У красавіку 1942 г. яго накіравалі ў Сумскае  артылерыйскае вучылішча імя М.В. Фрунзе, якое ў гэты час знаходзілася ў эвакуацыі ў г. Ачынску Краснаярскага краю. Закончыў вучылішча 1 сту-дзеня 1943 года са званнем лейтэнанта. На фронт трапіў у маі 1943-га. Ваяваў на Цэнтральным, Бранскім, І і ІІ Беларускіх франтах: камандзір агнявога ўзвода 1318-га знішчальнага супрацьтанкавага артылерыйскага палка. Удзельнічаў у Арлоўска-Курскай бітве, у фар-сіраванні Дняпра. Вызначыўся ў час Беларускай аперацыі. 1 ліпеня 1944 г. пры вызваленні Слуцка агнём з гарматы знішчыў 2 станкавыя кулямёты і мінамётную батарэю. 3 ліпеня 1944 г. на ўскраіне Нясвіжа ў баі падбіў 5 танкаў, астатнія прымусіў адступіць. З разлікам гарматы суткі ўтрымліваў рубеж, не даў гітлераўцам прарвацца на фланг савецкіх войск.

Пасля вызвалення Беларусі М.П. Лешчанка разам са сваімі адважнымі артылерыстамі ўдзельнічаў у выгнанні фашысцкіх  захопнікаў з польскай зямлі, фарсіраваў Буг, Віслу, Одэр, біўся з ворагам у Берліне. У баях на Одэры яго батарэя першая фарсіравала раку і садзейнічала ўтрыманню і расшырэнню плацдарма на яе заходнім беразе. За праяўленую храбрасць і адвагу ў гэтым баі чатыром артылерыстам батарэі было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны да 1972 г. служыў у Савецкай Арміі, палкоўнік. На багатым франтавым вопыце вучыў ён маладых салдат воінскаму майстэрству, выхоўваў у іх высокія маральна-баявыя якасці. Ён сустракаўся з моладдзю, расказваў пра гераізм савецкіх воінаў,  якія, не шкадуючы жыцця, змагаліся з ворагам у гады вайны. М.П. Лешчанка жыў у Харкаве.

9 мая 1975 года яму  было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г. Нясвіжа”.  Акрамя Зоркі Героя, ён узнагаро-джаны ордэнамі  Леніна, Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Памёр Мікалай Паўлавіч Лешчанка ў 1990 годзе.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!