Меню
Курс $  3.28 | €  3.48 | ₽100  3.2 |
Погода -0 °C

Даратэя. Апавяданне

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 10.03.2019

На высокім сінім небе — ні воблачка, і яно здаецца такім недасягальным, неабсяжным. Прыцягальная сіла блакіту заўсёды вабіла Даратэю, ёй хацелася ўзляцець туды і паціка-віцца: а што там, у невядомым і прыгожым? А самае важнае — недзе разбягаліся думкі, і станавілася лёгка, весела. Яна нават вочы заплюшчыла, каб аддацца таму расслабленаму стану, у якім няма нічога, акрамя спакою і пяшчоты. Але “лунаць у астрале” давялося нядоўга.



— Дзяўчына, хіба можна спаць ля мора? А што Вам сніцца? Няйначай прынц на пунсовых ветразях, — пачуўся паблізу мужчынскі голас.

Даратэя незадаволена глянула ў той бок, дзе стаяў прыгожы малады чалавек з русымі валасамі і хітрай усмешкай.

— Ах, Божа мой, дзе ж ты цяпер знойдзеш такога рамантычнага Грэя? У наш прагматычны век толькі бізнес і нічога асабістага.

— Ну, Вы крыху перабольшваеце, я думаю, што рамантыкі ўсё ж ёсць. Давайце пачнём з Вамі такую гульню: Вы мне загадваеце лірычнае жаданне, а я пастараюся выканаць.

Дзяўчына засмяялася і сказала:

— Ну што ж, самі напрасіліся. Я хачу белы гарлачык. А тут яны не растуць, вось і шукайце.

— А можа, перш пазнаёмімся, а то неяк нязручна без імён. Я — Антон.

— Мяне завуць Даратэяй.

—  Якое рэдкае імя! Нешта з іспанскага. Няўжо Вы на Канарах нарадзіліся?

Дзяўчына  адказала:

— Мая мама вельмі любіць камедыі Лопе дэ Вега, вось і назвала так. Дарэчы, любімая жанчына драматурга насіла такое імя.

Маладыя людзі яшчэ пасмяяліся, і Антон пайшоў шукаць той гарлачык. Даратэя, вядома, не верыла, што ён знойдзе рачную лілію ў гарачым клімаце Турцыі. І ўсё ж ёй было прыемна незвычайнае знаёмства, яна не хацела ведаць аб хлопцы ніякіх падрабязнасцей, бо патаемнае заўжды прыцягвае. Нібы ў новую казку зайшла, і фінал яе невядомы. Думаць аб тым, што было і што будзе, ёй не хацелася. Размораная на паўднёвым сонцы, дзяўчына нібы плыла па волі хваляў. Паглядзела на мора, якое хвалявалася, уздымаючы белыя бурунчыкі, на дзяцей, якія з шумам плёскаліся ў цёплай вадзе, смяяліся і крычалі, яны проста радаваліся жыццю і сонцу. “Чаму дарослыя развучыліся быць радаснымі, непасрэднымі? Няўжо жыццёвыя праблемы нас зацягнулі ў вір негатыўных эмоцый і адчужанасці? А такое ўсё больш назіраецца вакол…”  — так думала Даратэя, а потым схамянулася: ”Ну, вось і я нібы сумую. Не, будзем жыць весела”. І лёгка пабегла да мора, ускочыла ў яго пругкія хвалі, вакол маленькімі брыльянтамі рассыпаліся водныя пырскі. Паплыла прыгожым кролем, навучылася калісьці ў інстытуце, дзе быў басейн. Цяпер такое плаванне выклікала задавальненне, цела было лёгкае, слухалася яе. Сапраўдны адпачынак з элементамі спорту, чаго больш трэба?

Турцыя, куды Даратэя прыляцела на адпачынак, увогуле, не вабіла яе раней, але на гэтым настойвала сяброўка Галя, якая летась была тут і рэкамендавала  наведацца. Ну, Даратэя і  згадзілася, і ў прынцыпе, не пашкадавала. Ёй цікава было ў чужой краіне ўсё: прыгожы гатэль, ветлівая абслуга, ласкавае мора, рознамоўны натоўп людзей. І мяккі клімат, у якім не адчувалася спякота, хаця тэрмометр паказваў + 37. Мужчыны з цікавасцю паглядалі на зеленавокую дзяўчыну, стройную і злёгку ўжо загарэлую. А яна не рэагавала, бо думала пра сваё: як там сын Алік, што гатуе яму бабуля, ці слухаецца ён? Хаця блізкія наказвалі ёй не хвалявацца аб тым, але мацярынскае сэрца ніколі не бывае спакойным. Бацькі ў сыночка не было — загінуў у аўтакатастрофе, дык выхаванне лягло на яе і маму, ласкавую бабулю Тамару.

Сонца прыпякло, і Даратэя па-глядзела на гадзіннік: час абедаць. І пайшла ў гатэль, дзе ўжо збіраліся адпачываючыя. Мужчыны ў шортах, жанчыны ў легкадумных сарафанах, шумныя дзеці, — малюнак свабоднага жыцця людзей, якія выбраліся раз у год на адпачынак.

Пасля абеду Даратэя засталася ў нумары, каб пачытаць. А падвечар пайшла на прагулку, вакол зелянела лістота, высіліся пальмы з шырокімі лістамі, гулялі людзі, загарэлыя і вясёлыя. І тут зноў з’явіўся Антон, з якім пазнаёмілася на пляжы. З таямнічым выглядам ён дастаў руку з-за спіны і працягнуў маладой жанчыне тры белыя гарлачыкі. Яна здзівілася і сказала:

— Ды Вы — чараўнік! Дзе ж дасталі такое хараство? Як прывітанне з Радзімы, нашай Беларусі”.

— Сапраўдны мужчына павінен выконваць жаданне дамы, ды яшчэ такой прыгожай, — адказаў ён.

Ёй спадабаўся такі галантны адказ. Яна ўзяла кветкі і дакранулася да  іх прахалоды. Антон паглядзеў на яе з замілаваннем,  і прамовіў:

— Давайце вечарам сходзім у рэстаран, пагаворым.

Даратэя падумала і згадзілася. Трапічнае сонца ўжо зайшло, калі яны ўваходзілі ў сучасны, прыгожы будынак мясцовай рэстарацыі. Іграла музыка, наведвальнікі весела перагаворваліся. Антон спытаў, што жадае дама і заказаў лёгкае віно і дэсерт. Яны гаварылі аб усім, што цікавіла. Мужчына паведаміў, што яшчэ не жанаты, бо ўсё не было калі: вучоба, абарона дысертацыі, работа навукоўца, дамашнія клопаты. Даратэя не хацела расказваць пра сябе, толькі сказала, што мае пяцігадовага сына. Антон выказаў здзіўленне:

— А нагадваеце дзяўчыну, юную, прыгожую. Патанцуем?

Яна даверліва паклала руку на яго дужае плячо, і нешта здрыганулася ўнутры. Сама здзівілася, бо на курортны раман і не разлічвала. Але хіба мы ўладарым над сваімі пачуццямі? Бывае так, што яны ўзнікаюць нечакана, і гэта ўвогуле прыемна. Мужчына нібы пачуў яе думкі і пяшчотна правёў даланёй па яе шчацэ. Даратэя адчула нейкі жар, сцішылася. Ён павёў яе да стала і сказаў: “Давай пяройдзем на “ты”, добра?”

Яна кіўнула галавой. У атэль ішлі ціхія, але адчувалася, што славутая іскра праляцела між імі. На развітанне Атон пацалаваў яе і нагадаў, што будзе чакаць заўтра на пляжы.

Даратэя спала добра, сама потым не верыла, думала, што не засне доўга ад перажытага. Паснедала і накіравалася да мора, зеленаватыя хвалі якога ўжо прынялі першых купальшчыкаў. Да яе падышоў Антон, радасна павітаўся і размясціўся побач. Загаралі, потым пайшлі ў ваду.

— А давай спаборнічаць, хто далей заплыве? — прапанавала Даратэя.

Мужчына спачатку прамаўчаў, бо ведаў свае сціплыя магчымасці. Але не пасаваць жа перад каханай жанчынай. А што ён закахаўся, быў упэўнены. Згадзіўся, і яны паплылі. Даратэя лёгка і прыгожа рассякала хвалі, і ўжо абагнала Антона, абярнулася і падахвоціла:

— Даганяй!

Ён стараўся, але ў нейкі момант адчуў, што сілы слабеюць, а потым  зусім спыніўся і пайшоў на дно. Галава яго схавалася пад вадой, побач плыў мужчына і закрычаў:

— Чалавек тоне!

Даратэя рэзка абярнулася і хутка паплыла назад. Яна нырнула, але безвынікова. Вынырнула, набрала паветра і зноў пад ваду. Там яна ўхапіла Антона за валасы і пацягнула за сабой наверх. Тут падаспеў незнаёмы мужчына і дапамог. На беразе жанчына зрабіла Антону штучнае дыханне, прыбег выратавальнік. Усё закончылася добра. Стомленая Даратэя села побач. Яе хвалілі, захапляліся. Антон, устаўшы, пацалаваў ёй руку і прамовіў:

— Мне сорамна, што я слабы плывец.

— Ну што ты, — запярэчыла выратавальніца. — Такое здараецца нават з выдатнымі плыўцамі. Нічога, цяпер усё ў парадку.

Пасля таго выпадку Антон яшчэ больш палюбіў Даратэю, яна была німфай, русалкай, дужай і адначасова пяшчотнай. Яны гулялі вечарамі, ён чытаў вершы і прызнаўся ў каханні. А яшчэ прачытаў дзіўнае: — Я разлюблю цябе тады, калі сляпы мастак намалюе гук пялёстка ружы, што падае на крыштальную падлогу замка, які не існуе.

Жанчына была ў захапленні і спытала:

— Ты сам прыдумаў?

— Не, я прачытаў у адной кнізе,  мне спадабалася, і гэта прысвячаю табе.

З курорта яны паляцелі разам, для чаго Антон памяняў білет. У Мінску Даратэя пазнаёміла яго з сынам і мамай. Мужчына папрасіў у маці рукі яе дачкі-прыгажуні. Тая згадзілася, і шчаслівыя маладыя адкрылі шампанскае. Антон усхвалявана сказаў:

— За цёплую Турцыю, што падарыла мне самую лепшую жанчыну! Бо, як сказаў паэт, “И прелести твоей секрет разгадке жизни равносилен!”

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!