Меню
Курс $  3.28 | €  3.48 | ₽100  3.26 |
Погода 2 °C

У Мінскай вобласці стартаваў унікальны праект «Міншчына дзівосная»

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 02.11.2018

Ён запушчаны ўпершыню і не мае аналагаў у Беларусі.

Сутнасць яго ў тым, каб звярнуць увагу жыхароў і гасцей на самабытнасць традыцый, культуры, унікальнасць месцаў і аб’ектаў цэнтральнага рэгіёна. Здавалася б, яны даўно знаёмыя, але пры больш уважлівым падыходзе да іх адкрываюцца новыя факты і цікавыя старонкі. Міншчыне ёсць чым ганарыцца. І найперш — людзьмі, якія штодзённай працай праслаўляюць свой край.



— У кожны рэгіён вобласці плануецца выезд прадстаўнікоў тэлебачання, радыё, друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, якія будуць сустракацца з жыхарамі, знаёміцца з гістарычнай, прыроднай, культурнай спадчынай, людзьмі, якія праславілі Міншчыну. Хтосьці з іх ужо адышоў у іншы свет, але аб іх памятаюць. Нехта жыве ў іншых гарадах і мясцінах, але нарадзіўся менавіта ў Мінскай вобласці. Напрыклад, вядомыя трансплантолаг Алег Румо і кардыяхірург Юрый Астроўскі. Сёння яны ратуюць жыцці людзей у Мінску, але мы хочам, каб усе ведалі, што іх малая радзіма — Міншчына, — расказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Святлана Баранок. — Мы далі падрабязны анонс пра кожны рэгіён у сродкі масавай інфармацыі. І думаю, журналісты пасля наведвання іх змогуць падзяліцца сваімі ўражаннямі з нашымі жыхарамі.

У Бярэзінскім раёне ў цэнтры рамёстваў створаны музей драўлянай лыжкі, дзе размешчана звыш 150 экспанатаў, а ў двары ўстановы размясцілі 23-метровы шэдэўр — самую вялікую лыжку ў свеце. Яе змайстраваў мясцовы ўмелец Яўген Осіпаў. У даўнія часы ў многіх вёсках Беларусі вясёлым абрадам «Цягнуць каляду на дуба» завяршалі калядныя святкаванні. Але толькі на Бярэзіншчыне ў вёсцы Новіны захавалі гэты абрад, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Традыцыі закладнога ткацтва працягваюць у вёсцы Семежава Капыльскага раёна, унікальную манеру выканання песень — у Любанскім, Старадарожскім раёнах, пляценне пояса — ва Уздзенскім раёне.

У Мінскай вобласці працуе шмат прадпрыемстваў, якіх больш няма ў Беларусі: БелАЗ, «Беларуськалій». «Штадлер» выпускае чыгуначны транспарт, «БелДжы» — аўтамабілі. У вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна знаходзіцца Цэнтр касмічнай сувязі. У раёне пахаваная беларуская святая блажэнная Валянціна Мінская, да якой прыязджаюць паломнікі з усяго свету. Месца пахавання з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Механічныя гадзіннікі Андрэя Мартынюка цалкам выраблены з дрэва і прызнаны ўнікальнымі ў многіх краінах свету. Вырабы рамесніка працуюць у сусветных гадзіннікавых цэнтрах — Швейцарыі і Германіі — і як бы звязваюць Дзяржынск з астатнім светам у часе і прасторы.

— Бясспрэчна, аб’ектаў для наведвання вельмі шмат — ад 20 да 50 у кожным раёне і горадзе Жодзіна. Гэты спіс, магчыма, будзе папаўняцца. І аб’ехаць усе, вядома, немагчыма, — адзначыла Святлана Баранок. — Але, мяркую, журналісты знойдуць тое самае важнае, значнае, чым адрозніваюцца рэгіёны паміж сабой, і змогуць гэта данесці да ўвагі людзей.

Гэты праект паслужыць не толькі асветніцкім мэтам, але і, на маю думку, дасць штуршок для развіцця турыстычнага патэнцыялу цэнтральнага рэгіёна.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

“Звязда”.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!