“Будзе хлеб на стале — значыць, будзе дастатак у доме”.
Прэзідэнт Беларусі
Аляксандр ЛУКАШЭНКА
(з выступлення
на рэспубліканскім
фестывалі-кірмашы
“Дажынкі-98”).
У 1996 годзе рэспубліканскія дажынкі святкаваліся ў Століне. У 1997-м — у Мастах. 4 жніўня 1998 г. Прэзідэнт краіны сваім распараджэннем абазначыў наступны адрас усенароднага свята працаўнікоў вёскі — наш старажытны Нясвіж. Гэта была значная, хвалюючая і наогул — цудоўная падзея. З удзелам Кіраўніка дзяржавы, іншых дзяржаўных афіцыйных асоб. І сабраліся на свяце працаўнікі палёў з розных куточкаў сінявокай Беларусі.
Выступаючы перад прысутнымі, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што зерне ў засеках і хлеб на стале заўсёды былі і з,яўляюцца меркай нашай працы, сімвалам дастатку ў кожным беларускім доме, і як бы ні супраціўлялася стыхія, Беларусь усё ж бу-дзе з хлебам. А сабралі ў 1998-м больш за 5 мільёнаў тон збожжа — амаль па 23 ц/га. Пераможцам спаборніцтва Прэзідэнт уручыў ключы ад легкавых аўтамашын.
З вялікай урачыстасцю, шанаваннем дажыначнага караваю, пераможцаў жніва і ўсіх хлебаробаў, з добрымі песнямі і задорнай музыкай праходзіла свята на гасціннай Няс-віжчыне. Ад Велічальнага круга на Ратушнай плошчы да сцэнічнай пляцоўкі ў парку — шырока, раздольна звінела свята. На яго прыехалі ансамблі “Песняры” і “Сябры”, “Крупіцкія музыкі” і “Бяседа”, “Купалінка” і “Жытніца”, “Ярыца” і “Мірскія музыкі”… Выставы народных рамёстваў… Шматлікія гандлёвыя рады… Было шумна, весела і радасна. Прытым, гасцей свята 18 верасня прымалі ўсе 15 сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Нясвіжскі раён заслужыў такое права, дзякуючы добрым дасягненням у сацыяльна-эканамічным развіцці. У 1998 г. ён другі раз запар выйшаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва на жніве. З кожнага гектара было сабрана па 34,7 ц збожжавых і зернебабовых культур, валавы намалот склаў 72 тысячы тон. Гэта сёлета з-за засухі вытворчасць збожжа толькі крыху перавысіла 100 тысяч тон, а дакладней — склала 100119 т. Былі ж і такія ўраджайныя гады, як 2012-ы (172,4 тыс. тон), 2014-ы (173,1 тыс. тон). А тады, 20 гадоў таму, мы са сваімі 72 тысячамі сталі лідарамі. Як відавочна расце вытворчасць, як мяняюцца да лепшага тэхніка і тэхналогіі! Наш раён на фестывалі-кірмашы “Дажынкі-98” быў узнагароджаны Ганаровым дыпломам, грашовай прэміяй і легкавым аўтамабілем. Прымаў узнагароду старшыня райвыканкама Уладзімір Дражын.
Пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва на жніве сярод гаспадарак стаў агракамбінат “Сноў”, дзе старшынёй у той час працаваў Міхаіл Карчміт. Тут з аднаго гектара намалацілі 52,4 цэнтнера збожжа, на 1 бала-гектар выйшла па 105 кг зерня. Сельгаспрадпрыемства атрымала Ганаровы дыплом і легкавы аўтамабіль.
Немалаважны і той факт, што прызёру рэспубліканскага і пераможцу раённага спаборніцтва старшаму камбайнеру Вячаславу Шарапу са “Снова” быў аказаны гонар уздымаць сцяг фестывалю-кірмашу “Дажынкі-98”. Вячаслаў Васільевіч на камбайне “Мега-218” убраў у той год 225 га, намалаціў 1111 тон збожжа. Завяршыўшы жніво ў сваёй гаспадарцы, хлебароб дапамагаў суседзям — ААТ “Новае жыццё”. На жаль, Вячаслаў Шарапа заўчасна пайшоў з жыцця, і мы сёння не маем магчымасці прывесці яго ўспаміны пра тую хвалюючую падзею. Наогул жа, ён уваходзіў у склад дэлегацый на многіх раённых, абласных і рэспубліканскіх дажынках. У 2002 г. атрымаў Падзяку Прэзідэнта краіны, імянны гадзіннік. У 2006 г. узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. У 2013-м — ордэнам Пашаны. Вячаслаў Васільевіч заўсёды ганарыўся высокімі адзнакамі сваёй працы, падкрэсліваў увагу дзяржавы да хлебароба.
Сярод вадзіцеляў пераможцам раённага спаборніцтва на жніве-98 стаў Антон Главінскі з агракамбіната “Сноў”. Ён таксама быў запрошаны на рэспуб-ліканскае свята, атрымаў тэлевізар. Далей былі іншыя гарады, дзе Антон Іосіфавіч прысутнічаў на такім мерапрыемстве, быў яшчэ адзін тэлевізар, іншыя памятныя падарункі.
— І святы гэтыя, што ладзіліся і ладзяцца для хлебаробаў, каб падзякаваць ім за добрасумленную працу, заўсёды за-стаюцца ў памяці, — кажа Антон Главінскі. Ён працягвае шчыраваць у сваёй гаспадарцы. Добры вадзіцель заўсёды запатрабаваны.
А як старанна гаспадары рыхтаваліся да свята! Людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту памятаюць, як Нясвіж ператварыўся ў суцэльную будаўнічую пляцоўку. Была зроблена рэканструкцыя Ратушнай плошчы і самой ратушы, абноўлены фасады шматлікіх адміністрацыйных і вытворчых будынкаў, жылых дамоў, школ, адрамантаваны вуліцы і тратуары, добраўпарадкаваны парк і стадыён. Прыхарошваліся і сельскія населеныя пункты. Што і казаць: агульнымі намаганнямі, за сродкі з розных крыніц і райцэнтр, і вёскі набылі новы выгляд.
Падчас “Дажынак” на Нясвіжчыне адбылася яшчэ адна памятная падзея. 19 верасня Прэзідэнт пасля ўрачыстасцей на Велічальным крузе на Ратушнай плошчы паехаў у эксперыментальную базу “Ганусава”, каб уручыць там ключы ад новага дома сядзібнага тыпу аднаму з лепшых камбайнераў гаспадаркі Юрыю Раманоўскаму. Сям’я Раманоўскіх і цяпер жыве ў гэтым доме.
У тыя дні паэт Паўлюк Прануза напісаў верш “Багаты каравай”, які мы сёння прыводзім на гэтых гістарычных старонках.
Багаты каравай
У нашых сэрцах — ні хмурынкі,
Хоць восень пачынае шлях:
Святкуе Беларусь дажынкі,
Дзень слаўны ў кветках,
у вянках.
Яго ніколі не забыцца,
Не можам прыгадаць такіх.
Нясвіж — раённая сталіца —
Гасцей прымае дарагіх.
Ён стаў святлейшым,
прыгажэйшым.
Смех, песні, музыка гучаць,
Хачу яго я сціплым вершам
З такой нагоды прывітаць.
“Дзень добры!” — чуецца. —
“Здарова!
Такая слаўная пара!” —
То хлебаробы з Магілёва,
З Палесся, з Міншчыны, з Міра…
Даяркі, аграномы, цеслі…
Гаспадары сваёй зямлі.
А колькі маладосці ў песнях!
Яны настрой наш узнялі.
Год умалотны, ураджайны:
Папрацавалі землякі.
Адпачываць пайшлі камбайны —
Нястомныя працаўнікі.
Табою, край мой, ганаруся.
Мужней і ў радасці спявай.
На стол любімай Беларусі
Кладзём багаты каравай.
А верш “Дажынкі” нарадзіўся ў мясцовага паэта Уладзіміра Богдана пасля святкавання. Мы сёння яго таксама друкуем.
Несвіжанкі — мясцовая паэтка Аліна Маркевіч і самадзейны кампазітар Марыя Чарніковіч — да свята “Дажынкі-98” выдалі ў Нясвіжскай друкарні невялікую кніжачку “Нясвіжчына — жамчужына стагоддзяў”. У ёй сабраны іх вершы і песні аб роднай зямлі.
Золата важкага коласа, шурпатыя далоні нястомнага хлебароба, духмяны каравай, паважліва пакладзены на вышыты беларускі ручнік — усё гэта заўсёды знаходзіла і знаходзіць водгук у творчых, рамантычных душах…
20 гадоў мінула з тае пары. Вырасла новае, маладое пакаленне хлебаробаў. Маладыя людзі, беручы добры прыклад з бацькоў, са старэйшых таварышаў, упэўненай рукой трымаюць сёння штурвал камбайна ці руль аўтамабіля і ўпісваюць новыя старонкі ў гісторыю Нясвіжчыны. Вось, напрыклад, у 98-м удзел у рэспубліканскіх дажынках браў і Валянцін Міклашэвіч з агракамбіната “Сноў” (ён 35 гадоў адпрацаваў вадзіцелем у гаспадарцы да выхаду на пенсію). А сёлета мы з гонарам называем імя яго сына Дзмітрыя Міклашэвіча, які ў тым жа “Снове” ставіць новыя рэкорды на жніве і сёлета выйшаў на першае месца ў раёне на перавозцы збожжа ад камбайнаў.
— Дзімка ў нас малайчына, — задаволены Валянцін Іванавіч. — Дастойна працягвае сямейную дынастыю. Яго дзядуля, мой бацька Іван Канстанцінавіч, таксама працаваў шафёрам у нашым калгасе, ездзіў на аўтама-білі “ЗІЛ”, перавозіў збожжа.
Залатымі снапамі, велічальнымі песнямі ў гонар нястомнага хлебароба ўваходзяць у наша жыццё дажынкі. Кожны год яны звіняць па сінявокай Беларусі, як звініць цяжкае, налітае калоссе на збожжавай ніве.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Здымкі з архіва рэдакцыі
і фондаў Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага
музея.
ДАЖЫНКІ
Не раз пад Нясвіжам
быў вораг разбіты,
Мужык жа мясцовы
быў лёсам забыты,
Яго рабавалі чужыя салдаты,
Як правілі тут
Радзівілы-магнаты.
Цяпер жа прыгожы
наш горад-музей
Для нашых унукаў
і нашых дзяцей.
Блішчаць тратуары
і нават сцяжынкі.
Тут справілі ўсёй Беларусі
дажынкі.
Былі ў нас госці і з Мінска,
і з Брэста.
Для ўсіх іх хапіла і ежы, і месца.
Мы ведаем: слаўны
Нясвіжчына край,
Тут Прэзідэнт,
завітаўшы на свята,
Уручаў падарункаў
працоўным багата.
I ў гэтым заслуга,
шаноўныя, ваша.
Няхай жа квітнее
рэспубліка наша!
1998 г.