Меню
Курс $  3.29 | €  3.46 | ₽100  3.34 |
Погода 2 °C

Як у дзіцячым яслях-садзе № 4 г. Нясвіжа роднаму слоўцу вучаць

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 10

Пост опубликован: 08.05.2018

Хто з нас не ведае, як мамы спяваюць над калыскай дзіцяці: “Люлі, люлі, прыляцелі гулі, селі на балота ў чырвоных ботах. Спі, маё дзіцятка, спі ты бесклапотна…”. Песня матулі на роднай мове пакідае шчымлівы ўспамін на ўсё жыццё, і так хочацца, каб цяперашнія хлопчыкі і дзяўчынкі ведалі і паважалі сваю мову, мову лясоў і палёў, Коласа і Купалы, у якой закладзены і мацярынская пяшчота, і любоў да радзімы, нашай Беларусі. А ўсё пачынаецца з маленства, калі чалавек вучыцца бачыць і захапляцца, дзівіцца і радавацца. Такія пачуцці развіваюцца ў дзіцячым садзе, дзе вучаць добраму і светламу. Менавіта таму Станіслава Георгіеўна Вальчык наважылася весці ў дзіцячым яслях-садзе № 4 г. Нясвіжа “Караблік дзяцінства” гурток “Роднае слоўца”. Яе падтрымала загадчык установы В.І. Пуляк, чалавек крэатыўны і нераўнадушны. І вось ужо каторы месяц Станіслава Георгіеўна кожны ты-дзень прыязджае ў Нясвіж, каб вучыць (да таго ж — на грамадскіх пачатках) выхаванцаў роднай мове, нагадваць тыя словы, якімі карысталіся іх бабулі і прабабулі.



— Вяду заняткі ў сярэдняй групе, — расказвае С.Г. Вальчык. — Гэта дзеці 4-5 гадоў, таму пачынала з простага — прывітанняў па-беларуску “Добры дзень!”, “Калі ласка”, “Добрай раніцы”. Каб дзеткі лепш разумелі, разам з імі рыхтуем нагляднасць. Напрыклад, выразаем з паперы зорачкі, месячык, а пасля называем іх  па-беларуску. Падобна  і з рэчамі: бяром рукавічкі, пальчаткі, іншае адзенне і даём адпаведныя назвы.  Галоўнае, што мае маленькія вучні праяўляюць цікаўнасць, усе да аднаго стараюцца прамовіць-паўтарыць новыя для іх слоўцы. Асабліва дае эфект гульнёвая форма заняткаў: паравозік, фізкультхвілінка, тэматычны  карагод. Вучым назвы грыбоў і раслін, жывёл і птушак. Тут жа падкрэсліваю, што трэба берагчы прыроднае багацце радзімы, паважаць людзей, якія наводзяць парадак у лесе ці ля дому. Прыемна, што выхаванцы слухаюць і дружна пагаджаюцца.

Пахвальны энтузіязм Станіславы Георгіеўны. Яна па спецыяльнасці географ, вучыла ў школе і гісторыю,  апошнія дваццаць гадоў працы ў школе была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Як сапраўдны інтэлігент,  любіць родную мову, узорна ёю валодае, усведамляе яе фундаментальную  ролю  для народа, таму і стараецца перадаць гэта багацце новаму пакаленню. І без усякіх матэрыяльных заахвочванняў, адна патрэба і жаданне — зрабіць добрую справу. А дома Станіслава Георгіеўна прадумвае, як цікавей правесці наступныя заняткі. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра рэчы, яна паказвае дзецям невялікую шкатулку і нагадвае, што такой формы (толькі большых памераў) былі ў вёсках куфры, дзе складвалася адзенне. Словам, ва ўсім ёсць практычная скіраванасць, сітуацыйныя моманты, што дазваляе дзеткам лягчэй засвоіць матэрыял. Настаўніца нагадвае ім, што трэба і дома называць знаёмыя прадметы на роднай мове, у магазіне ці на вуліцы. Важна, каб і бацькі не забываліся гаварыць з сынамі ці дачушкамі на мове сваіх продкаў, падтрымлівалі высакароднае пачынанне, замацоўвалі ў сямейных стасунках матэрыялы заняткаў, вучыліся разам, усёй сям’ёй. Не так гэта і складана, варта захацець.

Станіслава Георгіеўна вучыць дзяцей ашчадным адносінам да хлеба, паводзінам за сталом — такая навука спатрэбіцца ў жыцці кожнаму. А народныя прымаўкі абагачаюць розум юных, развіваюць яго. І што важна — усё, дадзенае на занятках па беларускай мове, спатрэбіцца ў школе, а пазней, магчыма, хтосьці пажадае звязаць сваё жыццё з беларускім мова-знаўствам. Лягчэй будзе паступаць на адпаведны факультэт. Недарэмна людзі кажуць, што навуку за плячыма не носяць. Прывітае з дзяцінства застаецца надоўга ў памяці. Ды і ўменне шанаваць сваю мову — адна з лепшых якасцей чалавека, які паважае і любіць Радзіму. І задача выхавацеляў — падтрымаць гэта імкненне, крануць маленькія сэрцы, каб яны адгукнуліся. Ці ёсць зрухі ў справе навучання?

— Так, ужо праглядваюцца, — гаворыць Ста-ніслава Георгіеўна. — Дзеці вітаюцца на роднай мове, развітваюцца і дзякуюць. І сустракаюць мяне больш прыязна, чым спачатку, я бачу радасць у іх вачах. З разуменнем ставіцца і Вольга Іванаўна, загадчык сада, запрашае мяне на святы ці ранішнікі. І я адчуваю сябе ў гэтай атма-сферы ўтульна. Стараюся ўдасканальваць сваю работу, знаходжу найлепшыя вершы на роднай мове, хачу, каб дзеці адчулі яе напеўнасць і прыгажосць. Спадзяюся, што мае намаганні перадаць ім любоў да беларускай мовы будуць мець добры водгук.

Няхай збудзецца добрая мара патрыёткі з Карцэвіч, жанчыны неабыякавай, натхнёнай і паслядоўнай, якая знайшла сваю адметную і светлую сцяжыну.

Станіслава Георгіеўна кіруе адной з суполак таварыства беларускай мовы на Нясвіж-чыне. У сакавіку на адным з пасяджэнняў яна правяла дыктант, прысвечаны юбілею Паўлюка Пранузы. А ў вольны час любіць спяваць, з поспехам выступала на сцэне раённага цэнтра культуры. Наперадзе ў яе многа цікавых спраў і знаходак.

Раіса Хвір,

г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!