Умілаваныя ў Хрысце
Пану Браты і Сёстры!
Дарагія несвіжане
і жыхары раёна!
Як кожны год, Велікодныя святы напаўняюць радасцю нашыя сэрцы. Мы ўвесь час нанова перажываем найважнейшую праўду хрысціянскай веры: Хрыстос Уваскрос! У Яго муках, пакутах і смерці на крыжы Бог аб’явіў нам таямніцу сваёй бясконцай любові да кожнага чалавека. Моц гэтай любові мы бачым ва Уваскрэсенні, калі Адзінародны Божы Сын перамагае смерць і адорвае нас паўнатой новага жыцця.
Ва ўрачыстасць Уваскрэсення Пана я жадаю ўсім вам, дарагія вернікі, глыбокай веры. Няхай яе святло дапамагае вам адкрываць сэнс усяго, што сустракаецца на вашым шляху, а таксама распазнаваць прысутнасць Уваскрослага Хрыста ў слове Добрай Навіны, у ласцы Божай і ў асобе іншага чалавека.
Няхай Езус Хрыстус адорвае вас сваімі шчодрымі дарамі і робіць здольнымі даваць сведчанне сваім штодзённым жыццём, дзелячыся з бліжнімі радасцю Евангелля.
Няхай Найсвяцейшая Маці выпрошвае для вас ласку вернага і адважнага імкнення за Уваскрослым Хрыстом па дарозе веры, надзеі і любові.
Жадаю ўсім бласлаўлёных, поўных радасці і спакою, апрамененых надзеяй свят Уваскрэсення Пана! Гэтыя пажаданні хачу шчыра адрасаваць не толькі каталікам і іншым хрыс-ціянам, якія святкуюць Хрыстова Уваскрэсенне 1 красавіка, але і хрысціянам, якія будуць святкаваць гэта Свята праз тыдзень.
Хрыстос Уваскрос!!! Сапраўды Уваскрос!!!
Пробашч Рымска-Каталіцкай парафіі Божага Цела ў Нясвіжы,
дэкан Нясвіжскага дэканата, ксёндз-канонік Пётр Шарко.