У гэтым годзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2017” сабраў у памаладзеўшых, абноўленых Смалявічах пераможцаў жніва з усёй Мінскай вобласці — механізатараў, вадзіцеляў, аператараў збожжасушыльных установак, спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак.
Прыемна адзначыць, што і сёлета, як і раней, наш раён узгадваўся самым добрым словам і на абласным, і на рэспубліканскім узроўні. Так, Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, значны ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Мінскай вобласці і дасягненне высокіх паказчыкаў ва ўборцы ўраджаю 2017 года атрымаў старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко. Яму таксама была ўручана ўзнагарода, якой удастоены раён — Дыплом пераможцы рэспублікан-скага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”.
Нагадаем, што на Міншчыне наш раён паказаў самую высокую ўраджайнасць — больш за 65 ц/га — і першым у вобласці завяршыў уборку збожжавых.
Падзяку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, значны ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Мінскай вобласці і дасягненне высокіх паказчыкаў ва ўборцы ўраджаю 2017 года атрымаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыня праўлення СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалай Радаман.
Дыпломам пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу па землекарыстанні высокай культуры земляробства было таксама адзначана ААТ “Нясвіж-скія Астроўкі”, які атрымаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Васіль Халопіца. Такую ж узнагароду атрымаў і Сноўскі сельскі выканаўчы камітэт, які ўзначальвае Галіна Карпей.
На святочную сцэну таксама падымаліся пераможцы ў абласным спаборніцтве на жніве сярод сваіх падраздзяленняў: галоўны інжынер СВК “Агракамбінат Сноў” Ігар Бейня і старшы аператар збожжасушыльнага комплексу ААТ “Гарадзея” Іван Яцкевіч, а таксама сямейная дынастыя Заяц з СВК “Агракамбінат Сноў”, пра якую “НН” пісалі ў №79 ад 6 кастрычніка. Асобныя віншаванні прынялі таксама ўладальнікі другіх месцаў у сваіх катэгорыях: старшы камбайнер маладзёжнага экіпажа СВК “Агракамбінат Сноў” Андрэй Вялічка і вадзіцель ДП “ЭБ “Свеклавічная” Генадзь Янкоўскі.
Для герояў гэтага дня было створана сапраўднае свята — шматколернае і шматгалосае, добры ўклад у якое ўнеслі і работнікі культуры нашага раёна. Канцэрт на галоўнай сцэне завяршыла сумеснае выступленне народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Зараніца”, узорнага ансамбля гарманістаў “Аношкаўскія музыкі” і народнага ансамбля “Нясвіжскія лыжкары”, у якім кожны калектыў паказаў сваё майстэрства і адцяніў майстэрства другіх. А ў “Горадзе майстроў” можна было палюбавацца на вырабы майстроў народнай творчасці Алены Івахнінай, Наталлі Богуш, Вікторыі Лукашэвіч, Алега і Наталлі Сабіч, Алены Віхровай, іншых удзельнікаў клубаў “Дыяменты нясвіжскага краю” РЦК і майстроў народнай творчасці РЦНТ, а таксама Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Вельмі весела і шматлюдна было ў гэты дзень і на Маладзёжнай пляцоўцы, арганізаванай Мінскім абкамам ГА «БРСМ». Тут захоплівалі ўвагу гледачоў яркія клоўны і загадкавыя мімы, якія не давалі гледачам засумаваць, уцягваючы іх у разнастайныя конкурсы. Праграма Нясвіжскага гарадскога маладзёжнага цэнтра была на гэтай пляцоўцы адной з самых цікавых.
Даўно вядома: хто ўмее працаваць, той умее і адпачываць — у гэтым пераканаліся ўсе ўдзельнікі абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2017” у Смалявічах. Напрыканцы свята “дажыначную” эстафету ўрачыста пераняў Мядзель, якому выпаў гонар прымаць праз год “Дажынкі-2018”.
Тэкст і фота Соф’і ЛЮБАНЕЦ