21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы, міжнародны дзень матчынай мовы — адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе.
Гэта яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і нам, беларусам. Менавіта сёння хочаццца звярнуцца да бацькоў дашкольнікаў. Чаму? На маленькім прыкладзе паспрабую даць адказ на гэтае пытанне. Восенню 2016 года нашы дзеці і бацькі былі запрошаны ў адну цудоўную ўстанову дашкольнай адукацыі — садок-будучыню. Вельмі прафесіянальныя педагогі і цудоўныя дзеткі сустрэлі нас цеплынёй і ветлівасцю. І вось, у час пры-вітання нашых дзяцей, а яно было падрыхтавана на беларускай мове, ад дзяцей гэтага садка я пачула наступнае : “Я ничего не понимаю! О чем они говорят?” Уяўляеце мой жах?! Тыя, на кім застанецца наша Беларусь заўтра, не разумеюць роднай мовы!
Шаноўныя бацькі, вы — першы транслятар мовы для свайго дзіцяці! Вы добра ведаеце, што родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назвалі яе роднай, калі лічыце яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых 74 працэнтаў, якія, па дадзеных апошняга перапісу, назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе — значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень размаўляйце са сваімі дзецьмі па-беларуску! Рашэннем педагагічнага савета, такім днём у нашым садку абраны чацвер. У гэты дзень, пачынаючы з прыёму дзяцей і заканчваючы працоўны дзень, усе работнікі і БАЦЬКІ размаўляюць з выхаванцамі на беларускай мове. Ранішняя зарадка пачынаецца з беларускай музыкі. Падчас усіх рэжымных момантаў дзеці знаёмяцца з беларускімі назвамі посуду, мэблі, адзення, прыродных з’яў, частак цела чалавека і многім іншым. На шпацырах, фізкультурных і музычных занятках выхаванцам прапануюцца народныя гульні рознай рухомасці, народныя песні, пацешкі, прыказкі і прымаўкі. Інфармацыя выхаванцам падаецца дазіравана, замацоўваецца на працягу некалькіх дзён і дапаўняецца новым матэрыялам.
Дома разам з дзецьмі вы можаце пачытаць ужо знаёмыя казкі Г.Х. Андэрсана на беларускай мове альбо беларускія казкі, дзе адлюстроўваецца побыт, культура і традыцыі беларускага народа. Такім чынам, мы фарміруем, напаўняем, актывізуем беларускі слоўнік нашых дзяцей, вучым слухаць нацыянальную мову, разумець і свабодна размаўляць на ёй.
Размаўляйце па-беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляйце па-нашаму, каб людзі бачылі вашу вернасць сваёй мове. Мова — жывая тканка, прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. А людзі, што служаць дзяржаве на адказных пасадах, вам дзякуй скажуць, бо будуць вучыцца ад вас і вашых дзяцей. А блізкія і далёкія суседзі адчуюць вашу самапавагу і будуць яшчэ больш вас паважаць.
Вольга ПУЛЯК,
загадчык ДУА “Яслі-сад №4 г. Нясвіжа
“Караблік дзяцінства”.